Юныя разумнікі і разумніцы спаборнічалі ў гульні "Што? Дзе? Калі?"

17 снежня ў цэнтры пазашкольнай работы сабраліся юныя разумнікі і разумніцы з усяго раёна, каб бліснуць інтэлектам на раённым этапе XIII абласнога завочнага турніру па гульні “Што? Дзе? Калі?”.


Удзел у інтэлектуальным спаборніцтве прынялі сямнаццаць каманд – шаснаццаць школьных і адна – цэнтра пазашкольнай работы. Гімназію №1 прадстаўлялі дзве каманды: у турніры рызыкнулі паўдзельнічаць не толькі старшакласнікі, але і іх малодшыя таварышы, якія стойка трымаліся і “бралі” вельмі складаныя пытанні. Але пра ўсё па парадку.
Складаўся турнір з трох тураў, у кожным – па дванаццаць пытанняў. Дарэчы, пытанні аказаліся не з лёгкіх – і прыемна было бачыць, што на стол журы прыходзіла вялікая колькасць правільных адказаў. Хаця былі і “труны” – пытанні, якія не ўзяў ніхто. Так, ніхто не ведаў, што самы вядомы псеўданім Пушкіна – І.П. Белкін. Таксама ніхто не здагадаўся, што коска дапамагла сэканоміць купцу, які паабяцаў Богу ў хвіліну небяспекі ў выпадку пазбаўлення ад бяды “паставіць статую залатую, піку трымаючую” (паставіць статую, залатую піку трымаючую). Толькі Міхалішкаўская школа ведала, што для князя Пацёмкіна, які вельмі любіў ваенную музыку і патрабаваў, каб яна гучала моцна, у склад аркестра ўвялі незвычайна гучны “інструмент” – гармату. А гімназісты ўзялі пытанне пра французскі горад Грас, які славіўся сваімі вырабамі са скуры. Менавіта гэты горад стаў цэнтрам парфумерыі, бо неабходна было неяк ухіліць  непрыемны “водар” скуры, які панаваў усюды. Толькі каманда з Падольскай школы здагадалася, што мультгерой, які мае зорку на Алеі славы ў Галівудзе, а творы аб ім пераведзены на ўсе асноўныя мовы планеты, у тым ліку латынь і эсперанта, – гэта Віні Пух.
Увогуле пытанні былі вельмі цікавыя, рознабаковыя, а часам нават і павучальныя. Так, некаторыя гаспадарлівыя вучні здагадаліся, што “нажыць шмат грошай – храбрасць, умела траціць – мастацтва, а захаваць іх – ... мудрасць”. Можна было даведацца, што зусім нядаўна спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА папоўнілі танец фламенка, кітайскі метад іголкаўколвання і французская кухня. А Дайсукэ Іноуэ атрымаў Прэмію Міру за вынаходніцтва спосабу, які дазваляе людзям вучыцца цярпімасці адзін да аднаго. А вынаходніцтва гэта – караоке.
Ігра была цікавай і напружанай. Усе рабяты хваляваліся, і кожны марыў пра перамогу. І вось – хвалюючы момант. Балы падлічаны, і журы аб’яўляе пераможцаў турніру. На трэцім месцы аказаліся разумнікі і разумніцы з каманды з гаваркой назвай “Вікторыя” Альхоўскай СШ. На другую прыступку ўзняліся “Усёзнайкі” з Кямелішкаўскай школы. А перамогу атрымалі выхаванцы Г.В. Унуковіч – каманда “Спектр” цэнтра пазашкольнай работы (на здымку). Малайцы, рабяты! Усе каманды-пераможцы атрымалі граматы, а таксама кнігі “Памяць”.


Вольга ШОЎКУН.