Юные путешественники Островетчины отдохнули в лагере под Ольховкой
На працягу 9 дзён з 17 па 25 чэрвеня паблізу Альхоўскай школы працаваў профільны палатачны летнік “Вандроўнік”. Дваццаць школьнікаў з Міхалішкаўскай, Альхоўскай, Гудагайскай, Гервяцкай і Варнянскай школ “зляцеліся” пад Альхоўку, каб весела і з карысцю правесці час.Падобны летнік арганізоўваўся ў нашым раёне ўпершыню. Некалькі гадоў назад палатачны лагер ужо існаваў у раёне, аднак спецыфіка яго была крыху іншай. На гэты раз у летнік прыехалі выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія на працягу года наведвалі гурток “Турызм і спартыўнае арыентаванне”, што працаваў на базе Міхалішкаўскай школы пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Святланы Іванаўны Мацкевіч, а таксама школьнікі з іншых школ раёна, якім ідэя пажыць у палявых умовах і пазаймацца спортам і турызмам прыйшлася даспадобы.
І вось палатачны летнік разбіты, побач у школе на ўсялякі выпадак размясцілі ложкі, каб падчас дрэннага надвор’я дзеці перайшлі ў сухія памяшканні. І трэба сказаць, што зроблена гэта было недарэмна – падчас дзіцячага адпачынку адну ноч юным турыстам усё ж такі давялося правесці ў школьных пакоях – адпачынку ў палатках перашкодзіў дождж.
За дзевяць дзён юныя турысты паспелі зрабіць многае. Аднадзённы паход у міжнародны алімпійскі дзень, калі школьнікі прадэманстравалі стойкасць і вынослівасць у хадзьбе на вялікую адлегласць, навыкі плавання і ўменне весела правесці час; сустрэча з супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях, калі выратавальнікі прыехалі на пажарнай машыне з неабходным абсталяваннем і дазволілі вучням правесці баявое разгортванне; ваенна-палявая гульня “Зарніца”, арганізаваная пры падтрымцы ваеннаслужачых пагранічнай заставы “Лоша”; спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, “Рабінзанада”, “Зялёная пятка”, “Хвіліна славы”, паездка на Янаўскае вадасховішча і нават запуск ракеты, ажыццявіць які ўдалося пры падтрымцы педагога дадатковай адукацыі, кіраўніка гуртка авіямадэлявання з горада Гродна Аляксандра Мікалаевіча Ліпая і шэраг іншых цікавых і карысных мерапрыемстваў чакалі школьнікаў у летніку.
– Пачынаць любую справу вельмі складана. Цяпер можна сказаць, што ўсё атрымалася так, як і задумвалася. Старшая выхавальніца Віялета Эдуардаўна Бранцэвіч разам з педагогамі Людмілай Вячаславаўнай Лаздоўскай, Чаславай Віктараўнай Сідарэвіч, інструктарам па фізічнай культуры Юрыем Раманавічам Саўко, медыцынскай сястрой Зояй Мікалаеўнай Корзун і супрацоўнікамі Альхоўскай школы Марыяй Іосіфаўнай Ляховіч, Ірынай Іосіфаўнай Сальмановіч, Уладзімірам Уладзіміравічам Ляховічам, Юліяй Аляксандраўнай Балдэску, якія арганізоўвалі цікавыя мерапрыемствы і наш быт, варылі смачныя сняданні, абеды і вячэры і ўвогуле рабілі ўсё, каб дзеці добра адпачылі і цікава правялі час, – гаворыць начальнік летніка Святлана Іванаўна Мацкевіч.
І хаця ў летніку сабраліся рабяты з розных школ, раз’язджацца не хацелася і многія выказвалі прапанову ў наступным годзе зноў сустрэцца ў Альхоўцы.
Хочацца спадзявацца, што так і будзе!
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
