Юные островецкие физики стали лучшими на областном турнире
З 2009 года ў Гродна праходзяць Турніры юных фізікаў, сваеасаблівыя баі школьнікаў, аматараў гэтай дысцыпліны. Менавіта тады ўпершыню астравецкія школьнікі сталі пераможцамі першых фізічных спаборніцтваў вобласці. На жаль, затым фартуна была не на баку астраўчан.
А канец мінулага года прынёс доўгачаканую “фізічную” перамогу камандзе гімназіі №1, у склад якой увайшлі адзінаццацікласнікі Віялета Шаўліс, Уладзіслаў Цярэшка, Аляксей Лушчыцкі і дзевяцікласнікі Сяргей Пуставы і Ігар Азевіч.
Паспяхова прадэманстраваўшы не толькі веды, але і ўменне апаніраваць саперніку і рэцэнзіраваць фізічныя задачы на раённым узроўні, гімназісты пачалі падрыхтоўку да абласнога турніра: рашалі тэставыя і эксперыментальныя задачы, вышуквалі неабходную інфармацыю, кансультаваліся са сваімі кіраўнікамі і вопытнымі настаўнікамі фізікі з іншых школ раёна.
І на абласным этапе каманда гімназіі №1 пад кіраўніцтвам Галіны Віктараўны Внуковіч і Леаніда Віктаравіча Казака паспяхова прайшла паўфінальныя выпрабаванні, выйшла ў фінал і, абагнаўшы сваіх сапернікаў, стала лепшай камандай Гродзенскай вобласці.
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.

