Як і дзе могуць адпачыць дзеці?

Вось-вось настане доўгачаканае лета – у дзяцей пачнуцца самыя вялікія канікулы, а ў бацькоў узнікнуць клопаты. Куды адправіць дзіця, каб было карысна і спакойна?
Арганізацыі летняга дзіцячага адпачынку прысвечана і наша гутарка з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі Уладзімірам Алегавічам Булавіцкім.


– Другі год пасля таго, як лагер “Ластаўка” быў перададзены на баланс аддзела адукацыі, менавіта яго спецыялісты арганізуюць дзіцячы адпачынак. Што ад гэтага змянілася?
– У цэлым мы задаволены тым, як летась прайшла аздараўленчая кампанія. Аддзел адукацыі  змог забяспечыць выкананне плана аздараўлення дзяцей. Магчыма, таму, што гэта нам бліжэй. А яшчэ таму, што калі ўклаў ва ўсё і душу, і спадзяванні, і грошы, то хочацца, каб усё атрымалася найлепшым чынам.
– У якім рэжыме “Ластаўка” будзе працаваць сёлета?
– Як і ў мінулым годзе, у летніку будзе арганізавана чатыры змены. Першая з іх пачнецца ўжо з 3 чэрвеня і прадоўжыцца 9 дзён. Гэта так званыя ваенна-палявыя зборы, якія пройдуць для юнакоў, што  закончылі 10 класаў. У мінулым годзе на гэтую змену мы запрашалі і дзяўчат, сёлета ад такой задумы адмовіліся.
Другая, трэцяя і чацвёртая змены будуць працаваць па 18 дзён: другая пачнецца з 15 чэрвеня, трэцяя – з 6 ліпеня, і чацвёртая – з 27 ліпеня. Падчас гэтых змен у “Ластаўцы” змогуць адпачыць дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.
Усяго за чатыры змены змогуць аздаравіцца 515 дзяцей: у першай змене – 95, у другой і трэцяй – па 150 і ў чацвёртай – 120 чалавек.
– Якія водгукі  вы атрымалі па аздараўленню дзяцей у мінулым годзе?
– Штогод мы праводзім анкетаванне дзяцей і іх бацькоў. Што датычыцца мінулага года, то і дзяцей, і бацькоў усё задавальняла. Адзіны мінус – побач з летнікам няма вадаёма для купання. У мінулым годзе мы стараліся часцей вывозіць дзяцей на ваду. Гэтую ж практыку будзем працягваць і сёлета. Многія прасілі абнавіць музычнае абсталяванне. Сёлета нам удалося вырашыць гэтую праблему: купілі два светлавыя прыборы, ультрафіялетавую лямпу, адрамантавалі тое-сёе з наяўнага  – дыскатэкі будуць шыкоўнымі.
– Зразумела, што адпачыць у “Ластаўцы” змогуць не ўсе школьнікі. Якія яшчэ летнікі з кругласутачным знаходжаннем будуць працаваць у раёне?
– Такіх два. “Алімпіёнік” размесціцца на базе Гудагайскай школы. Сюды прыедуць дзеці, у якіх ёсць пэўныя дасягненні на алімпіядах і прадметных конкурсах. Працаваць ён  будзе з 13 чэрвеня, за змену тут адпачнуць 25 юных талентаў. Гэта спецыфічны адпачынак: да абеду ў дзяцей праводзяцца заняткі, а пасля абеду – выхаваўчыя мерапрыемствы.
І традыцыйна на базе Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання будзе арганізаваны летнік для актыву вучнёўскага самакіравання і дзіцячых грамадскіх арганізацый. Адпачынак тут будзе наладжаны ў дзве змены. Першая пачнецца з 7 чэрвеня, а другая – з 1 ліпеня. Напаўняльнасць кожнай змены складзе трыццаць чалавек.
Калі скласці ўсе прыведзеныя лічбы, то атрымаецца, што  за лета ва ўсіх раённых летніках з кругласутачным знаходжаннем дзяцей  змогуць адпачыць 600 школьнікаў.
– А прышкольныя пляцоўкі сёлета таксама будуць працаваць?
– Канешне. Ва ўсіх школах, акрамя Быстрыцкай базавай і Рытаньскага НПК, арганізаваны аздараўленчыя летнікі з дзённым знаходжаннем дзяцей. Але гэта не азначае, што школьнікаў з Быстрыцы і Рытані мы пакінулі без увагі. Дзеці з гэтых школ будуць падвозіцца ў Трокеніцкую  школу і Падольскі НПК адпаведна. Сваю работу прышкольныя пляцоўкі распачнуць з 1 чэрвеня. За 18 дзён у іх аздаровяцца 610 дзяцей.
Яшчэ для 40 вучняў  з гімназіі №1 і СШ №1 г.п. Астравец, выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы на базе гэтых школ таксама будзе адкрыты летнік з дзённым прабываннем.
– Дзеці з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці-сіроты і інваліды змогуць адпачыць?
– Безумоўна. Сёлета такім катэгорыям дзяцей, як і ў мінулым годзе, будзе аказана падтрымка. Сродкі выдзелены з абласнога і раённага бюджэтаў. Таксама мы спадзяёмся на падтрымку грамадскіх арганізацый і разуменне кіраўнікоў прадпрыемстваў, што працуюць у нашым раёне.
Іншая справа, што некаторыя бацькі не жадаюць, каб іх дзеці ехалі ў летнікі. Тут ужо мы нічога не можам зрабіць.
– Ці запланаваны пуцёўкі ў абласныя і рэспубліканскія летнікі?
– Штогод нашы дзеці адпачываюць у іншых раёнах. Напрыклад, у летніку піянерскага актыву “Юнацтва” і абласным турысцка-краязнаўчым лагеры, якія размешчаны ў Гродна, абласным летніку “Навука” ў Азёрах  Гродзенскага раёна  і ў нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.  Так будзе і сёлета.
– А ўвогуле за лета шмат дзяцей зможа адпачыць?
– Згодна з планам аздараўлення,  1250 школьнікаў змогуць адпачыць у летніках рознага тыпу, якія будуць сфарміраваны ў нашым раёне.
– Адпачынак у летніках змогуць дазволіць сабе ўсе жадаючыя? Колькі будуць каштаваць пуцёўкі і дзе іх можна будзе набыць?
– Кошт пуцёвак у параўнанні з мінулым годам павялічыўся. Гэта і зразумела: змяніўся кошт харчавання, падрасла заработная плата настаўнікаў. Але цэны засталіся прымальнымі. Так, напрыклад, на прышкольных пляцоўках у залежнасці ад узросту дзіцяці кошт пуцёўкі будзе вагацца ад 30 тысяч да 57720 рублёў. Адпачыць у “Алімпіёніку” можна будзе за 155890 рублёў, адпачынак у “Вясёлцы” складзе ад 163 да 176 тысяч рублёў. А вось цэны на адпачынак у “Ластаўцы” будуць вагацца ад 110090 (абаронна-патрыятычная змена) да 186060 беларускіх рублёў для дзяцей 14-18 гадоў.
Па пуцёўкі неабходна звяртацца ў адну з арганізацый, дзе працуюць бацькі дзіцяці. У кожнай створаны камісіі па аздараўленню. Калі бацькі жадаюць адправіць сваё дзіця ў летнік, яны звяртаюцца ў камісію з  заявай і атрымліваюць пуцёўку. Па рашэнні камісіі можа быць аплачаны поўны кошт пуцёўкі або яго частка.  Так, у мінулым годзе працоўныя  калектывы аплацілі 319 пуцёвак, за 139 заплацілі бацькі дзяцей і 77 пуцёвак было набыта абласным і раённым бюджэтамі, грамадскімі аб’яднаннямі  для дзяцей, якім неабходна дзяржаўная падтрымка і абарона.
– Давайце ўявім такую сітуацыю: да некага прыехалі госці з іншай рэспублікі і хочуць, каб іх дзіця адпачыла ў нашай “Ластаўцы”. Што ім рабіць і куды звяртацца?
– Тут таксама ніякіх праблем не павінна ўзнікнуць. Бацькі гэтага дзіцяці змогуць набыць пуцёўку за поўны кошт, які вагаецца ад 468700 да 496060 рублёў. Звяртайцеся ў аддзел адукацыі або  непасрэдна да начальніка лагера, купляйце пуцёўку – і адпачывайце.
– Дзякуй за гутарку.


Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.