"Я – мама". Дайте детям быть собой
Часам мая двухгадовая дачка шкоднічае і паводзіць сябе не так, як мне хочацца. І я ўсё часцей стала задавацца пытаннем: як мне быць у такіх выпадках? Парады кшталту “крапівой па адным месцы” супярэчаць маім інтуітыўным паняццям аб выхаванні. Вось і вырашыла я звярнуцца да спецыялізаваных кніжак. Не для таго, каб “выдрэсіраваць” дачку і “зляпіць” ідэальнага чалавека, а каб знайсці адказы на хвалюючыя мяне пытанні. І сапраўды, некаторыя парады і ідэі з тых кніг, якія я пакуль асіліла – Ю.Гіперэйтар “Общаться с ребенком. Как?” и Е. Філаненка “Воспитание ребенка от 1 года до 3 лет. Перезагрузка”, – падаліся мне вельмі слушнымі і дапамаглі зрабіць высновы, якімі я спяшаюся з вамі падзяліцца.Істэрыкі – тыповая з'ява
Моцныя істэрыкі ў дзяцей да трох гадоў – тыповая з’ява. У дзіцяці шмат пачуццяў і мала магчымасцей свае эмоцыі перабароць. Бацькам варта навучыцца стойка успрымаць эмацыянальныя выбухі дзяцей і ні ў якім выпадку не рэагаваць на іх гэтак жа эмацыянальна – з нервовым крыкам і пагрозамі. Вы ж павінны быць прыкладам для малыша. Як ён навучыцца быць спакойным і ўраўнаважаным, калі мама сама ўпадае ў стан, блізкі да істэрыкі?
Аднак гэта не значыць, што варта патакаць капрызам, інакш дзіця хутка зразумее: калі паплакаць як мага гучней, то атрымаеш тое, што хочаш.
Псіхолагі раяць такую тэхніку паводзін падчас істэрыкі:
1. Аднесці дзіця туды, дзе няма сведкаў.
2. Проста быць побач.
3. Нічога не тлумачыць дзіцяці падчас істэрыкі.
4. Захоўваць спакой.
5. Не адмяняць забарону, з-за якой здарыўся эмацыянальны выбух.
Аднак самы лепшы спосаб справіцца з істэрыкай – папярэдзіць яе. Так, я не бяру дачку ў магазін, калі бачу, што яна стамілася. Ці, калі забарона не прынцыповая, даю ёй тое, што яна просіць да таго, як здарылася істэрыка.
Як правільна казаць «не»
Прачытаўшы ўсё гэта, можна зрабіць выснову, што некіруемае, капрызнае, сквапнае дзіця – нармальнае. А значыць, можна апусціць рукі і ўвогуле нічога не рабіць. Не! Безумоўна, правілы, абмежаванні, забароны павінны быць.
Дачка гуляла на дзіцячай пляцоўцы з дзяўчынкай, а тая абсыпала пяском усіх дзяцей. Бабуля гэтай дзяўчынкі не рэагавала на паводзіны ўнучкі. Я магу закрыць вочы і дазволіць дачцэ самой качацца ў пяску, аднак абсыпаць іншых – недазваляльна. Калі дачка пару разоў спрабавала так зрабіць, я затрымлівала яе руку і не дазваляла гэта зрабіць. Калі не дапамагала – мы збіралі рэчы і ішлі дахаты.
А што раяць псіхолагі? Як правільна казаць “не”?
- Улічвайце ўзрост дзіцяці. Падумайце, ці здольны ён выканаць забарону. Так, абмежаванні ў гульні накшталт: не садзіся ў пясочніцу, не бегай, не пэцкай рукі, не лезь на горку – маленькім дзецям цяжка выканаць. Гэта ўвогуле тармозіць іх актыўнасць.
- Забарон павінна быць няшмат, інакш яны хутка стануць пустымі словамі.
- Прапануйце альтэрнатыву: вялікі мяч тут кідаць нельга, давай пакачаем яго.
- Забарона павінна быць пастаяннай, і патрабаванні ўсіх дарослых павіны быць аднолькавымі. Інакш малышу будзе цяжка зразумець, чаму ў бабулі можна есці печыва перад абедам, а дома – нельга.
- Дзеці да трох гадоў не разумеюць слоў, забарона павінна суправаджацца жэстам – адвесці, прытрымаць руку ці спужаным крыкам (калі дзіця, да прыкладу, хоча выбегчы на дарогу) – такую мову малышы разумеюць лепш за ўсё.
- Забараняйце дружалюбным тонам, злы голас для дзіцяці – сігнал дрэнных адносінаў для яго.
«Жадзіна-гавядзіна»
З двух гадоў дачка стала “жадзінай” (хаця я б не ўжывала гэтае крыўднае слова). Праз гэта праходзяць усе дзеці – яны вучацца разумець, дзе “маё” і “не маё”, і спрабуюць прымяніць сваё разуменне на практыцы.
Важна разумець, што дзіця моцна перажывае, калі забіраюць яго цацкі. Што б вы адчулі, калі б, да прыкладу, чужы чалавек сеў у вашу машыну і паехаў катацца? Тое самае адчувае і дзіця, толькі яму больш складана справіцца са сваімі пачуццямі. Таму, калі ваш малыш расплакаўся, што ў яго забралі любімага мішку, не трэба называць яго “жадзінай” ці тлумачыць тое, што ён пакуль зразумець не можа. А што рабіць? Правільна – абараніць сваё дзіця і папрасіць вярнуць яго цацку.
Другая справа, што бацькам трэба вучыць дзетак дзяліцца – але не словамі, а ўчынкамі ці ўласным прыкладам.
Псіхолагі раяць:
- чытаючы кніжкі, звяртаць увагу дзіцяці на тыя моманты, калі героі дзеляцца чымсьці;
- хваліць дзіця за праяву шчодрасці і, напрыклад, патэлефанаваць і расказаць аб гэтым бабулі;
- калі прыходзяць госці, спытайце ў дзіцяці, з якімі цацкамі ён дазволіць ім пагуляць, а астатнія прыбярыце;
- няхай госці ці сябры па дзіцячай пляцоўцы прыносяць свае цацкі, каб было прасцей дзяліцца.
Юлія Гіперэйтар піша, што чым больш на дзіця сварацца, тым горшым ён становіцца.
Назіраю за дзвюма мамамі – іх дзеці катаюцца на арэлях. Першая мама лагодна: “Зайчык, трымайся ручкамі, каб не ўпасці!” – дзяўчынка спакойна ўзялася за парэнчы. Другая мама крычыць на свайго сына так, што нават мне, даросламу чалавеку, хочацца зрабіць наперакор: “Я табе што сказала? Трымайся вось так! Неслух! Як ты мне ўжо надакучыў”. Хлопчык раз-пораз адпускае рукі, саскоквае на хаду з арэляў. Як невядома, што было першым – яйка ці курыца, так цяжка вызначыць першым было невыноснае дзіця ці мама, якая пастаянна на яго крычыць?
Псіхолагі лічаць, што крык і пакаранне – самы неэфектыўны метад выхавання. Больш хваліце малыша за добрыя ўчынкі, нават калі гэта дробязі. Не перашкаджайце малышу самому апранацца – аднак абавязкова пахваліце за тое, што ён сам надзеў шкарпэткі.
Калі выражаеце незадавальненне, то канкрэтным дзеянням, а не малышом у цэлым. Нельга гаварыць: “Ты – пакаранне, а не дзіця! Як ты мне надакучыў!”.
Выкарыстоўвайце “я-паведамленні”. Замест “Ты зноў перапэцкаўся” скажыце “Я не люблю, калі дзеці перапэцканыя”, “Я вельмі хвалявалася за цябе”. Гаварыце аб сваіх пачуццях, а не чытайце натацыі. Мне здаецца, што гэты метад варта выкарыстоўваць у адносінах паміж усімі членамі сям’і. Згадзіцеся, нават нам, дарослым, непрыемна чуць “ты дрэнны”. Ад такіх слоў не хочацца станавіцца добрым.
Некіруемы – значыць, нармальны
Не трэба лічыць сябе дрэннай мамай, якая не ўмее выхоўваць сваё дзіця. Як і не трэба скардзіцца штодня сваім сяброўкам, што ў вас расце невыносны і непаслухмяны малыш, які ўсюды лезе, не слухаецца, закатвае істэрыкі, не можа ўсядзець на месцы, усё кідае ці цягне ў рот, бо нармальнае дзіця – менавіта такое. Яно пазнае свет. Гэта ўсяго толькі ўзроставыя асаблівасці і нармальныя з’явы ў працэсе развіцця. Вам проста трэба спакойна адносіцца да такіх паводзінаў і думаць перш за ўсё пра тое, як скарэкціраваць сітуацыю, каб ваша нервовая сістэма не псавалася.
Па-першае, ва ўзросце да трох гадоў у дзяцей лёгка пераключаецца ўвага, і гэтым трэба карыст ацца. Не варта процід зей нічаць малышу – проста пераключыце ўвагу на штосьці не менш для яго цікавае. Напрыклад, пастаўце яго на падаконнік – за акном столькі ўсяго захапляю чага.
Мая дачка не хоча пакідаць дзіцячую пляцоўку, пачынае пратэставаць і плакаць. Я не цягну яе сілком, а кажу: “У нас дома дзве новыя размалёўкі. Каго будзем размалёўваць – кацяня Гаў ці Чабурашку?”. “Кацяня Гаў”, – радасна крычыць дачка і згаджаецца пайсці дадому.
Па-другое, прасцей папярэдзіць нежаданыя дзеянні, чым з імі змагацца. Калі дзіця ўсё цягне ў рот – прыбярыце ўсе дробныя прадметы; суне пальцы ў разетку – купіце спецыяльныя заглушкі, “патрашыць” вашу сумку – пастаўце яе наверх, як і ўсе каштоўныя рэчы.
Можна прапанаваць альтэрнатыву. Напрыклад, ваш малыш пачаў рваць кніжкі. Не думаю, што доўгія натацыі тут дарэчныя, тым больш што малое больш цікавіць сам працэс. Дайце яму старыя журналы ці газеты.
Выхоўвайце не дзяцей, а сябе
Памятайце, што паводзіны бацькоў адлюстроўваюцца на паводзінах дзяцей. У істэрычнай мамы будзе капрызлівае дзіця, у трывожнай – баязлівае, бо яна не можа навучыць яго таму, чаго не ўмее сама. У агрэсіўных бацькоў дзіця не навучыцца кіраваць сваім гневам. Бацькі, пасіўныя ў інтэлектуальных і культурных адносінах, не выхаваюць дзіця з шырокімі інтарэсамі.
Псіхолаг і педагог Януш Карчак пісаў: “Ты сам – тое дзіця, якое перш за ўсё давядзецца выхаваць”.
Будзьце чэснымі
Калі паназіраць, колькі няпраўды дарослыя гавораць дзецям, становіцца незразумела, як дзеці ўвогуле вераць нам.
“Калі ты не супакоішся – пойдзеш дадому!” – як правіла, пагрозы застаюцца пустым гукам, і дзеці вучацца прапускаць вашы словы міма вушэй. І ў той момант, калі бацькі гавораць пра сур’ёзныя рэчы, давер да іх слоў ужо моцна падарваны.
А што ўжо казаць пра запужванне дзіця злым дамавым ці дзядзькам-міліцыянерам, які зараз яго забярэ. Усё гэта, на жаль, тыповыя прыёмы бацькоў, якія яны прымяняюць з пакалення ў пакалення, каб чагосьці дабіцца ад дзіцяці. Між тым запужванні могуць раніць дзіця. Я, да прыкладу, дагэтуль памятаю, як баялася класціся спаць у цемры, бо мяне напужалі нейкай нечысцю.
Беражыце пачуцці сваіх дзяцей! Нам, дарослым, гора малыша здаецца няважным і нават смешным. Аднак недаацэньваць пачуцці дзіця – значыць, неапраўдана раніць яго.
І галоўнае – любіце сваіх дзяцей! Любоў не распесціць, а зробіць іх гарманічнымі і шчаслівымі.
---------------------
Мама Полі.

