Я хочу в "Ласточку"!

Калега, якая  ўбачыла надпіс «Я  хачу, каб мяне пусцілі  ў «Ластаўку»,  была вельмі здзіўлена такім запаветным жаданнем дзіцяці. А дзеці  і сапраўды  штогод з задавальненнем праводзяць летнія канікулы ў летніку «Ластаўка», які  вось ужо колькі гадоў з'яўляецца адзіным стацыянарным летнікам, дзе адпачываюць школьнікі з усяго раёна.

Сёлета ў «Ластаўцы» арганізаваны  тры змены. Першая з іх была прысвечана патрыятычнаму выхаванню: тут адпачывалі і ўдасканальвалі веды па дапрызыўнай падрыхтоўцы дзесяцікласнікі з розных школ раёна і гудагайскія кадэты – для іх была арганізавана ваенна-патрыятычная змена «Дазор».
Здаецца, толькі нядаўна «Дазор» пакінуў «Ластаўку» – а ўжо і  другая змена завяршылася. На працягу 18 дзён тут пад апекай выхавальнікаў –  настаўнікаў  раёна – адпачывалі 127 школьнікаў, якія ў адпаведнасці з узростам былі раздзелены на чатыры атрады з  цікавымі назвамі: «Оба-на», «Кока-кола», «Шалёныя пчолкі» і «Крутышы».
Ды што там назвы! Атрадныя вугалкі, як  і памяшканні кожнага атрада, таксама былі аформлены адпаведна. Напрыклад, у атрадзе «Кока-кола» рабяты  гулялі ў шашкі, зробленыя з коркаў ад любімага дзецьмі напою, ды і дошка для шашак таксама была ў сімвалічны колер «кока-колы» –  чырвоная. Усё гэта мне, нездагадлівай журналістцы, растлумачылі дзеці. У кожнага – атрадная песня, дэвіз, крычалка – і ўсё завязана з назвай  атрада. Дзецям гэта вельмі падабаецца. І   не толькі гэта  –  яны наперабой расказваюць, што сёлета цікавага было ў лагеры:
–  За кожнае мерапрыемства нам давалі спецыяльныя наклейкі – хто іх набіраў больш за ўсіх, той атрымліваў падарунак... Мы ўдзельнічалі ў гульнях… І ездзілі ў лазню ў Астравец – так клёва… А яшчэ ў нас кожны дзень былі дыскатэкі…
Словам, для кожнага ў летніку знайшлася справа на яго густ.  Аб гэтым паклапаціліся дырэктар Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі і яго памочнікі. Сёлета старшай выхавальніцай другой змены была Алена Іванаўна Уласенка. Менавіта яна пастаралася спланаваць кожны дзень так, каб час,  праведзены ў летніку,  запомніўся рабятам надоўга і наступным летам яны зноў прыехалі сюды.
Дні знаёмстваў, творчасці, крэатыву, юных майстроў, народных традыцый, рыцарства, гумару, закаханых – час бег хутка. Адзінае, што не спрыяла адпачынку,  – гэта халоднае і дажджлівае надвор'е.
–  Нам вельмі падабаецца ў летніку,  – у голас сцвярджаюць Максім Бодак і Павел Субаткевіч з Астраўца. –  Тут весела. Прыязджаем у «Ластаўку» кожны год, часам нават два разы за лета. І ў наступным годзе абавязкова прыедзем сюды – тут класна!
Дзень у «Ластаўцы» пачы-наўся з васьмі гадзін раніцы, калі ўсіх клікалі на зарадку,  – але гэта дзяцей не палохала: яны ўпэўнены, што спорт садзейнічае ўмацаванню здароўя.
А потым праводзіліся забаўляльныя  мерапрыемствы, сустрэчы, атрадныя конкурсы… У дзяцей была магчымасць пагуляць у тэніс і шашкі, пазаймацца музыкай,  змайстраваць прыгожыя рэчы на занятках гурткоў і проста адпачыць у цішыні на ўлонні прыроды і на свежым паветры – і яны з задавальненнем карысталіся такой магчымасцю.
–  У свой час я не раз адпачываў у «Ластаўцы», –  расказвае студэнт ІІІ курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Сяргей Валер'евіч Ляўкевіч. –  Сёння я тут у новай ролі – выхальніка,  і мне гэта таксама падабаецца. Адзіны недахоп – гэта надвор'е, якое крыху псавала дзецям адпачынак. Аднак у летніку ніхто не сумаваў і не збіраўся ехаць дадому –  у плане   другой змены была вялікая колькасць мерапрыемстваў. Дзеці з задавальненнем у іх удзельнічалі, весяліліся і добра праводзілі час.
Былі задаволены  дзеці і харчаваннем, сцвярджалі, што ўсё смачна.
–  У летніку наладжана пяціразовае харчаванне, –  расказаў дырэктар Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі. –  Кожны дзень у рацыёне дзяцей былі фрукты, праводзілі абавязковую  вітамінізацыю страў. Прадукты паступалі  ад пастаўшчыка, таму яны заўсёды былі якасныя і свежыя.
… Ці шмат існуе рэчаў, якія могуць прынесці дзецям радасць на канікулах? Камп'ютар, планшэт, веласіпед… Усё гэта, канешне, прыносіць радасць. Але на думку многіх бацькоў (і большасць рабят з гэтым таксама згаджаюцца):  без адпачынку ў летніку цяжка ўявіць летнія канікулы і ўвогуле шчаслівае дзяцінства. Таму  многія школьнікі  штогод з задавальненнем змяняюць прывычны лад веласіпедна-камп'ютарнага жыцця на тры тыдні адпачынку з сябрамі ў летнім лагеры «Ластаўка»!










----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.