Высокие технологии оказались "по зубам" островецкому школьнику
Дыпломам ІІ ступені Парка высокіх тэхналогій узнагароджаны вучань 9 класа сярэдняй школы №1 Дзмітрый Крупнік.А пачалося ўсё яшчэ ў мінулым навучальным годзе. Дзесьці ў маі выкладчыца інфарматыкі сярэдняй школы №1 Ала Аляксандраўна Каржанок прапанавала сваім вучням прыняць удзел у рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе «Асоба ў гісторыі», арганізатарамі якога сталі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і адміністрацыя, і адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.
І школьнікі з задавальненнем узяліся за працу.
– Удзельнікам конкурсу неабходна было прадэманстраваць валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі. І, як паказалі вынікі, Дзмітрыю Крупніку гэта ўдалося, – расказвае Ала Аляксандраўна.
– Акрамя таго, удзельнічаючы ў гэтым конкурсе я даведаўся шмат цікавых фактаў пра знакамітых і малавядомых людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі, – працягвае Дзіма. – Нам прапаноўвалася вялікая колькасць фотаздымкаў, сярод якіх неабходна было адшукаць загаданую гістарычную асобу. І не заўсёды справіцца з заданнем было лёгка. Прыходзілася шмат часу праводзіць у інтэрнэце, каб спачатку зразумець, хто адлюстраваны на фотаздымку, а потым знайсці цікавыя факты пра гэтага чалавека.
Дарэчы, па ўмовах конкурсу яго ўдзельнікі штодзень маглі адсочваць свае вынікі на інтэрнэт-старонцы – і гэта, канешне, стымулявала школьнікаў да лепшага выніку.Дзмітрый Крупнік, акрамя таго, што з задавальненнем вывучае інфарматыку і матэматыку, з'яўляецца выдатнікам. Юнак ужо вызначыўся з будучай прафесіяй і марыць звязаць сваё жыццё з банкаўскай справай.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Дзмітрый Крупнік атрымаў Дыплом ІІ ступені за ўдзел у рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе «Асоба ў гісторыі» і электронную кнігу ад адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара
