Вырабы астравецкіх педагогаў будуць выстаўлены ў Гродне

Днямі зайшла ў цэнтр пазашкольнай работы – і адразу апынулася… Спачатку нават і не зразумела – дзе… У выставачнай зале, Доме творчасці ці ў казцы? Увесь пакой быў застаўлены вырабамі, выкананымі ў самых розных тэхніках. Работы з саломкі і тканіны, бацік, фларыстычныя кампазіцыі, карціны, вязаныя кручком – ад убачанага перахапіла дыханне.


Гэта ж колькі ў нас таленавітых педагогаў і дзяцей! Вось бы гэтыя вырабы ў выставачную залу! Каб іх змаглі ўбачыць усе, а не толькі вузкае кола членаў журы, якія з прадстаўленых работ выбіраюць тыя, што будуць накіраваны на абласны конкурс.
На гэты раз педагогі і выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы і школ раёна ўдзельнічалі ў двух конкурсах. У першым з іх – конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці пад назвай “У стылі этна-арт” – удзельнічалі толькі педагогі цэнтра А.М. Букель, Н.В. Рынковіч, В.В. Віннічак, Я.І. Мілаш і Н.А. Бялячыц. Усё гэта – людзі, захопленыя сваёй справай. Кожная – індывідуальнасць, і таму работы, выкананыя імі, былі зусім непадобнымі адна да другой. Цяпер цудоўныя вырабы астравецкіх педагогаў будуць выстаўлены ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.
У другім конкурсе фларыстычных пано “Восеньская журба па прайшоўшым леце” аўтарамі работ былі школьнікі. Тут і задача стаяла больш складаная – работу трэба было выканаць у транспарэнтнай тэхніцы. Калі не ведаеш, то і не зразумееш, што гэта такое. Як аказалася, усё вельмі проста. Работы, выкананыя ў транспарэнтным стылі, адрозніваюцца лёгкасцю і празрыстасцю. Не ўсе ўдзельнікі конкурсу гэта зразумелі. Таму ў фінал трапілі толькі работы, выкананыя вучнямі пад кіраўніцтвам усё тых жа педагогаў цэнтра пазашкольнай работы і настаўніка Варнянскага НПК В.В. Субаткевіч.


Алена ЯРАШЭВІЧ.