Выпускніца Варнянскай школы: "Час развітання"

1

…Ангеліна ў дзяцінстве марыла аб кар’еры ўрача, Вераніку  вабіла сцэна і яна хацела быць актрысай, а Яна — настаўніцай, Лёшу вельмі хацелася стаць пажарным, а  Леру цікавіла прафесія міліцыянера…


Мы многа чаго хацелі, шмат аб чым марылі, бо гэта было дазволена дзяцінствам. Магчыма, у некага былі яшчэ жаданні стаць касманаўтам, прэзідэнтам, лётчыкам…  Але зараз так проста марыць, без аб’ектыўнай ацэнкі сваіх здольнасцей, мы не можам, бо надышла сур’ёзная пара, калі кожны выпускнік апынуўся перад выбарам. Хтосьці вырашае гэта пытанне без асаблівых ваганняў, нехта доўга стараецца вызначыцца і  ўсё-такі робіць свой выбар, некаму, мабыць, дапамагаюць родзічы, сябры. Але, напэўна, кожны разумее ўсю важнасць і сэнс гэтага кроку, разумее, як шмат ад яго залежыць. Большасць, пэўна, вагаецца: маё ці не? Памыляюся  ці выбіраю правільна? Пашкадую ці буду задаволены?...Пытанні, пытанні, пытанні…
Апошні навучальны год, як ніякі іншы, праляцеў нерэальна хутка. Дзесьці гэта выклікае сум (без школы будзе цяжка, нязвыкла), дзесьці – страх (невядомае ў пэўнай ступені заўсёды палохае), а недзе і радасць (новае павінна быць цікавым)…
…А колькі ўсяго-ўсяго давялося перажыць у школе! Усе самыя яркія, непаўторныя моманты жыцця асацыіруюцца менавіта са школай. Усё часцей, седзячы з сяброўкамі-аднакласніцамі на перапынках, успамінаем: “ А помніш?”… А то!… Кожны памятае і першую двойку, якая выклікала столькі слёз, першую настаўніцу, дзіцячыя прыгоды ў малодшых класах, і як кахаліся Ксюша і Сяргей, як прыйшлі ў клас новыя вучаніцы, як сталі піянерамі, памятае і сваркі, непаразуменні, першую дыскатэку, сяброўства … Карацей, ёсць што ўспомніць, ды толькі ўспамінаецца з сумам…
А настаўнікі, адміністрацыя… Сказаць “дзякуй” — вельмі мала. Цяжка знайсці, падабраць патрэбныя словы, каб выказаць  словы ўдзячнасці  гэтым людзям.  Людзям, якія на працягу доўгіх гадоў былі разам з намі, падтрымлівалі, накіроўвалі, дапамагалі адкрыць сябе, свае  здольнасці, выпраўлялі... Яны вучылі нас не толькі матэматыці і фізіцы – рыхтавалі да жыцця, сапраўднага і складанага, што чакае нас за дзвярыма школы. За ўсё гэта мы, выпускнікі,  выказваем ім асаблівую падзяку. А яшчэ варта папрасіць прабачэння… За крыўды,непаслухмянства, заўвагі, за нявыкананыя хатнія заданні, няўважлівасць на ўроках, за ўсё тое, што магло вас расчараваць… Даруйце нам, ужо амаль зусім дарослым дзецям!
А самы дарагі і любімы чалавек у школе, якога мы пакідаем, – гэта класны кіраўнік. Хай на пачатку знаёмства былі цяжкасці, хай не заўсёды знаходзілі агульную мову і ад таго з’яўляліся непаразуменні. Але нельга перадаць словамі значэнне гэтага чалавека ў нашым жыцці, яго станоўчы ўплыў. Менавіта класны кіраўнік, як ніхто іншы, дапамог кожнаму з нас стаць такімі, якія мы ёсць зараз. Другая мама? Нехта, мабыць, палічыць банальным, але гэта сапраўды так. Спадзяюся, нікога не пакрыўджу, назваўшы ЯЕ імя… Ганна Мечыславаўна, Вы наша самая любімая, самая мудрая, самая разумная другая мама. Усё, чаго мы дасягнулі за апошнія гады, – Ваша заслуга. Дзякуючы Вашай навуцы, мудрасці і разуменню нялёгкага жыцця, мы сталі сапраўднымі людзьмі, грамадзянамі. Вы не проста  былі нашым класным кіраўніком, разумеючай сяброўкай, добрай дарадцай… Вы і ЁСЦЬ, і заўсёды будзеце! Дзякуй Вам за гэта!
… Міне, мабыць, шмат гадоў, і пра гэтыя бясконцыя, здаецца, ваганні, хваляванні буду ўспамінаць з усмешкай, думаючы: ну вось, Яна хацела стаць настаўніцай, а стала перакладчыцай з замежнай мовы, Ангеліна марыла аб кар’еры ўрача, а зараз  – эколаг, Вераніка прагнула сцэны, цяпер – філолаг, Лера хацела быць міліцыянерам – яна ім і стала… Мо знайсці сябе і будзе вельмі цяжка, але ж таго, зразумела, хочацца. Прыносіць карысць грамадству, быць запатрабаваным, а пры гэтым і самому атрымліваць асалоду – вось што важна. Хочацца спадзявацца, што менавіта  так і будзе.
І нягледзячы на ўсё, з намі заўсёды будуць  успаміны, бо школьныя гады, пэўна, самая шчаслівая і вясёлая пара ў жыцці, да якой, несумненна, яшчэ захочацца вярнуцца. Усё добрае некалі заканчваецца…
Вось і цяпер прыйшоў час сказаць “Бывай, школа”…


Эмілія КОМАР, выпускніца Варнянскай СШ.