"Выбирай.BY" пройдёт и в Островце
Першага ліпеня ў краіне стартаваў новы маладзёжны праект грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” “Адкрытыя дэбаты “ВЫБІРАЙ.BY”, дзе моладзь у форме дыскусій мае магчымасць абмяркоўваць пытанні і выказваць свой пункт гледжання на розныя тэмы. Цікавая і арыгінальная ідэя атрымала станоўчую адзнаку і падтрымку. І першыя дэбаты не прымусілі доўга чакаць: падчас урачыстага адкрыцця трэцяга працоўнага семестра на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на будаўніцтве аб’ектаў Беларускай АЭС каманды зводнага студэнцкага будаўнічага атрада абмеркавалі актуальныя праблемы студатрадаўскага руху. А нядаўна ў рамках семінара-практыкума ГА БРСМ “Наш год – наш выбар!” прайшлі адкрытыя дэбаты маладзёжных лідараў з усіх абласцей па тэме “Выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь”.Расказаць больш падрабязна пра гэтае мерапрыемства, падзяліцца ўражаннем ад праекта, а таксама паведаміць, як ён рэалізоўваецца на Астравеччыне, мы папрасілі першага сакратара райкама БРСМ Аксану Лазараву.
– На ваш погляд, што дае моладзі гэты праект?
– Па-першае, гэта цудоўная магчымасць паўплываць на выбар будучыні сваёй краіны – ці не гэта галоўная задача кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь? Нездарма ж аўтары праекта назвалі яго менавіта “ВЫБІРАЙ.BY”. Па-другое, гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі аратара, навучыцца па-майстэрску прыводзіць довады і аргументы, граматна і ўпэўнена адстойваць свой пункт гледжання і, галоўнае, адкрыта выказаць сваё меркаванне на розныя тэмы. Па-трэцяе, гэта проста вельмі цікавы праект: дэбаты праходзяць у форме дыскусій, а падчас дыскусій, як вядома, нараджаецца ісціна. Назіраць за гэтым – адно задавальненне.
– Вы прысутнічалі на адкрытых дэбатах “Выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь”, што праходзілі ў Круглай зале Нацыянальнай бібліятэкі. Падзяліцеся ўражаннямі.
– За сталом сабраліся дзве каманды: “Выбар маладых” – зборная маладзёжных лідараў Гродзенскай, Брэсцкай абласцей і горада Мінска, якую ўзначальваў першы сакратар Гродзенскага абкама Аляксандр Коўш, і каманда “Голас народа” – моладзь Магілёўскай, Мінскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей на чале з капітанам з Магілёва Паўлам Алексам. Вядучым выступіў палітолаг, публіцыст, галоўны рэдактар грамадска-палітычнага і навукова-палітычнага журнала "Беларуская думка" Вадзім Гігін, а ў ролі незалежных экспертаў – намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, старшыня ГА “Беларускі саюз жанчын” Надзея Ермакова, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў "Белая Русь", Федэрацыі прафсаюзаў, камуністычнай партыі Беларусі. Дэбаты праходзілі ў тры этапы: спачатку каманды прадставілі сябе і аргументавалі сутнасць сваёй назвы, затым прадстаўнікі кожнай па чарзе задавалі адзін аднаму пытанні, а ў апошнім этапе пытанні моладзі задавалі эксперты. Удзельнікі аналізавалі сучасную выбарчую сістэму, параўноўвалі яе з сістэмамі іншых краін, выказвалі свае прапановы і ідэі. Дыскусіі праходзілі дынамічна і цікава.
– А што запомнілася і ўразіла больш за ўсё?
– Было цікава назіраць, як апаненты літаральна за хвіліну знаходзілі зразумелыя і разумныя адказы, патрэбныя словы і прыклады, каб выразіць свае думкі. Было бачна, што ўдзельнікі хвалююцца, – і часам ім прыходзілася складана, але гэта лішні раз дэманстравала іх шчырасць і жаданне адстаяць сваё меркаванне. Гэта былі сапраўды жывыя, шчырыя і дынамічныя стасункі моладзі ў форме дыскусій, энергетыкай ад якіх зараджаліся не толькі ўдзельнікі, але і прысутныя.
– Праект пачынае набіраць абароты ў розных рэгіёнах краіны. Ці будуць праходзіць адкрытыя маладзёжныя дэбаты ў Астраўцы і якая тэма можа стаць аб’ектам дыскусіі?– Канешне, адкрытыя дэбаты “ВЫБІРАЙ.BY” пройдуць і ў нас. Мы плануем правесці іх у верасні. З тэмай пакуль канчаткова не вызначыліся, бо існуе шмат варыянтаў. Пастараемся выбраць цікавую і актуальную для нашага раёна. Дарэчы, магчыма, такое мерапрыемства пройдзе не адзін раз, бо праект “ВЫБІРАЙ.BY” аб’яўлены доўгатэрміновым, а цікавых тэм для дыскусій хапае.
------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
