Выбар прафесіі – выбар лёсу

...Яна настойліва ішла да сваёй мэты: стала навучэнкай медыцынскага каледжа з другой спробы. Яе мара здзейснілася – яна “сястрычка”, сястра міласэрнасці, як пісалі класікі. Праз пару гадоў пасля каледжа яна аказалася ў самым складаным і адказным аддзяленні бальніцы – рэанімацыйным. І зразумела: усяго, што ведала, чаму навучылася ў каледжы – недастаткова: кожны дзень кроў, пакуты, абсалютная бездапаможнасць людзей у коме. Цяпер ад яе , сястрычкі, яе мужнасці, хуткасці і спрыту рук залежыць жыцце іншага чалавека. І няважна, немаўлятка гэта ці старэнькі дзядуля, дзень за акном ці глыбокая ноч. Яна заўсёды ў форме, яна заўседы спяшаецца дапамагчы. І так дзень за днём і год за годам – гэта яе лёс. Такі жыццёвы шлях выбрала яна яшчэ ў школе…


Я, мае аднакласнікі, тысячы выпускнікоў гэтага года стаім сёння перад выбарам, ад якога залежыць будучыня. Таму мы пралічваем, як у шахматах, кожны свой крок, каб не зрабіць памылку, і спадзяемся, што ў дарослым жыцці нам не прыйдзецца змяніць свае рашэнне, як гэта можна зрабіць у камп’ютары…
Выбар прафесіі – гэта першы ўзважаны самастойны крок, ад якога залежыць наш лёс. Як не памыліцца, выбраць адзін раз – на ўсё жыццё? Я гэтага і сама добра не ведаю, бо, як і ўсе выпускнікі, стаю на скрыжаванні дарог, якія вядуць у розныя навучальныя ўстановы. Якую ж з іх выбраць?!
Калі глядзець па статыстыцы, падлеткі на першае месца ставяць прафесіі, у якіх ёсць магчымасць самастойна прымаць рашэнні, мець зносіны з людзямі; на другое – тыя, дзе прысутнічае творчасць, на трэцяе – працу, ад якой можна атрымаць добры заробак (інфармацыя з інтэрнэта).
Я правяла невялікае даследаванне. Узяла спісы вучняў, якія закончылі Гудагайскую СШ у 2004-2005 годзе – яны ўжо павінны працаваць). Затым даведалася, хто ж працуе па атрыманай спецыяльнасці, а хто – не.
Высветлілася, што ўсе, хто паступаў у навучальныя ўстановы медыцынскага профілю, сталі працаваць па спецыяльнасці. Такая ж сітуацыя з архітэктурай, банкаўскай справай і духавенствам.
З тых, хто абраў рабочыя спецыяльнасці, 89% працуюць у адпаведных галінах гаспадаркі. Тыя, хто выбраў педагагічныя і эканамічныя спецыяльнасці, маюць аднолькавы паказчык – 66,6%. Куды горш справа выглядае з тымі, хто павінен быў працаваць у сельскай гаспадарцы – толькі палова іх займаецца гэтай справай. Статыстыка сведчыць, што і ваенныя спецыяльнасці толькі ў школе здаюцца прывабнымі. А ужо ў час вучобы цяжкасці армейскіх будняў вытрымліваюць далёка не ўсе, і толькі 33% спецыялістаў працуюць у гэтай галіне пасля заканчэння вучобы. Не ведаю, характэрна гэта для ўсёй Беларусі ці толькі нашы выпускнікі адпаведных устаноў аказаліся зусім не запатрабаванымі таксама ў юрыспрудэнцыі, экалогіі і турызме.
Безумоўна, рынак працы дыктуе запатрабаванасць у тых ці іншых прафесіях. Але трэба сувымяраць свае магчымасці і жаданні. Бо будзе вельмі дрэнна , калі пекар зоймецца эканомікай, а цудоўны ўрач стане за прылавак магазіна.


...А яна, сястрычка міласэрнасці Надзея Васілеўская, аб якой я расказала напачатку, упэўніўшыся, што стаіць на правільным шляху, зараз вучыцца ў медыцынскім універсітэце.


Юлія БУКЕЛЬ, Гудагайская СШ.