Выбіралі лепшую школьную экалагічную газету

На працягу красавіка ў аддзеле адукацыі праходзіў раённы этап абласнога конкурсу на лепшую школьную экалагічную газету “Як  ахоўваем прыроду?”.


Амаль ва ўсіх школах ёсць школьныя газеты, але пішуць у іх у асноўным пра школьнае жыццё. Цяпер жа перад школьнымі рэдактарамі стаяла задача выпусціць экалагічную газету, што зрабіць значна складаней.  Пятнаццаць устаноў вырашылі прадставіць свае творы на конкурс. Хтосьці падрыхтаваў газету ў камп’ютарным варыянце, іншыя – стварылі насценныя.
Так, аўтары са Спондаў размясцілі ў ёй матэрыялы аб шкодзе, якую наносяць палы сухой травы, і аб мерах адказнасці за падобныя дзеянні. “Экалагічны калейдаскоп” Варнянскага НПК пазнаёміў сваіх чытачоў з цікавымі навукоўцамі ў артыкуле “У гасцях на біяфаку БДУ”, школьнікі з Міхалішак у сваім “Шкаляры” размясцілі матэрыял пра навукова-даследчую дзейнасць, рэдакцыя газеты  “Юны эколаг” Альхоўскай школы вырашыла надрукаваць матэрыял настаўніцы пачатковых класаў В.І. Міхайлавай пра Чарнобыль.
Амаль усе школьныя газеты  расказвалі на сваіх старонках пра праведзеныя экалагічныя акцыі “Дзень Зямлі”, працоўны дэсант “Дапаможам пярнатым сябрам”, пасадку лесу і школьныя суботнікі.
Па выніках конкурсу дыпломам першай ступені ўзнагароджаны рэдакцыйныя калектывы школьных газет Спондаўскай школы і Варнянскага НПК, другое месца і адпаведна дыплом ІІ ступені ў Мальскай, Міхалішкаўскай і Альхоўскай школ, трэцяе месца падзялілі Гервяцкая і Гудагайская школы, Рытаньскі НПК і гімназія №1.


Алена ЯРАШЭВІЧ.