Актывісты Мальскай школы завіталі з падарункамі ў дзіцячы прытулак

Першы снег. Сняжынкі, нібы матылькі, павольна апускаюцца долу, каб укрыць зямлю цёплай коўдрай. Ва ўсім адчуваецца нейкае чарадзейства. Так, менавіта цудаў чакае кожны чалавек з прыходам зімы. Асабліва дзеці мараць аб чымсьці незвычайным і казачным. Аднак не да кожнага дзіцяці ў дом прыходзіць казка...


Актывісты БРПА і БРСМ Мальскага дзіцячага сада-базавай школы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Цуды на Каляды” з лагатыпам “Чырвонай рукавічкі”, якая сімвалізуе імкненне моладзі аддаць часцінку сваёй цеплыні дзецям, абдзеленым бацькоўскай увагай, вырашылі сваімі сіламі стварыць казку для выхаванцаў Варнянскага дзіцячага прытулку.
17 снежня вучні 7 і 9 класаў на чале з намеснікам дырэктара Г.М. Капцюг і педагогам-арганізатарам М.В. Урбановіч адправіліся ў “другі дом” для дзяцей з няўдалых сем’яў. І не з пустымі рукамі! Актывісты падрыхтавалі невялікую музычную праграму, а таксама святочныя сувеніры. Дзеці атрымалі зарад станоўчых эмоцый ад удзелу ў гульнях, якія для іх арганізавалі старэйшыя сябры. Неўзабаве іх вочы свяціліся ад шчасця: яны змаглі трапіць у казку і ўдыхнуць яе водар.


Марына УРБАНОВІЧ, педагог-арганізатар Мальскага дзіцячага сада-базавай школы.