Всемирный день здоровья посвятили артериальной гипертонии

7 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Сёлета ён быў прысвечаны артэрыяльнай гіпертэнзіі. Па звестках Сустветнай арганізацыі аховы здароўя, у кожнага трэцяга дарослага чалавека ў свеце развіваецца высокі крывяны ціск.
Менавіта для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з гэтай “маўклівай і таямнічай” хваробай, па ініцыятыве раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі быў праведзены “круглы стол”.
Яго ўдзельнікамі сталі галоўны санітарны ўрач Астравецкага раёна Ганна Вітольдаўна Пашук, загадчыкі: аддзялення рэабілітацыі цэнтральнай раённай бальніцы Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч, кардыялагічнага аддзялення Сяргей Станіслававіч Івашка, аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, урач-тэрапеўт Генадзій Яўгенавіч Хаменка і загадчык цэнтральнай раённай аптэкі №95 Васілій Васільевіч Буднік. Вядучай “круглага стала” – журналіст раённай газеты Алена Ярашэвіч.

– Праблема павышанага крывянога ціску актуальна ва ўсім свеце – наш раён не выключэнне. Якое зараз становішча з артэрыяльнай гіпертэнзіяй?


Ганна Вітольдаўна Пашук: За 2012 год у Гродзенскай вобласці першае месца ў структуры смяротнасці – а гэта 54,7% – займаюць хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Гэтыя хваробы займаюць таксама другое месца ў структуры захворванняў. Лічбы гавораць самі за сябе.
Нашы спецыялісты праводзілі апытанне насельніцтва Астравецкага раёна. Згодна з ім, 54,5% апытаных маюць павышаны артэрыяльны ціск. Канешне, добра, што людзі ведаюць свае праблемы. Але ж кажуць, што хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць.


– Што такое артэрыяльная гіпертэнзія? Якія яе прычыны?







Сяргей Станіслававіч Івашка: Артэрыяльная гіпертэнзія – адно з самых распаўсюджаных захворванняў, якое з’яўляецца асноўнай прычынай узнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў. Гэта хранічнае захворванне невядомага паходжання са спадчыннай схільнасцю, якое ўзнікае ў выпадку фактычнага ўплыву асяроддзя і генетычных фактараў і якое характарызуецца стабільным павышэннем артэрыяльнага ціску.

– Атрымліваецца, што вялікую ролю ў высокім артэрыяльным ціску адыгрывае спадчынны фактар?


Сяргей Станіслававіч Івашка: Прычыны гіпертаніі самыя розныя. У тым ліку і спадчынныя. Калі захворваннем пакутуюць бацькі, то ёсць вялікая рызыка ў тым, што хварэць будзе і дзіця.
Але ёсць і шэраг іншых прычын, якія ўплываюць на павышэнне артэрыяльнага ціску. Гэта можа быць захворванне нырак, эндакрыннай сістэмы. Гіпертэнзія можа развіцца на фоне прыёму лекавых прэпаратаў. А іншым разам і цяжарнасць стымулюе падняцце артэрыяльнага ціску.


Генадзій Яўгенавіч Хаменка: І ў той жа час ні ў якім выпадку нельга выключаць і знешнія прычыны: празмернае выкарыстанне солі, курэнне, злоўжыванне алкагольнымі напоямі, атлусценне, псіхаэмацыйныя стрэсы, маларухомы лад жыцця.


Сяргей Станіслававіч Івашка: Штогод мы выяўляем прыблізна 300 чалавек, у якіх фіксуецца павышэнне артэрыяльнага ціску. З іх каля 100 – гэта людзі працаздольнага ўзросту.


– А які ўзровень артэрыяльнага ціску лічыцца павышаным? І пры якім можна трапіць на дыспансерны ўлік?


Сяргей Станіслававіч Івашка: Дыягназ “артэрыяльная гіпертэнзія” ставіцца пры выяўленні артэрыяльнага ціску вышэй за 140/90 пры двухразовым абследаванні на працягу двух тыдняў. Пацыент ставіцца на дыспансерны ўлік, першапачаткова даём яму рэкамендацыі па здаровым ладзе жыцця. Часта, асабліва на ранніх этапах, сітуацыю можна выправіць без медыкаментознага лячэння.
Ва ўрачоў ёсць такі тэрмін, як “гіпертэнзія белага халата” – чалавек прыходзіць на прыём і, калі бачыць урача, пачынае хвалявацца. Як вынік – павышаецца артэрыяльны ціск.

















Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч: Дарэчы, вельмі часта вінаватымі ў так званым “сіндроме белага халата” становяцца бацькі. Кожны з нас не раз назіраў карціну, калі маці ці бацька палохаюць сваіх маленькіх дзяцей урачамі: “Не будзеш есці (слухацца, не прыбярэш цацкі) – прыйдзе дзядзя ці цёця ў белым халаце і дасць табе ўкол, забярэ цябе, пакладзе ў бальніцу”. І тады негатыўныя адносіны да ўрача праходзяць праз усё жыццё. Дзіця вырастае, а страх перад урачом застаецца, пры сустрэчы з ім чалавек пачынае хвалявацца – як вынік, падымаецца артэрыяльны ціск.
А нармальным лічыцца артэрыяльны ціск 120/80. І да яго трэба імкнуцца.

Васілій Васільевіч Буднік: Аднак ёсць такая катэгорыя людзей, якія жывуць з ціскам 140/80 – пры гэтым адчуваюць сябе добра і ні на што не скардзяцца.
Генадзій Яўгенавіч Хаменка: Ёсць і такія, хто лечыцца, але няправільна і нерэгулярна. А артэрыяльны ціск неабходна збіваць паступова.


Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч: Пры гэтым вельмі важна, каб пацыент верыў урачу і выконваў усе яго рэкамендацыі. А то часта бывае, што пакуль ляжу ў бальніцы – лячуся. Як толькі пакінуў яе сцены – кінуў усё. А так рабіць нельга. Ціск трэба кантраляваць.


– Дарэчы, каб кантраляваць ціск, неабходна мець танометр. Які з іх – механічны ці электронны – лепш набываць?


Сяргей Станіслававіч Івашка: Галоўнае – умець правільна ім карыстацца. Мы ў сваёй рабоце выкарыстоўваем механічныя – яны больш простыя і надзейныя.


Васілій Васільевіч Буднік: Сёння ў аптэцы ў наяўнасці ёсць і механічныя, і электронныя прыборы. Амаль ва ўсіх электронных прыборах ёсць функцыя памяці – гэта вельмі зручна, асабліва тады, калі трэба весці дзённік назіранняў. У памяці танометра захоўваюцца паказанні артэрыяльнага ціску. Але электронныя прыборы – вельмі адчувальныя, і трэба добра прыстасавацца, каб правільна вымераць ціск.


Сяргей Станіслававіч Івашка: Канешне, электронныя прыборы маюць свае перавагі. У іх добры манітор, на якім высвечваюцца вялікія лічбы. Да таго ж цяпер ёсць і гукавыя танометры, яны агучваюць паказанні ціску. Асабліва гэта зручна для людзей пажылога ўзросту.


Генадзій Яўгенавіч Хаменка: Дарэчы, каб атрымаць праўдзівы паказчык вашага ціску, трэба памераць ціск тры разы і выбраць сярэдні паказчык.

















Ганна Вітольдаўна Пашук: Вялікі плюс электронных танометраў у тым, што яны вымяраюць і частату пульсу.

Сяргей Станіслававіч Івашка: Дарэчы, калі ў мяне пытаюць, што падарыць бацькам на свята, напрыклад, дзень нараджэння, то раю набыць танометр. Гэтым падарункам вы можаце выратаваць і прадоўжыць іх жыццё.


– Справіцца з хваробай дапамагаюць толькі лекавыя прэпараты ці ёсць надзея на народную медыцыну?


Сяргей Станіслававіч Івашка: У першую чаргу трэба разлічваць на ўрача, які паставіць дыягназ і прызначыць ячэнне. Варта па мятаць, што лекавыя прэпараты трэба выкарыстоўваць пастаянна. Гіпертэнзію называюць “маўклівы і таямнічы забойца”. Маўклівы – таму, што часта ціск можа быць высокім, але пры гэтым чалавек адчувае сябе нядрэнна. І толькі тады, калі яго памераеш, пачнеш задумвацца. Таямнічы – таму, што прычыну захворвання ўстанавіць складана і амаль што немагчыма. І гэтым гіпертэнзія небяспечная. А ў гэты час высокі артэрыяльны ціск робіць сваю справу – ён уплывае на ныркі, галаўны мозг, сэрца і сасуды. І калі своечасова не пачаць лячыць хваробу, яна можа прывесці да інсульту, інфаркту, слепаты, ныркавай недастатковасці, слабасці сардэчнай мышцы.


– Дарэчы, якую ролю ў пазбаўленні ад высокага артэрыяльнага ціску адыгрывае аддзяленне рэабілітацыі, якое працуе ў бальніцы?


Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч: Мы дапамагаем урачу і пацыенту справіцца з гэтай немаччу. І наша задача ў тым, каб упэўніць пацыента, што працэдуры дапамогуць у выздараўленні. Сваім пацыентам з высокім артэрыяльным ціскам прапануем фізіятэрапеўтычныя працэдуры, водалячэнне, масаж – насельніцтва аддае перавагу ручному масажу, розныя комплексы фізічных практыкаванняў. У нас ёсць фітабар, у якім гатуюць самыя розныя зборы.
У далейшым рэкамендуем працягваць лячэнне і дома, піць травяныя зборы, рабіць лячэбную гімнастыку – хаця б раніцай.


Ганна Вітольдаўна Пашук: Дарэчы, згодна з анкетаваннем, якое мы праводзілі сярод нашых жыхароў, 46% насельніцтва час ад часу робяць ранішнюю гімнастыку, 36% – ніколі. Лічбы прымушаюць задумацца.


Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч: І гэта вельмі дрэнна. Увогуле, многія нашы пацыенты, пакуль знаходзяцца ў бальніцы, выконваюць усе рэкамендацыі і патрабаванні, а як толькі прыязджаюць дамоў, пра ўсё забываюць.
Хаця ў апошні час заўважаецца тэндэнцыя зацікаўленасці людзей у сваім здароўі. У летнія месяцы многія праходзяць аздараўленне на базе нашага аддзялення. Яны атрымліваюць назначэнне і на платнай аснове атрымліваюць фізія-эрапеўтычныя працэдуры ў адпаведнасці з пастаўленым дыягназам. Адзначу, што ўсе працэдуры назначаюцца ўрачом з індывідуальным падыходам да кожнага чалавека.


– У апошнія гады часта даводзіцца чуць, што высокі артэрыяльны ціск становіцца дзіцячай праблемай. Наколькі гэта праўдзіва?


Сяргей Станіслававіч Івашка: Сапраўды, гэта праблема часта паўстае падчас прызыўной камісіі. Звычайна высокі артэрыяльны ціск у моладзі выяўляецца падчас абследавання на прыгоднасць да службы ў арміі. Штогод выяўляецца 8-10 чалавек з прызыву, якія маюць высокі артэрыяльны ціск. Такіх юнакоў кладуць на абследаванне ў кардыялагічнае аддзяленне. Калі праблема пацвярджаецца, ім выстаўляецца дыягназ і прызначаецца лячэнне.


– Дарэчы, ці часта на “хуткую дапамогу” паступаюць выклікі са скаргамі на высокі артэрыяльны ціск?

















Генадзій Яўгенавіч Хаменка: Калі прыбегнуць да статыстыкі, то за першы квартал бягучага года на “хуткай дапамозе” зарэгістраваны 1362 выклікі. З іх 510 былі звязаны з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Выклікі, звязаныя з высокім артэрыяльным ціскам, лічацца неадкладнымі і выконваюцца на працягу гадзіны. У рабочы час такія выклікі могуць быць пераадрасаваны ўрачам – як правіла, участковаму тэрапеўту. Доктар можа прыехаць да пацыента сам і ўзгадніць з ім далейшае лячэнне.
Спецыялісты “хуткай дапамогі” аказваюць медыцынскую дапамогу згодна з алгарытмам. Калі падчас выкліку сітуацыя  нармалізавалася, пацыенту могуць прапанаваць назаўтра прыйсці на прыём. У той жа час участковаму тэрапеўту таксама паведамляюць пра выклік.
У крытычнай сітуацыі пацыента дастаўляюць у бальніцу. Дзесьці 24% пацыентаў ад усіх выклікаў шпіталізуецца. Дарэчы, у начны час выклікаў значна больш. З чым гэта звязана? У чалавека няма выйсця. Куды ён можа звярнуцца ноччу? Хаця, напэўна, ёсць і такія, хто вырашае патэлефанаваць таму, што гэта вырашыць многія праблемы: прыедуць, паглядзяць, усё зробяць – і ў бальніцу звяртацца не трэба.

– А нашы аптэкі забяспечаны неабходнымі прэпаратамі, якія дазваляюць пацыентам жыць з высокім артэрыяльным ціскам?

















Васілій Васільевіч Буднік: Вельмі часта людзі прыходзяць у аптэку і просяць: “Дайце мне што-небудзь ад высокага артэрыяльнага ціску”. Нашы людзі яшчэ і сёння жывуць па прынцыпе: суседцы дапамагло – значыць, і мне дапаможа. У той час, як на захадзе 80% лекаў адпускаюць толькі па рэцэптах урачоў. У нас самі сабе прызначаць – і лечацца. А цяпер яшчэ і інтэрнэт дапамагае…
А прэпараты, канешне, ёсць. І цэны на іх таксама розныя – ад 5 000 і да 400 000 рублёў, у залежнасці ад краінывытворцы і колькасці таблетак.

– Што можна параіць нашым чытачам, якія пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі?


Генадзій Яўгенавіч Хаменка: Хаця б раз у год прыходзіць у паліклініку на прафілактычныя агляды. А то наша насельніцтва, асабліва мужчыны, не жадае клапаціцца пра сваё здароўе. Прайшлі медыцынскую вадзіцельскую камісію – і ў наступны раз з’явіліся ў паліклініцы праз пяць гадоў. Гэта няправільна.


Сяргей Станіслававіч Івашка: Існуе сем правілаў для эфектыўнай прафілактыкі большасці сардэчна-сасудзістых захворванняў: кантралюйце артэрыяльны ціск і ўзровень халестэрыну, правільна харчуйцеся, займайцеся фізічнымі практыкаваннямі, не курыце, не злоўжывайце алкагольнымі напоямі, пастарайцеся пазбягаць стрэсу.


Ганна Вітольдаўна Пашук: 73 працэнты апытанага насельніцтва аддае перавагу адпачынку на канапе перад тэлевізарам. Таму хочацца яшчэ раз усім нагадаць: ніколі не позна пачаць весці здаровы лад жыцця і клапаціцца пра сваё здароўе. А 18 красавіка запрашаем усіх прыняць удзел у Дні здароўя. У раённай аптэцы будзе арганізавана акцыя: кожны зможа памераць артэрыяльны ціск і атрымаць рэкамендацыі ўрача.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і А. ПАМЕЦЬКІ.