Все ли понимают язык сокращений?

сокращение слов– Прыва… Лол… Як справы?
– Прыв… Норма… Хдд…
Падобныя дыялогі даўно сталі нармальнай з’явай у перапісцы сучаснай моладзі, якая цудоўна арыентуецца ў своеасаблівай мове скарачэнняў. Шчыра кажучы, калі я ўпершыню сутыкнулася з “лоламі” і іншай абракадабрай, палезла з роспытамі да дзядзькі Гугла. А затым вырашыла выслухаць меркаванне і непасрэднага карыстальніка такой мовы і прадстаўніка моладзі дваццаць першага стагоддзя – шаснаццацігадовай пляменніцы.

Праўда, на маё пытанне дзяўчына шчыра здзівілася:
– А што тут дзіўнага?! Гэта вельмі зручна і камфортна – навошта пісаць доўгія словы, калі можна замяніць арыгінальным скарачэннем. Эканомія часу, менш пісаць, ды і сам працэс прыкольны. Ды зараз усе ведаюць, што такое “лол” і “хдд”. Ну хіба толькі бабулі з дзядулямі, што не карыстаюцца інтэрнэтам.
Не зусім пагадзіўшыся з пляменніцай, я вырашыла пацікавіцца ў моладзі Астравеччыны, ці ў “тэме” яны падобных сродкаў зносін, наколькі часта імі карыстаюцца і што пра іх думаюць.

Аліна, 16 гадоў:
– Мы з сябрамі пастаянна так перапісваемся і цудоўна разумеем адзін аднаго. Ды і што тут незразумелага?! Хто вывучае англійскую мову, ведае, што лол – гэта абрэвіятура ад англійскага “laughing out loud”, што ў перакладзе азначае “моцна, услых смяяцца”. Можна сказаць, гэта яшчэ адзін варыянт смайліка. Хдд – тое ж самае, беларускамоўны варыянт англійскага сімвалу ўсмешкі XD. А з астатнім і без тлумачэння можна разабрацца.

Павел, 28 гадоў:
– Шчыра кажучы, я не люблю ўжываць у перапісцы розныя смайлы-кветачкі-сэрцайкі. Па-мойму, гэта занятак для падлеткаў. Ну яшчэ магу зразумець, калі іх ужываюць схільныя да рамантыкі і “няшнасці” дзяўчаты. Хоць з іншага боку вымушаны пагадзіцца, што скарачэнні ў некаторых выпадках эканомяць час. Але я стараюся ўжываць нейтральныя, тыпу “ок”, “норм”, “давай”. І катэгарычна не цярплю, калі свае пачуцці, адчуванні, эмоцыі перадаюць праз бяздушныя мордачкі абазначэнняў. Часам ніякімі словамі не выкажаш тое, што можна ўбачыць у вачах субяседніка. Найлепшыя стасункі – жывыя стасункі.

Марыя, 23 гады:
– Мне здаецца, у кожнага пакалення былі, ёсць і будуць нейкія “фішкі”, маладзёжны слэнг, манеры стасункаў – ад гэтага нікуды не дзенешся. У нашых бабуль таксама былі цікавыя і арыгінальныя “слоўцы”. Усе гэтыя сучасныя скарачэнні-азначэнні ўсяго толькі жаданне адпавядаць модзе, пісаць так, “як усе астатнія” і адначасова вылучацца сярод іншых. Пройдзе час – і яны знікнуць, а на змену прыйдзе нешта новае. Тады ўжо мы скажам сваім дзецям ці ўнукам – а вось мы ў свой час “лоламі” перапісваліся.

Вольга, 30 гадоў:
– Памятаю, калі працавала настаўніцай, адзін з вучняў, не патэлефанаваў, а спытаў у мяне пра хатняе заданне, напісаўшы ў сацыяльнай сетцы. У адказ на маё падрабязнае тлумачэнне адпісаў коратка на рускай мове “спс”. Такі зварот, як да аднакласніцы ці сяброўкі, а не да педагога і старэйшага чалавека, шчыра кажучы, крыху збянтэжыў. А затым прыйшло ўсведамленне, што для сучаснага пакалення гэта становіцца нормай. Мяне гэта засмучае – за імкненнем скараціць, напісаць хутчэй, адпавядаць модным павевам, можна забыць не толькі граматыку напісання слоў, але характарыстыку, эмоцыі і пачуцці, што яны нясуць у сабе.

---------------------------
Марына БАРОК.