Время выбирать будущую профессию

2
Кім быць? Пытанне, якое рана ці позна ўзнікае перад кожным школьнікам. А яшчэ: калі лепш паступаць: пасля дзявятага класа ці пасля атрымання атэстату сталасці? І ўвогуле, як правільна выбраць прафесію, каб потым не пашкадаваць аб зробленым выбары?

Прызнаюся шчыра, сама не раз задумвалася над гэтымі пытаннямі і зноў, нявырашаныя, хавала ў сутарэннях памяці. Як сведчыць статыстыка, гэтыя пытанні школьнікі задаюць не толькі сабе, настаўнікам, бацькам і сябрам, але і звяртаюцца з імі да “сусветнай павуціны”. Тут таксама можна знайсці слушныя падказкі.
Але найлепш, напэўна, звярнуцца за парадай да спецыялістаў.
Метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Юлія Альбінаўна Ражко лічыць, што ў прафарыентацыйнай рабоце важнымі з’яўляюцца тры моманты: “хачу”, “магу” і “трэба”. “Хачу” – гэта тое, чым падабаецца займацца дзіцяці. “Магу” – гэта яго здольнасці. А “трэба” – гэта веды пра розныя прафесіі.
– Адну трэцюю частку сутак мы праводзім на рабоце – менавіта таму так важна зрабіць правільны выбар. Бо калі прафесійная дзейнасць не будзе прыносіць задавальнення, чалавек не будзе адчуваць сябе шчаслівым, – расказвае Юлія Альбінаўна.
– Псіхолагі схіляюцца да таго, што да 13-14 гадоў няма сэнсу арганізоўваць прафесійнае навучанне. Але вельмі важна даць дзіцяці магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах дзейнасці і “пашукаць” сябе. І няхай бацькоў не палохае, што сёння сыну ці дачцэ хочацца спяваць, заўтра – маляваць, а паслязаўтра – канструяваць. Ён павінен усё паспрабаваць, а бацькам трэба падтрымаць захапленне дзіцяці. Сёння амаль у кожнай школе працуе псіхолаг – і менавіта ён можа выявіць здольнасці дзіцяці, дапамагчы яму паглядзець на сябе, як у люстэрка, расказаць, што яму бліжэй. Але выбар кожны павінен зрабіць сам.
Вельмі важным накірункам з’яўляецца сістэма прафесійных проб. У Японіі за час вучобы ў школе вучні праходзяць да 120 такіх проб, таму, як правіла, пры выбары прафесіі японскія школьнікі не памыляюцца і былыя школьнікі вырастаюць сапраўднымі прафесіяналамі.
Некалькі гадоў таму наша гімназія таксама працавала па інавацыйным праекце, падчас якога вучні старэйшых класаў маглі паспрабаваць сябе ў розных прафесіях, – вынікі парадавалі.
Што датычыцца другой часткі пытання – калі лепш паступаць, – то тут таксама выбар павінны зрабіць самі школьнікі. Як правіла, у 14-15 гадоў дзеці знаходзяцца пад уплывам сваіх бацькоў ці аднакласнікаў і часта паступаюць па паданні сям’і або “за кампанію”.
Канешне, калі ў вашага дзіцяці высокія здольнасці, высокі ўзровень ІQ, то, напэўна, лепш паступаць пасля 11 класа і выбіраць такую прафесію, якую можна атрымаць у вышэйшай навучальнай установе. Калі ж узровень ніжэйшы, то арыентавацца лепш на рабочыя спецыяльнасці – тым больш што сёння яны найбольш запатрабаваны ў нашай краіне. Але самае галоўнае – бацькі павінны дапамагчы дзіцяці вызначыцца з будучай прафесіяй ці падтрымаць яго выбар, але не навязваць яго.
Часта здараецца і такое, што паступіць усё ж такі не атрымалася. Што рабіць у такім выпадку? За парадамі мы звярнуліся да Сабіны Вацлаваўны Тухта, спецыяліста аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама:
– Як сведчыць статыстыка, сёння лепш за ўсё выбіраць рабочыя спецыяльнасці. У раёне не хапае каменшчыкаў, мантажнікаў, электрагазазваршчыкаў, мантажнікаў электраканструкцый. Рабочыя гэтых спецыяльнасцей патрэбны не толькі на нашых прадпрыемствах, але і на будаўніцтве Беларускай АЭС. Ёсць патрэба і ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй – на прадпрыемствах не хапае інжынераў.
Дапамагчы выпускнікам 9 класаў мы нічым не можам. А вось адзінаццацікласнікі, якія не змаглі паступіць, могуць звярнуцца ў наш аддзел, зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага і атрымаць накіраванне на вучэбныя курсы. Сёння мы маем магчымасць дапамагчы выпускнікам школ атрымаць спецыяльнасць барменаў-афіцыянтаў, повараў-кандытараў, стропальшчыкаў, вальшчыкаў лесу, качагараў, трактарыстаў і іншых. Прыярытэтнымі з’яўляюцца навучальныя ўстановы, размешчаныя ў Гродне ці Гродзенскай вобласці. Ёсць у нас магчымасць накіроўваць на вучэбныя курсы ў Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама, які размешчаны ў Варнянах. Тут можна атрымаць спецыяльнасць каменшчыка, электрагазазваршчыка, трактарыста, качагара, прадаўца, стропальшчыка.
Важным з’яўляецца і тое, што мы аплачваем не толькі навучанне, але і пражыванне, а таксама плацім навучэнцам стыпендыю. Да таго ж, пасля заканчэння навучання ўсім выпускнікам курсаў прадстаўляецца першае рабочае месца.
Праўда, жадаючых атрымаць рабочыя спецыяльнасці няшмат. Да прыкладу, у 2012 годзе такіх было 75 чалавек, а ў мінулым – толькі 15.
Сучасны школьнік сёння мае два шляхі атрымання спецыяльнасці: закончыць 9 класаў і паступіць у тэхнікум, каледж ці ліцэй або закончыць сярэднюю школу і прадоўжыць адукацыю ў ВНУ ці тэхнікуме. Кожны выбірае па сваіх здольнасцях, жаданні ці падказках бацькоў і спецыялістаў.
На мой погляд, сёння дзеці сталі больш практычнымі. Для большасці з іх важна не толькі прафесія, але і заработная плата, якую яны атрымаюць пасля выхаду на работу. І, як правіла, на выбар прафесіі школьніка значны ўплыў аказваюць рыначныя ўмовы.
І ўсё ж такі давайце прааналізуем сітуацыю: школьнік паступае пасля атрымання базавай адукацыі, гэта значыць – пасля 9 класа.
Па-першае, лічыцца, што паступіць у ліцэй, вучылішча, тэхнікум лягчэй, чым стаць студэнтам ВНУ. Як правіла, навучанне ў прафесіянальна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах бясплатнае. І нават тады, калі вы паступіце на платную форму, каштаваць такая адукацыя будзе танней, чым ва ўніверсітэце. Навучанне вы закончыце гады на 2, а то і 3 раней, чым калі б паступалі пасля 11 класа. І зможаце ўладкавацца на працу і атрымліваць зарплату.
А цяпер, калі вы атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, вы можаце паступіць ва ўніверсітэт на завочную форму навучання.
Аднак трэба памятаць, што наведванне заняткаў у ліцэях, каледжах і вучылішчах строга кантралюецца, таму “схаляўнічаць” не атрымаецца. Да таго ж, вельмі часта пасля заканчэння прафесійна-тэхнічных і нават сярэдніх спецыяльных устаноў уладкавацца на працу складана: наймальнікі аддаюць перавагу спецыялістам з вопытам работы і вышэйшай адукацыяй. І тут галоўную ролю будзе адыгрываць ваш прафесіяналізм і атрыманыя веды.
Таму, канешне, выбар кожнаму маладому чалавеку давядзецца рабіць самастойна. І менавіта ад яго будзе залежыць яго будучае жыццё і яго дабрабыт.


------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ
.