Впервые на Островетчине прошёл праздник "Это наша школа!"





"Гэта наша школа!" - мерапрыемства пад такой назвай, удзел у якім прынялі 16 устаноў адукацыі, прайшло ў кінаканцэртнай зале “Астравец” напрыканцы мінулага тыдня.

Падобнае раённае свята праходзіла ўпершыню. І калі меркаваць па тым, які поспех яно мела сярод гледачоў, можна зрабіць вынік, што такі агляд школ у нашым раёне можа стаць пастаянным.
Конкурс складаўся з трох намінацый: удзельнікі прадстаўлялі адзін з нумароў школьнай газеты – аказалася, такія створаны ва ўсіх школах раёна, – школьную сімволіку і візітку школы.



Магчымасць адкрыць школьнае свята першымі прадставілася ўдзельнікам з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання. Школьнікі і іх педагогі пастараліся: расказалі пра абрады і традыцыі, якія свята захоўваюцца і перадаюцца школьнікамі з пакалення ў пакаленне. Як прыклад гэтага – школьная сімволіка, якая аформлена на дзвюх мовах – беларускай і літоўскай. Ды і выступленне рабят, якое ішло на літоўскай мове, сінхронна перакладалася на беларускую ці рускую мовы.
Удзельнікі з Рытанскага НПК з дапамогай чароўнага ключа перанесліся спачатку ў мінулае школы, потым запрасілі ўсіх гледачоў на першы школьны тэлеканал, а затым распавялі пра тое, як праводзяць школьнае лета педагогі, – і ўсе разам яны вывелі ўніверсальную мадэль адоранага дзіцяці. Словам, атрымалася цікава і незвычайна.



У госці да школьнікаў з гімназіі №1 завітаў Гары Потэр. Яго цікавіла ўсё – і школьнікі з задавальненнем падзяліліся сакрэтамі поспеху сваёй навучальнай установы, расказалі пра гісторыю школы і яе сімволіку, дзейнасць школьнага музея і дасягненні вучняў.
Пра Спондаўскую школу ў праграме “Навіны дня” расказалі вядучыя і супрацоўнікі школьнага тэлеканалу – таксама атрымалася нядрэнна.
Канкурыраваць з вялікімі ўстановамі адукацыі Варонскаму саду-пачатковай школе было складана. І ўсё ж з гэтай задачай яны справіліся. Пра сваю школу яны расказалі паэтычным словам, суправаджаючы свой аповед мультымедыйнай прэзентацыяй.
Сярод настаўнікаў-фей цудоўнай краіны дзяцінства – сярэдняй школы №1 – пасяліўся яшчэ адзін казачны персанаж – Пітэр Пэн. З яго дапамогай школьнікі і распавялі пра сваю любімую школу.



Поспех Альхоўскай школы заключаецца ў тым, што тут паважаюць вучняў, ганарацца настаўнікамі і ўдзячны бацькам. І галоўнае, усё робяць самі і дружна. Адсюль і вынікі: краязнаўчы музей, школьнае лясніцтва “Жывіца”, удзел у інавацыйнай дзейнасці – пахваліцца ёсць чым!
У Рымдзюнскай школе з беларускай мовай навучання жывуць пад дэвізам: “Дзейнасць – адзіны шлях да ведаў!” Гэты дэвіз не толькі адлюстраваны на школьнай сімволіцы, але і жыве ў сэрцах педагогаў і вучняў. Менавіта пра дзейнасць сваёй установы і расказалі рымдзюнскія педагогі і школьнікі ў невялікім відэафільме.
Дайлідская базавая школа таксама прадставіла відэафільм пра гісторыю стварэння школы, яе выпускнікоў і настаўнікаў. Сімвалам школы з’яўляецца птушка-кніга, якая “нясе” рабят да ведаў і дасягнення іх мар і запаветных жаданняў.
Пра Мальскі дзіцячы сад-пачатковую школу расказвалі маленькія жыхары гэтай школьнай планеты. Атрымалася вельмі шчыра і па-дзіцячы непасрэдна.
Пры прадстаўленні Гервяцкай школы на сцэну паднялася амаль палова кінаканцэртнай залы: школьнікі, іх бацькі і настаўнікі. Усе яны ганарацца сваёй школай і лічаць, што яна самая лепшая.
Вучні і педагогі Кямелішкаўскай школы параўналі яе з домам, у якім цёпла і ўтульна ўсім. У сваім аповедзе вучні спыніліся на багатай гісторыі школы і выканалі гімн сваёй установы.



Пра гісторыю Варнянскага НПК школьнікі расказалі пры дапамозе казкі “Церамок”, перапісанай на новы лад: у варнянскі будынак школы час ад часу прасіліся Карвэльская, Філіпанская, Быстрыцкая, Чыжоўская, Гозская, Трокеніцкая, Варонская школы – у выніку сёння 75 дашкольнікаў наведваюць дзіцячы садок Варнянскага НПК, тут вучацца 333 школьнікі і працуюць 48 педагогаў. А потым настаўнікі і школьнікі прадставілі ўвазе гледачоў парад сваіх дасягненняў і склалі герб навучальнай установы.
Гудагайская сярэдняя школа прапанавала гледачам і членам журы невялікі відэафільм, у якім расказвалася пра ўсе складаючыя поспеху школы: дзяцей, настаўнікаў, музейную і інавацыйную дзейнасць, навучальную і выхаваўчую работу.
У вершаванай форме расказалі пра Падольскую школу яе вучні: тут не цураюцца роднай мовы і бабуліных традыцый. Стала быць, гісторыя і культура ў надзейных руках – а на памяць членам журы дасталіся вытканыя ўласнымі рукамі сувеніры.
Міхалішкаўская школа сёлета святкуе сваё пяцідзесяцігоддзе. І ёй таксама ёсць чым ганарыцца – выпускнікі, багатая гісторыя, школьны музей. Выступленне закончылася чытаннем рэпу, выканаўцамі якога сталі не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і настаўнікі.
“Судзіць” выступленні было складана. Аднагалосна Гран-Пры конкурсу было прысуджана Варнянскаму НПК. Першае месца журы аддало Альхоўскай СШ, другое – Міхалішкаўскай школе, трэцяе – Рытанскаму НПК.



Астатнія ўстановы адукацыі былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі ў розных намінацыях: “Да перамогі пад пунсовымі ветразямі” (Гудагайская СШ), “Стыль і якасць” (гімназія №1), “За вернасць роднай школе” (Варонскі дзіцячы сад-пачатковая школа), “Школьны саюз” (Гервяцкая СШ), “Усе мы родам з дзяцінства” (Мальскі НПК), “Час. Падзеі. Людзі” (Дайлідская БШ), “Крэатыўнасць і артыстызм” (Спондаўская СШ), “Арыгінальнасць і творчасць” (Кямелішкаўскі НПК), “Лепшая ідэя” (СШ №1), “З павагай да спадчыны” (Рымдзюнская СШ з літоўскай мовай навучання), “Мінулае. Цяперашняе. Будучае” (Рымдзюнская СШ з беларускай мовай навучання), “Павага да традыцый сваёй школы” (Падольскі НПК).
А спецыяльны прыз раённай арганізацыі ГА БРСМ, які ўручыла першы сакратар Аксана Лазарава, дастаўся валанцёрскаму атраду “Надзея” з Гервяцкай школы, які сваім выступленнем змог запаліць агеньчык дабрыні і ў сэрцах гледачоў.
Конкурс расцягнуўся амаль на ўвесь дзень, але нягледзячы на гэта ўсе пакідалі кінаканцэртную залу задаволеныя і накіраваныя на падобную сустрэчу ў наступным годзе.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.