Воспитанники Ворнянского приюта навестили бывшую узницу концлагеря
У Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцлагераў выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку наведалі Таццяну Нікіфараўну Волкаву – жанчыну, якая ў дзяцінстве зведала, што такое канцлагер Азарычы....Калі пачалася вайна, Танечцы ішоў шосты год. Неўзабаве цяжка захварэла і памерла маці, а ўвесь клопат і адказнасць за меншых лёг на кволыя плечыкі дзяўчынкі. За адной бядой прыйшло і новае гора: немцы пачалі паліць вёску – з 360 хат уцалелі толькі 12… У людскім тлуме, крыках і языках полымя страцілася малодшая сястрычка: Танечка не ведала, што з ёй сталася. А людзям, якія ўцалелі, давялося жыць у зямлянках.
Аднак і тут немцы не пакінулі іх у спакоі – адправілі ў канцлагер. Чым яны там харчаваліся і як выжывалі? Расказваць аб жахах, якія засталіся незагойнымі ранамі на сэрцы, Таццяна Нікіфараўна не магла… Пазней яна ўсё ж сустрэлася з малодшай сястрой, якая гэтак жа, як Таня, гадавалася ў дзіцячым доме…
І нягледзячы на ўсе выпрабаванні, калі смерць забірала блізкіх і знаёмых, калі дзяўчынцы давялося зведаць, што такое здрада і, наадварот, “рука дапамогі” – Таццяна Нікіфараўна праз усё жыццё пранесла дабрыню і чысты ўнутраны свет. Усё жыццё яна прысвяціла педагогіцы: працавала ў Варнянах настаўніцай пачатковых класаў і загадчыцай дзіцячага садка… І многія гадаванцы з цеплынёй успамінаюць сваю першую настаўніцу Таццяну Нікіфараўну Волкаву, якая і зараз умее знайсці ключык да кожнага дзіцячага сэрцайка.
Выхаванцы прытулку слухалі жанчыну, не перабіваючы, а пасля задавалі пытанні…
Трымаючы ў руках падараваны сувенір, зроблены дзяўчынкамі і хлопчыкамі, Таццяна Нікіфараўна на развітанне пажадала ім ніколі не зведаць, што такое вайна.
---------------------------------
Вольга ШОЦІК, выхавальніца прытулку.
