Вопрос занятости населения Островецкого района обсудили на заседании президиума районного Совета депутатов
Стан працоўных рэсурсаў, развіццё рынка працы і занятасці насельніцтва Астравецкага раёна разглядаліся на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Вольга Станіславаўна Свіла прадставіла членам прэзідыума аналітычную інфармацыю па гэтым пытанні.
Яна паведаміла, што працоўныя рэсурсы нашага раёна складаюць 14,4 тысячы чалавек, з іх 11,6 тысячы заняты ў эканоміцы раёна. Не занята ў эканоміцы раёна 2,1 тысячы чалавек, прычым 1,3 тысячы – па аб’ектыўных прычынах: нехта не мае працы на гэты момант, але актыўна шукае месца работы, хтосьці працуе за мяжой ці вядзе хатнюю гаспадарку, ёсць і тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Больш як 700 жыхароў нашага раёна працуюць на будаўніцтве АЭС у складзе падрадных арганізацый, якія зарэгістраваны ў іншых рэгіёнах вобласці і краіны і таму не ўлічаны ў раённай статыстыцы.
Вольга Станіславаўна адзначыла, што попыт рабочай сілы ў нашым раёне істотна перавышае прапанову: на 1 красавіка было заяўлена 483 вакансіі – у той час як на ўліку ў якасці беспрацоўных стала ўсяго 45 чалавек.
У структуры попыту 71,8 працэнта – гэта вакансіі рабочых: мантажнік будаўнічых канструкцый, арматуршчык, бетоншчык. Сярод спецыялістаў найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца інжынерныя прафесіі. Асноўная доля вакансій прыпадае на арганізацыі, занятыя на будаўніцтве Беларускай АЭС.
Па аператыўных дадзеных, сёння на будаўніцтве атамнай электрастанцыі працуе каля 5 тысяч рабочых. Плануецца, што ў пік будаўніцтва іх колькасць дасягне 8 тысяч чалавек. Аднак гэта істотна не паўплывае на колькасць насельніцтва раёна, таму што работы на ўзвядзенні АЭС вядуцца ў асноўным вахтавым метадам.
Да 2020 года – моманту ўводу атамнай электрастанцыі ў эксплуатацыю – колькасць персаналу АЭС складзе 2 тысячы чалавек. Яшчэ 820 будуць ахоўваць аб'ект, 640 чалавек складзе пастаянны будаўніча-мантажны персанал. Агульная ж колькасць персаналу на эксплуатацыі АЭС будзе каля 3,2 тысячы чалавек.
Увогуле ж да 2018 года ў раёне прадугледжваецца стварыць 458 дадатковых працоўных месцаў у адукацыі, 450 – у сістэме аховы здароўя, 27 – у культуры, 19 – у спорце.
У арганізацыях, не занятых на будаўніцтве АЭС, найбольш дэфіцытнымі з’яўляюцца прафесіі сярэдняга медыцынскага персаналу (у раёне 15 вакансій медыцынскіх сясцёр), прадаўцоў, пекараў, кандытараў – а беспрацоўных з такімі спецыяльнасцямі на ўліку ў службе занятасці няма. Каб зменшыць дэфіцыт кадраў, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва плануе ў другім паўгоддзі адкрыць на базе цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання групу падрыхтоўкі па спецыяльнасці “прадавец”.
Для беспрацоўных, якія жадаюць адкрыць сваю справу, у гэтым годзе будуць выдзелены 4 бязвыплатныя субсідыі, кожная памерам ад 11 да 16 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.
Актыўнае абмеркаванне пытання занятасці насельніцтва членамі прэзідыума ўскрыла праблему схаванага беспрацоўя: далёка не кожны, хто не мае працы, спяшаецца стаць на ўлік у службе занятасці яшчэ і таму, што там яму прапануюць не тую работу, на якую ён разлічвае. І большасць беспрацоўных у нашым раёне – людзі, якіх цалкам задавальняе іх стан і якія не хочуць і не будуць працаваць ні пры якіх умовах. Хоць ёсць і выключэнні. Як сказала Вольга Станіславаўна, сярод беспрацоўных нямала маладых жанчын, якія нарадзілі дзіця, не паспеўшы атрымаць прафесію, і зараз яны не маюць спецыяльнасці, гэтак жа, як і магчымасці паехаць некуды вучыцца, каб яе набыць, бо дома – малое дзіця. Але той, хто сапраўды хоча працаваць, заўсёды знойдзе выйсце са становішча.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, падводзячы вынік размовы, нагадала членам прэзідыума і запрошаным, што сёння, ва ўмовах дэфіцыту кадраў, які адчувае наш раён у сувязі з будаўніцтвам на яго тэрыторыі атамнай электрастанцыі, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў павінны беражліва адносіцца да сваіх кадраў. Яна прывяла ў прыклад галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Валянціна Ігнатавіча Тачонага, які заўсёды вельмі клапатліва адносіцца да кожнага члена свайго калектыву.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
