Везём ребёнка в дельфинарий. О чём нужно помнить
“Нарэшце, мая дачка падрасла і гатова да паходаў па цырках, заапарках, дэльфінарыях,” – вырашыла я – і стала думаць, куды ж нам паехаць з маёй двухгадовай малышкай у бліжэйшыя выхадныя. Ад цырка мяне адгаварыў муж – маўляў, дзіця можа спалохацца гучных фанфараў, ды і ўвогуле не выседзіць дзве гадзіны паказу. Ведаючы асаблівасці характару дачкі, я пагадзілася. Таму выбар спыніўся на дэльфінарыі.Прадстаўленне там доўжыцца 45 хвілін, а мілыя дэльфіны наўрад ці могуць спужаць малое. Яшчэ адным аргументам на карысць гэтага выбару стала тое, што дэльфінарый “Нэма” знаходзіцца на тэрыторыі заапарка – а значыць, можна забіць двух зайцаў. Вырашана! Едзем!
Так атрымалася, што да Мінска мы даехалі на ўласным аўто, але да дэльфінарыя давялося дабірацца на грамадскім транспарце. Гэта было вялікім мінусам, бо дачка стамілася ў дарозе. Аднак яна стойка вытрымала праграму “максімум”.
Гадзіну мы адвялі на заапарк. Дачка з цікаўнасцю разглядала жывёл, асаблівае захапленне выклікалі ў яе тыя, якіх яна добра ведае – ваўкі, зайцы, малпы і любімыя “мішкі”. Надоўга затрымалася Паліна каля клеткі з паўлінамі. Здаля паназірала за львамі і тыграмі. З цікаўнасцю зазірнула ў вочы дзіўнай ламе.
У мяне заапарк выклікаў неадназначныя пачуцці: мне заўсёды шкада жывёл, якія жывуць зусім не ў тых умовах, у якіх павінны жыць. У некаторых з іх быў такі няшчасны выгляд, што, гледзячы ў іх сумныя вочы, хацелася плакаць. Я нават пачала пабойвацца ісці ў дэльфінарый – там жа морам і не пахне!
Але, на маё здзіўленне, гэтыя мілыя і ласкавыя істоты выглядалі вельмі задаволенымі і шчаслівымі. Я засталася ў неперадаваемым захапленні – мурашкі бегалі па скуры. На жаль, дачкі хапіла хвілін на пятнаццаць. Спачатку яна з цікаўнасцю разглядвала дэльфінаў сваімі вялікімі вочкамі і радасна пляскала ў далоні, калі вакол гучалі апладысменты. Але неўзабаве запрыкмеціла такога ж маленькага кавалера – далей у іх пачаліся свае гульні, і ім было ўжо не да дэльфінаў.Потым мы крыху пагулялі па заапарку, купілі шарык-дэльфінчык, і ў чаканні тралейбуса бедная Поля заснула на лаўцы.
І ўсё ж я не пашкадавала аб нашай паездцы. Мы абедзве атрымалі новыя ўражанні і першы вопыт падобных мерапрыемстваў.
Калі вы таксама вырашыце аправіцца ў дэльфінарый і заапарк з маленькім дзіцём, запомніце некалькі парад:0 Гатоўнасць да наведвання цыркаў, заапаркаў, дэльфінарыяў у кожнага свая. Усе дзеці розныя. Адна знаёмая дзяўчынка ўжо з двух гадкоў ходзіць у тэатр, другая і ў чатыры просіцца з цырка дадому. Тут на дапамогу прыйдзе маміна інтуіцыя – яна ж лепш ведае свайго малыша. Мне здаецца, што аптымальны ўзрост для такога падарожжа – 3-4 гады.
0 Не менш важна падрыхтаваць дзіця да паездкі, якая прадбачыцца, а не проста купіць білет. Загадзя раскажыце малышу, куды вы паедзеце, пакажыце карцінкі ці відэа пра дэльфінаў, марскіх коцікаў, птушак і розных звяркоў.
0 Яшчэ адзін немалаважны фактар – час, на які плануецца мерапрыемства. Разлічвайце, каб ён не прыпадаў на дзённы сон дзіцяці. Маленькім дзецям лепш браць білеты на ранішнія сеансы.
0 Не купляйце білеты ў дэльфінарый на першыя тры рады, асабліва ў халоднае надвор’е – пырскі там вельмі моцныя.
0 Ехаць пажадана на ўласным транспарце і адразу ў дэльфінарый без заездаў у забаўляльныя цэнтры, паркі ці магазіны, каб малыш не стаміўся яшчэ да пачатку запланаванага мерапрыемства.
0 І не забудзьце купіць шарык і салодкую вату!
Прыемных вам паездак!
-----------------------------------
Вольга Шоўкун.
