Ветераны Островетчины вновь совершили экскурсионную поездку по району
Падарожжы – рэч прываблівая. Летам раённы савет ветэранаў арганізаваў для людей шаноўнага ўзросту экскурсію па раёне. Узрушаныя ўбачаным і пачутым, падарожнікі шкадавалі толькі аб адным: не пабачылі ўсіх прыгожых мясцін. І пыталіся: працяг будзе?Працяг адбыўся зусім нядаўна: група ветэранаў працы наведала сядзібу мастака Мар’яна Богуша-Шышкі ў вёсцы Трокенікі, дзе зараз месціцца бібліятэка і аформлена мастацкая экспазіцыя з рэпрадукцый яго малюнкаў, з якой пазнаёміла гасцей загадчыца бібліятэкі Ганна Садоўская.
Дарэчы, рэпрадукцыі на радзіму жывапісца ў свой час перадала яго жонка – лэдзі Сесілія Сондэрс, выконваючы волю нябожчыка-мужа. Адзін арыгінальны твор – карціна алеем – знаходзіцца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Госці былі ўражаны дагледжанасцю будынка, прыгажосцю наваколля – ліпавай алеяй, волатам-дубам, пад якім, магчыма, любіў бавіць час маленькі Мар’ян, дыхтоўнай мураванай старадаўняй пабудовай…
Затым вандроўнікі наведалі прыватны музей фаўны ў Трокеніках, які стварыў і пакінуў землякам у спадчыну вялікі знаўца прыроды роднага краю Мечыслаў Змітровіч і які беражліва захоўвае яго ўдава. Заехалі ў Быстрыцу, дзе наведалі касцёл Узнясення Святога Крыжа, затым, збочыўшы з дарогі на Петраполь, папілі гаючай вадзіцы са Святаянаўскай крыніцы.
Наступным пунктам маршруту сталі Гервяты. Нават тыя, хто бываў тут неаднойчы і любаваўся паркавай экспазіцыяй вакол касцёла Святой Тройцы, шукае магчымасці наведацца сюды зноў – настолькі прыцягальнае гэтае святое месца.
А завяршальным акордам стала наведванне ўнікальнай бібліятэкі-музея ў вёсцы Бабраўнікі. Упершыню я прыязджала сюды напрыканцы 90-х і была ў захапленні ад бурлівай энергіі карпатлівай збіральніцы старадаўніх скарбаў Зоі Іосіфаўны Комар. Але тады экспазіцыя была толькі ў зачаткавым стане і месцілася ў адным маленькім пакойчыку. А цяпер гэта сапраўдны музей, дзе захоўваюцца прадметы побыту, якімі карысталіся нашы землякі ў мінулым і нават пазамінулым стагоддзях. Нашчадкі колішніх уладальнікаў знаходзілі іх у каморах і на гарышчах, пунях і павецях, куфэрках і шафках і перадавалі ў бібліятэку. Зоя Іосіфаўна здолела захапіць ідэяй збіральніцтва і захавання даўніны сваіх чытачоў і проста наведвальнікаў – і яны ахвотна ёй дапамагаюць. Цяпер важна захаваць і падтрымаць музей, які мог бы стаць неардынарным турыстычным абектам.
З такімі думкамі падарожнікі пакідалі сцены гэтай унікальнай установы культуры, удзячныя гаспадыні за знаёмства і з экспазіцыяй, і з актывістамі клуба “Залаты ўзрост”, які дзейнічае пры бібліятэцы.
----------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
