Ветераны Островетчины принимают активное участие в жизни района
Пачатак года – пара справаздач. Свае здзяйсненні – праўда, не за год, а за пяць – падсумавала нядаўна гарадская ветэранская арганізацыя.Колькасна невялікая, яна тым не менш увесь гэты час працавала актыўна і плённа. Як адзначыў старшыня Вацлаў Міхайлавіч Мілідовіч, астравецкія ветэраны стараліся быць у цэнтры падзей: удзельнічалі ў мерапрыемствах па святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі – аўтапрабегу, урачыстых мітынгах каля помнікаў загінуўшым землякам, ушанаванні ветэранаў-юбіляраў. Праявілі актыўнасць у кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цесна супрацоўнічалі з сацыяльнымі службамі – дапамагалі такім жа пажылым людзям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. І вялі насычанае культурнае жыццё – ездзілі на экскурсіі па Астравеччыне, на будоўлю АЭС, удзельнічалі ў розных творчых мерапрыемствах. Многія сталі пастаяннымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці – спяваюць у народным хоры “Вясёлка”, з ахвотай збіраюцца ў клубе “Актыўнае даўгалецце”. “Словам, мы стараемся быць карыснымі”, – падвяла рысу пад справаздачай ветэран педагагічнай працы Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч. Але, на яе думку, можна зрабіць і больш. У гарадскую ветэранскую арганізацыю аб’ядналіся людзі, якія шмат гадоў адпрацавалі ў розных установах, унеслі немалы асабісты ўклад у развіццё народнай гаспадаркі раёна. Мажліва, у многіх захоўваюцца каштоўныя рэліквіі мінулых гадоў. Яны маглі б стаць экспанатамі раённага гісторыка-краязнаўчага музея, які пакуль назапашвае фонды. “Усё гэта трэба захаваць для наступных пакаленняў астраўчан, – зазначыла збіральніца і захавальніца рарытэтаў, – таму прапаную перадаць бясцэнныя матэрыяльныя сведчанні гісторыі Астравеччыны ў будучы музей”.
Ацэньваючы работу гарадской ветэранскай арганізацыі ў цэлым станоўча, удзельнікі сходу выказалі некалькі слушных заўваг і прапаноў. У прыватнасці, прагучалі шкадаванні аб тым, што ў ветэранаў няма памяшкання для сяброўскіх сустрэч, заняткаў па інтарэсах. Праблема даўняя, з няяснай перспектывай вырашэння.
На думку ветэрана-педагога Леаніда Уладзіміравіча Батуры, патрэбна ўнесці карэктывы ў саму стуктуру арганізацыі. Зараз яна аб’ядноўвае былых працаўнікоў невялікіх па складу калектываў, дзе песіянераў няшмат і пярвічнай арганізацыі няма. На значных па колькасці штату вытворчых прадпрыемствах і ў арганізацыях ветэранскія суполкі, як правіла, створаны і дзейнічаюць паспяхова. Але – адасоблена. Дык чаму б гарадской арганізацыі не згуртаваць усіх і не стаць каардынуючым цэнтрам? Думка, вартая абмеркавання на маючай адбыцца справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённага аб’яднання ветэранаў вайны і працы. З гэтым пагадзіўся старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, які падкрэсліў неабходнасць захавання карыснага вопыту мінулых гадоў у рабоце з заслужанымі працаўнікамі, падтрымання і ўмацавання сувязі з прафсаюзамі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, іншымі грамадскімі арганізацыямі. Гэта дапаможа вырашаць фінансавыя пытанні ў дзейнасці ветэранскіх суполак. Разам лягчэй працаваць.
Сход абраў кіруючыя органы гарадской арганізацыі ветэранаў – яе старшынёй зноў аднагалосна названы В.М. Мілідовіч – і вылучыў дэлегатаў на раённую справаздачна-выбарную канферэнцыю.
-----------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
