Весёлые и находчивые школьники состязались в шутках на сцене киноконцертного зала "Островец"

1
Надвор’е ў той дзень настойліва “шаптала” застацца дома. Для ўпэўненасці падзьмухвала прахалодай ветрыку і час ад часу марасіла дробным, але ад гэтага яшчэ больш пранізваючым і непрыемным дажджом.
Толькі іх гэта ні кропелькі не спалохала, ды і наогул, не звярталі яны ўвагу на такія дробязі. Бо наперадзе чакала бітва жартаў, артыстызму і прыколаў, якая абяцала – будзе горача. Усе вясёлыя і знаходлівыя спяшаліся ў Астравец, дзе ў гэты дзень у кінаканцэртнай зале “Астравец” праходзіў раённы этап КВЗ сярод школьнікаў.

Дарэчы, тэма гульні таксама была, прабачце за каламбур, што называецца “ў тэме” – “Гульня адбудзецца пры любым надвор’і”. На першы погляд можа паказацца, што нічога складанага тут няма і прастора для іскрамётных жартаў выдумшчыкаў немаленькая. Але… Як адзначыла перад пачаткам гульні адзін з членаў журы першы сакратар райкама БРСМ Аксана Лазарава: “Я нават не ўяўляю, як можна падрыхтаваць рабят да КВЗ…” І з ёй цяжка не пагадзіцца. Бо заахвоціць рабят ідэяй, прыдумаць новыя, дасціпныя і, самае галоўнае, смешныя жарты, якія б адпавядалі тэме і не з’яўляліся плагіятам, звязаць усё ў адзін сцэнарый і падрыхтаваць годны КВЗ нумар – усё гэта патрабуе багатай фантазіі, рэжысёрскіх здольнасцей і самаадданай працы як кіраўніка, так і каманды.
І тым не менш, ніякіх цяжкасцей не пабаяліся і згуляць у вясёлых і знаходлівых сабраліся восем каманд. На працягу дзесяці хвілін ім трэба было прадэманстраваць усе свае кэвэзэнскія здольнасці: з сур’ёзна-абыякавым выглядам адпускаць вострыя жарты, дурачыцца на сцэне і выступаць у абсалютна розных ролях.
Першымі смяшыць гледачоў і журы на сцэну выйшлі гімназічныя “Перцы”. “Вострая” назва абяцала засыпаць прысутных смешнымі “пярчынкамі”. Праўда, першымі выступаць і разаграваць залу заўсёды складана. Тым не менш, “Перцы” справіліся. Яны ўзнялі актуальную зараз для Астраўца тэму прыезду 5Д-кіно. Асабліва парадавала наглядная сцэна з лямантам і багатай мімікай кэвэзэншчыкаў падчас прагляду 5-дэшнага фільма жахаў “Сонечныя зайчыкі”. Адзначыліся гімназісты таксама жартамі пра рамонт ноўтбукаў і пра тое, як трэба “запальваць” дзяўчатам на “Галактыцы”, каб іх не кусалі камары.
Кэвэзэншчыкі з Падольцаў вырашылі спачатку пазнаёміць усіх са сваёй камандай: самыя баявыя, энергічныя, маладыя і сімпатычныя, а калі проста і скарочана – “БЭМС”. І калі спачатку рабяты крыху хваляваліся, то праз некаторы час справіліся з гэтым і прадэманстравалі годныя нумары. Асабіста мне спадабалася параўнанне звычайнага школьнага класа мінулых гадоў, дзе вучыліся “проста 15 дзяўчынак і 12 хлопчыкаў” з сучасным класам, дзе займаюцца 10 рэпераў, 8 хакераў і 7 нефармалаў. Яшчэ “бэмсы” парадавалі жартам пра тое, што самая вялікая памылка ў жыцці аднаго з бацькоў – гэта не выдзелены дзеепрыметны зварот.
Варнянскі “Кампраміс” я запомніла яшчэ па мінулагоднім КВЗ. Тады іх каманда, што называецца, рвала залу і была адной з лепшых. Аднак прайшоў цэлы год, змяніўся і склад каманды, ды і, як паказвае практыка, паўтараць поспехі сваіх папярэднікаў – справа не з лёгкіх. Тым не менш, як толькі варнянцы паказаліся на сцэне, стала зразумела, што будзе горача. Рызыкова-экстрэмальны нумар з пісталетам, нацэленым на яблычак, які знаходзіўся на галаве то ў аднаго з членаў журы, то ў аднаго з кэвэзэншчыкаў, суперхуткі курс загартоўвання з дапамогай аблівання халоднай вадой нецвярозых бацькі і сына перад прыходам маці, неверагодна хуткая і актыўная настаўніца, якая задае пытанні і сама ж адказвае на іх, непаўторны танец жывата ў выкананні аднаго з кэвэзэншчыкаў і шаман, які для прадказання надвор’я пасвойму арыгінальна выходзіць у інтэрнэт – усе гэтыя мініяцюры атрымалі сваю порцыю апладысментаў і нараджалі проста выбухі смеху. Аднак сапраўднай бомбай нумару было здыманне сцэны фільма з рознымі эмацыянальнымі адценнямі: пазітыўна, жаласліва, пяшчотна і ўзнёсла, эратычна… І кожны раз гэта глядзелася арыгінальна і весела. Варнянцы на самой справе паказалі сябе добрымі акцёрамі гумарыстычнага жанру. Аднак разам з тым, што выступленне каманды было смешным, на жаль, яно аказалася яшчэ і знаёмым. Вельмі многае было пазычана ў прэм’ер-лізе КВЗ. А плагіят, вядома, не толькі не прымаецца, але і строга штрафуецца. Але варта адзначыць, што артыстызм у рабят быў на вышэйшым узроўні, годны сапраўднага КВЗ.



Прыемна здзівіла і парадавала каманда вясёлых і знаходлівых з Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання пад назвай “Дзякуй”. Пародыя на інтэлектуальную гульню “Што? Дзе? Калі?” з вясёлымі пытаннямі і адказамі пра сумную казу і пакінуты сучасным модніцам падарунак ад Ганны Карэнінай; трапныя жарты пра ўраган “Антаніну” ў кватэры, галоднага хлопчыка, які даядаў батарэю, і выказванне маладой настаўніцы, якая сцвярджала, што вучні, якія кураць, доўга не пражывуць, і для нагляднасці прыстрэліла сямікласніка, ну і мудрая парада пачынаючым камерсантам, што з недадачы 100 рублёў можна вельмі хутка зарабіць мільён – паўтаруся, але выступленне самай “удзячнай” каманды парадавала, напэўна, не толькі мяне.
Хто сказаў, што дзяўчаты не ўмеюць гуляць у КВЗ? Гэтае несправядлівае меркаванне поўнасцю абверглі гервяцкія “Шпількі”. Дзяўчаты сыпалі “вострымі” жартамі, “прыкалываліся” на шматлікія тэмы і пераўвасабляліся ў розныя вобразы. Дзякуючы “Шпількам” я даведалася, навошта самалёту вентылятар, які самы эфектыўны сродак ад сланоў і што апрануць на пляж, каб усе былі ў шоку. Парадавалі і міні-сцэнкі пра страшныя суровыя ніткі, да якіх баіцца падысці нават прадавец, а таксама пра выбар добраахвотнікаў паехаць на бульбу, астатнія ж пайшлі туды пяшком. Словам, жартавалі “шпількі” па-свойму востра і арыгінальна.
Калі аб’явілі, што будзе выступаць каманда з Міхалішак, я адразу настроілася на нешта цікавае. Рабяты таксама запомніліся па мінулагодніх гульнях, аднак тады ім чагосьці не хапала да перамогі. Затое сёлета з першых секунд выступлення міхалішкаўскай “Перыферыі” стала зразумела, што на гэты раз ні гледачам, ні журы літасці не будзе. Каларытная і эфектная парачка Казік і Стаська рассмяшылі жартам пра плёнку, якая падыходзіць і фотаздымкі рабіць, і агуркі накрываць. Дзякуй “перыферыйным” дзяўчатам – зараз буду ведаць, што ў якасці бляску для вуснаў можна выкарыстоўваць звычайныя бліны і што на зіму, аказваецца, мяняць гуму трэба не толькі аўтамабілям. Асобна хочацца падзякаваць гламурным “рускім багатырам” і хіхікаючым гопнікам. Думаю, многія пазналі сябе ў своеасаблівым ток-шоу “Пазнай бульбу”, дзе трэба было вызначыць, да якога разраду адносіцца выкапаная бульба: сярэдняя, вялікая, малая або сяўбянка. Парадаваў і экспрэсіўна насычаны маналог на беларускай мове аднаго з удзельнікаў, а таксама мініяцюра “БРСМавец у чарзе”. Сваю долю смеху прысутныя атрымалі ад фокуса з закуліссем. І канчаткова “злажыла” гледачоў сцэнка пра цэнтральную раённую бальніцу. Уявіце: немалая чарга ўжо трэцюю гадзіну чакае пад кабінетам, каб трапіць на прыём да ўрача. І тут міма, а дакладней, непасрэдна па ёй, праносіцца невядомы з крыкам: “Мне толькі запытаць, толькі запытаць!” – і знікае ў дзвярах кабінета. Знаёмая сітуацыя, ці праўда? Словам, міхалішкаўцы выступілі як сапраўдныя кэвэзэншчыкі: артыстычна, дынамічна, і, галоўнае, смешна.



Мне заўсёды шкада каманду, якая выступае пасля папярэдняга ўдалага выступлення: ёй трэба пратрымаць гледачоў у зададзеным тонусе. А пасля міхалішкаўцаў гэта зрабіць было цяжкавата. І тым не менш, альхоўскі “Кіпцюрок” добра-такі “драпнуў” па гумары прысутных. Чаго толькі было варта выступленне прыгожай кошачкі побач з высокім, эфектным і крыху ганарлівым катом, на якім аж скура ласнілася – а ўсё таму, што жыве ён побач і корміцца з дамоў “атамшчыкаў”! Парадавалі рабяты і пародыяй на праграму “Я люблю Беларусь”. Аднак “цвіком” выступлення была, безумоўна, песня “Бяжы, родны кабан”. На сцэну выйшаў маленькі хлопчык з вялікім фотаздымкам вельмі сімпатычнага парсючка і жаласлівым голасам праспяваў пра ўсе наступствы афрыканскай чумы. Малайцы, “кіпцюрыкі” – паднялі такую набалелую і актуальную тэму! А завяршылі альхоўцы выступленне эфектным танцам з парасонамі з эмблемай ГА “Белая Русь”.
“Паварот налева” з СШ №1 таксама з самага пачатку даў зразумець, што сумна не будзе. Рабяты паказалі і прадэманстравалі ўсе перажыванні і эмоцыі дзяўчыны, якая два гады чакала прапановы ад свайго хлопца, і вось нарэшце… Пасмяшылі мініяцюрай пра тое, на што гатовыя два юнакі, каб на кантрольнай пасядзець з выдатніцай – стаўкі дайшлі нават да вяселля. Але больш за ўсё мне спадабалася сцэнка-дыялог рэжысёра і пакрыўджанага акцёра, які іграе нязначныя ролі: мякіш ад Калабка, дрэва ў дуброве ці сакавік у “Дванаццаці месяцах”. Трэба было бачыць увесь гумарыстычны трагізм, з якім ён скардзіўся на сваю долю і выказаў жаданне іграць значныя ролі. А напаследак самыя юныя ўдзельніцы каманды прадэманстравалі танец-урок па майстэрству спісвання “пад носам” у настаўніка.
На гэтым выступленні вясёлых і знаходлівых закончыліся і журы адправілася вызначаць лепшых. На мой погляд, бясспрэчнымі лідарамі сталі каманды з Міхалішак, Альхоўкі і Варнян. Аднак плагіят апошніх не мог застацца незаўважаным. Таксама вельмі спадабаўся гумар ад вострых гервяцкіх “Шпілек” і “Павароту налева” з СШ №1.
Тым часам журы выказала свой “прысуд”. Артыстычныя варнянцы атрымалі намінацыю “Лепшыя ігракі”. Трэцяе месца заняў “Паварот налева” з СШ №1, на другім – альхоўскі “Кіпцюрок”, а пераможцамі гульні заслужана стала мішалішкаўская “Перыферыя”.
Прызёры і пераможца атрымалі падарункі ад райкама БРСМ. А зборная каманда, куды ўвойдуць і кэвэзэншчыкі з Варнян, прадставіць наш раён на абласным этапе КВЗ.


---------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Ганны ЗАХАРЫЧ.