Весело, активно и с пользой проходит шестой школьный день в Ворнянской школе

шестой день ворняныШто такое субота? Да прыкладу, у Швецыі гэта адзіны дзень тыдня, калі дзецям дазваляецца есці цукеркі. У Аўстраліі і Новай Зеландыі – традыцыйны дзень выбараў, а ў Непале – апошні дзень тыдня і адзіны афіцыяльны выхадны. Для большасці беларусаў субота асацыіруецца са словам “не работа”, а вось для вучняў Варнянскага НПК гэты дзень напоўнены творчай актыўнасцю, крэатыўнасцю, пазнаннем новага і карысным правядзеннем часу. У чым, дарэчы, могуць упэўніцца іх бацькі і знайсці пытанне на адказ…
…Які ён, шосты школьны дзень?

Спартыўны
У Варнянскім НПК ужо стала добрай традыцыяй праводзіць тэматычныя дні здароў’я, спорту і турызму. У мінулую суботу ўсе ахвочыя маглі паўдзельнічаць у спартыўным мерапрыемстве “Са спортам сябраваць – ніколі не хварэць!”, якое па традыцыі пачалося з гімна і падняцця сцяга. Малодшыя школьнікі адчулі сябе сапраўднымі гімнастамі, а вучні 5-11 класаў – алімпійскімі надзеямі Беларусі. Тыя, хто прыйшоў у спартыўную залу без формы, актыўна падтрымлівалі сяброў і свой клас. А “журылі” падрастаючых спартсменаў бацькі, настаўнікі і члены фізкультурнага актыву школы.

шестой день ворняны1

Творчы
У суботу свае дзверы перад школьнікамі гасцінна расчыняюць адзінаццаць аб’яднанняў па інтарэсах. Асабліва дзяўчынкам, ды і хлопчыкам, падабаюцца гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэта на ўроку нельга параіцца з суседам па парце ці перакінуцца некалькімі словамі з сяброўкай – тут можна творчым тандэмам ствараць цэлыя кампазіцыі і карыстацца падказкамі кіраўніка. А якія цікавыя заняткі праводзіць Валянціна Вікенцьеўна Субаткевіч для тых, хто наведвае гурток “Дамавічок”! Работы яе выхаванцаў не аднойчы перамагалі на шматлікіх выставах і конкурсах.
А таксама вучні падрыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсах на лепшы плакат і прадмет інтэр’ера навагодняй тэматыкі.

Пазнавальны
Колькі цікавых мясцін адкрылі для сябе варнянскія школьнікі! Як, калі не ўвачавідкі, пазнаваць гісторыю роднага краю? У мінулую суботу вучні Варнянскага НПК разам з сябрамі з Гервяцкай СШ наведалі музей баявой славы імя Ф. Маркава ў Спондаўскай школе.

Патрыятычны
Многія варнянскія школьнікі займаюцца ў гуртку “Юныя сябры пагранічніка”. У мінулую суботу на заняткі завіталі супрацоўнікі Маладзечанскай пагранзаставы. Пад пільным вокам старэйшых сяброў вучні (нават дзяўчаты!) змаглі разабраць і сабраць зброю.

Які вучыць дабрыні
Члены піянерскай дружыны імя Зінаіды Партновай прынялі ўдзел у акцыі “Нашы дзеці” і сабралі падарункі і канцылярскія тавары для дзетак, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку.
Субота ў Варнянскім НПК – гэта насычаны падзеямі творчы дзень, дзе кожны вучань можа знайсці сабе занятак па душы. І хто скажа, што ў школе сумна і там трэба толькі вучыцца?

-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.