Вчера отмечался День печати

3
Учора ў нашай краіне адзначаўся Дзень друку – свята не толькі журналістаў і іншых работнікаў друку, але і, хочацца спадзявацца, усіх нашых чытачоў – бо ўся наша праца мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі словы, думкі, меркаванні журналістаў даходзяць да чытачоў і знаходзяць водгук у іх сэрцах і розуме – нават калі гэты водгук не зусім сугучны з аўтарскім словам.

Напярэдадні гэтага свята, і не толькі, мы выслухалі шмат добрых слоў аб нашай, паверце, зусім нялёгкай працы, шчырыя віншаванні і цёплыя пажаданні. Не будзем крывіць душой: чуць захопленыя водгукі, словы падзякі, атрымліваць узнагароды – гэта прыемна не толькі кошцы з вядомага афарызму, але і ўсім іншым. Журналісты ў гэтым плане – не выключэнне.
Але калі пры гэтым нас параўноўваюць з нашай жа газетай, толькі ранейшай, якая выдавалася шмат гадоў таму: маўляў, зараз у вас такая тоўстая, прыгожая, цікавая газета, раней яна была зусім іншая – становіцца крыху крыўдна. Не за сябе – нас жа хваляць! – а за сваіх калег, якія працавалі ў “Астравецкай праўдзе” раней. Можа таму, што я ў журналістыцы досыць даўно і ведаю (а чаго не ведаю, пра тое расказвалі старэйшыя калегі) кім, на чым і ў якіх умовах рабіліся газеты даўней. Паверце: не горшыя, чым мы, прафесіяналы працавалі ў журналістыцы ў тыя часы. А калі нават ім нечага не хапала ў параўнанні з сённяшнімі, “прасунутымі”, то не іх у гэтым віна – яшчэ невядома, якімі б былі мы, калі б нам давялося працаваць у тых умовах. Ну не станеце ж вы параўноўваць тагачасны трактар Т-40-“лапатунчык”, як называлі яго ў вёсцы, і сённяшнія магутныя энерганасычаныя машыны?
Не мы сталі лепшымі – час тады быў іншы. Ветэраны друку яшчэ памятаюць ручны набор, калі кожную літару тэксту трэба было ўзяць з касы і паставіць у калонку. Колькі часу займаў набор адной-адзінай заметкі? Тут ужо не да разваг “на тэмы маралі”… Ці цуд тэхнікі – лінатып, калі тыя самыя літары і радкі ўжо адліваліся з расплаўленага свінцу – ветэран друку Людміла Іванаўна Сцяфанчык, якая працавала на ім з васямнаццаці гадоў, можа расказаць, ці лёгка было рабіць газету ў тыя часы… Ці памятае сёння хто, акрамя заядлых красвардыстаў, такую спецыяльнасць друкарні – метранпаж? Сённяшнія камп’ютарныя вярстальшчыкі, якія “лёгкім шчаўчком мышкі” “перасоўваюць” на газетнай паласе здымкі і калонкі тэксту, змяншаюць ці павялічваюць загалоўкі і ўвогуле могуць тварыць (і твораць, і гэтым немагчыма не захапляцца!) цуды, не разумеюць, што “пляма” на газетнай паласе ў 30 радкоў можа стаць катастрофай і затрымаць падпісанне газеты ў друк на некалькі гадзін – дарэчы, гэтае самае запаветнае “У друк” з подпісам рэдактара часцей за ўсё з’яўлялася на адбітках звярстанай, вычытанай і выпраўленай газеты бліжэй да раніцы, а то і на золку новага дня.
А журналісты – сённяшнім карэспандэнтам цяжка ўявіць, што на поле, на ферму, у вёску да героя будучага нарыса часцей за ўсё трэба было ехаць на кані, матацыкле, на рэйсавым аўтобусе, спадарожным транспарце ці ўвогуле ісці пешшу – і ў большасці выпадкаў тое, як і на чым дабрацца ў патрэбную вёску, было іх асабістай справай. Магчыма, з вышыні сённяшніх дзён іх артыкулы пададуцца сухімі, заідэалагізаванымі – але ж ці можна нам, сучасным, патрабаваць ад тагачасных журналістаў, якія прыходзілі ў рэдакцыю, як правіла, “па лініі партыі”, ведання ўсіх тонкасцяў журналісцкага рамяства? Галоўным тады было – роўна і выверана праводзіць тую самую “лінію”! І большасць з матэрыялаў, якімі сёння зачытваюцца нашы падпісчыкі, пра якія яны дыскутуюць на сайце газеты і ў сваіх пісьмах у рэдакцыю, у тыя часы проста не маглі б з’явіцца на старонках газеты!
Таму хочацца сёння, з нагоды нашага прафесійнага свята, успомніць тагачасных супрацоўнікаў “Астравецкай праўды”, якія ў зусім іншых умовах, чым тыя, у якіх мы працуем зараз, стараліся рабіць газету цікавай насычанай, прыгожай – настолькі, наколькі гэта было магчымым. І сказаць ім вялікі дзякуй за самаахвярную працу, за тое, што падрыхтавалі плацдарм, на якім могуць дэманстраваць свае здольнасці і таленты сённяшнія журналісты.
Сёлета 5 мая, у Дзень друку, споўнілася б 80 гадоў Аляксандру Пятровічу Сычу, нашаму рэдактару, які амаль трыццаць гадоў узначальваў рэдакцыйны калектыў – добраму, мудраму, шчыраму чалавеку. Калі б ён не пайшоў з жыцця так недаравальна рана, то мы б, напэўна, адзначалі гэты юбілей зусім не так, не кветкамі і запаленай свечкай ля помніка, з якога ён глядзіць на сённяшніх прадаўжальнікаў яго справы нестарэючым позіркам… Услед за Уладзімірам Томчыкам, чые ўспаміны пра Аляксандра Пятровіча мы змяшчаем у гэтым нумары газеты, многія з журналістаў старэйшага пакалення, якім давялося з ім працаваць, маглі б узгадаць пра гады работы пад яго кіраўніцтвам і ролю рэдактара ў сваім асабістым лёсе. У тым ліку і я: Аляксандр Пятровіч прымаў на работу мяне, чарнобыльскую перасяленку, у неймаверна далёкім 1989 годзе і ўсяляк падтрымліваў на першым часе, а пазней – не перашкаджаў пісаць так, як мне пісалася, – за гэта яму мая асабістая асаблівая – на жаль, невыказаная ўслых – удзячнасць…
Прыкладам інтэлігентнасці, адукаванасці, дасціпнасці заўсёды быў і застаецца нязменны на працягу многіх гадоў адказны сакратар газеты Яўгеній Мікалаевіч Кулакоў – разумны, з тонкім пачуццём гумару, вельмі прыстойны… Калі мы рыхтаваліся да 60-годдзя і 70-годдзя газеты, менавіта Яўгеній Мікалаевіч шмат дапамог у аднаўленні гісторыі “раёнкі”.
А як не ўзгадаць напярэдадні Дня Перамогі ветэранаў вайны, якія ў свой час працавалі ў “Астравецкай праўдзе”: заўсёды акуратнага, спакойнага і асцярожнага Леаніда Іосіфавіча Ламеку; імпульсіўнага і ўзрыўнога Паўла Дзянісавіча Мартынава, разважлівага і памяркоўнага Івана Сцяпанавіча Мельнікава…
У вёсках Астравеччыны людзі старэйшага пакалення да гэтага часу памятаюць артыкулы на сельскагаспадарчую тэматыку Васіля Бондара, пранізлівыя і пранікнёныя, шчырыя да слязы і сардэчнага болю апавяданні і нарысы Артура Цяжкага…
Узгадаць усіх, хто зрабіў свой унёсак у станаўленне “Астравецкай праўды”, проста немагчыма. На жаль, спіс тых, каго сённяшнія супрацоўнікі раённай газеты віншуюць з Днём друку не цёплымі словамі і матэрыяльнай дапамогай, а кветкамі на магільным грудку, становіцца год ад году большым… Гэта сумна – але такі непазбежны закон жыцця, у якім ёсць свой мудры сэнс. Калектыў “Астравецкай праўды” маладзее: на змену ветэранам прыходзіць амбіцыйная, надзвычай таленавітая і, насуперак буркатні старых, працавітая і старанная моладзь. І гэта цудоўна! Думаю, гэтаму парадаваліся б і нашы ветэраны, якія некалі стваралі гэтую газету: справа іх рук і сэрцаў не змарнавалася, яе годна працягваюць нашчадкі.
Вось толькі хочацца, каб сённяшнія супрацоўнікі раённай газеты і нашы чытачы памяталі, якім быў шлях да тоўстай, прыгожай, насычанай “Астравецкай праўды”. І тых, хто пралажыў для нас гэты шлях.
Хоць бы дзеля таго, каб некалі ўспомнілі і іх, – ёсць надзея, што нават самыя юныя некалі стануць ветэранамі журналістыкі…

-------------------
Ніна РЫБІК.