Варнянская школьніца вярнулася з перамогай
З перамогай вярнулася з 11-й навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Ступені да навукі”, якая праходзіла ў горадзе Слоніме, варнянская школьніца.
Наша газета ўжо не раз пісала пра дасягненні варнянскіх школьнікаў – яны пастаянна знаходзяцца ў пошуку. Вось і напачатку красавіка Яна Сідарэнка, Ксенія Пашук і Вольга Калтан са сваімі навуковымі даследаваннямі адправіліся ў Слонім, каб пазмагацца за перамогу.
Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 209 школьнікаў. Іх работы былі размеркаваны па пяці секцыях – замежных моў, краязнаўства, хіміі, інфарматыкі і эканомікі. Нашы школьнікі ўдзельнічалі ў рабоце секцыі па хіміі – “Утрыманне вітаміна С у фруктах і гародніне”, і па краязнаўству – “Дубнікі – сядзіба Астравеччыны” і “Гісторыя развіцця адукацыі ў вёсцы Варняны”.
За час ўдзелу ў канферэнцыі школьнікі мелі магчымасць не толькі абараніць свае работы, але і з’ездзіць на экскурсію ў Жыровічы, і схадзіць на канцэрт “Песні над Шчарай”.
А фартуна на гэты раз усміхнулася Яне Сідарэнка: яе даследаванне, зробленае пад кіраўніцтвам маладога настаўніка Сяргея Мар’янавіча Свіркоўскага, было прызнана найлепшым, а сама Яна – узнагароджана дыпломам І ступені.
Алена ЯРАШЭВІЧ.