Варнянскія эколагі – на вышыні!

З перамогай вярнуліся варнянскія школьніцы з абласнога злёту юных эколагаў “Захаваем нашу зямлю блакітнай і зялёнай.


Не першы раз школьніцы з Варнян ўдзельнічаюць у падобных мерапрыемствах. Неаднаразова яны з’яўляліся пераможцамі і прызёрамі  шматлікіх навуковых канферэнцый і алімпіяд.
Вось і сёлета  васьмікласніца Марта Блашкевіч і дзесяцікласніцы Валерыя Апановіч, Яна Сідарэнка і Дзіяна Асадчук са сваім кіраўніком Аленай Іванаўнай Юркойць накіраваліся ў Гродна ў абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва, дзе дзяўчат чакалі выпрабаванні. Усяго ж у злёце юных эколагаў прынялі ўдзел 14 каманд з розных раёнаў Гродзенскай вобласці.
Пачалося ўсё  з візітоўкі. Каманда “Маніторынг” – менавіта такую назву абралі школьніцы – падрыхтавала прэзентацыю, у якой пад музыку з кінафільма “Чырвоная шапачка” расказала пра маніторынгі экасістэм, памяшканняў, фізічнага развіцця вучняў, вады і паветра.
Падчас другога выпрабавання дзяўчаты выконвалі тэставыя заданні павышанай цяжкасці па батаніцы, заалогіі, гідрабіялогіі і глебазнаўству – і  нягледзячы на тое, што некаторыя прапанаваныя  тэмы вывучаюцца толькі ў 11 класе, справіліся з імі добра.
У выніку каманда Астравецкага раёна заняла другое месца, а школьніцы з Варнян узнагароджаны дыпломамі і падарункамі. Наперадзе нашай каманды  толькі вучні спецыялізаванай гімназіі імя Карскага г. Гродна.
Віншуем!


Алена ЯРАШЭВІЧ.