Ваенна-патрыятычны летнік: гульня ў армію
Толькі пачаліся доўгачаканыя канікулы, як юнакі, што закончылі дзясятыя класы, сталі збіраць рукзакі. Сёлета ім не прыйшлося думаць, дзе правесці пачатак лета, – для іх у “Ластаўцы” былі запланаваны ваенна-палявыя зборы.
Ужо другі год запар першая змена ў гэтым дзіцячым летніку пачынаецца менавіта з абаронна-патрыятычнага лагера. Праўда, доўжыцца яна не 18 дзён, як звычайна бывае ў летніку, а толькі дзевяць.
Ваенна-палявыя зборы – гэта своеасаблівы працяг школьнага курса дапрызыўнай падрыхтоўкі, падчас якой будучыя прызыўнікі праходзяць вывучэнне ваеннай справы.
Сёлета тут адпачывалі 95 падлеткаў. Але “адпачывалі” – гучна сказана. Бо прыехалі яны сюды не столькі па адпачынак, колькі па веды і ваенныя навыкі. За кароткі тэрмін дзесяцікласнікі павінны былі пазнаёміцца з рэаліямі салдацкага жыцця і зразумець, што гэта азначае на практыцы: абараняць радзіму.
Усіх юнакоў размеркавалі не па атрадах, як звычайна бывае ў аздараўленчых летніках, а па ўзводах. У кожным – два выхавацелі ці, інакш кажучы, камандзір узвода і яго намеснік, а таксама дзяжурны і тры днявальныя – усё амаль як у арміі.
Традыцыйна ўсё пачалося з адкрыцця летніка. А потым дні пайшлі па раскладу: 7.00 – пад’ём, затым – фіззарадка, практыкаванні, крос, водныя працэдуры – і далей па загаддзя распрацаванаму графіку.
Сёння яны бягуць крос на тры кіламетры, заўтра – кідаюць гранату, падцягваюцца на перакладзіне, маршыруюць. Была сярод гэтых ваенных трэніровак і вольная гадзіна, калі хлопцы спаборнічалі ў гульнях у валейбол, баскетбол, футбол. А потым зборная каманда юнакоў змагалася з пагранічнікамі. Наладжваліся і сустрэчы з цікавымі людзьмі з розных арганізацый, захапляльныя лекцыі па падрыхтоўцы да службы ў арміі.
Дні рабяты праводзілі не толькі ў летніку – падчас змены яны выязджалі ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай, дзе вучыліся збіраць і разбіраць аўтаматы Калашнікава, стралялі ў ціры, і на пагранічную заставу “Лоша”, дзе пазнаёміліся з жыццём і службай асабовага саставу, з баявой тэхнікай і ўзбраеннем. Многія з іх ужо цяпер вучацца ў вучэбна-вытворчым камбінаце і ў наступным годзе атрымаюць правы вадзіцеля, таму наведванне станцыі тэхабслугоўвання на заставе таксама было вельмі дарэчы.
Усе дзевяць дзён побач з рабятамі пастаянна знаходзіліся іх настаўнікі па дапрызыўнай падрыхтоўцы і фізічнай культуры і камандзір роты – таксама настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі гімназіі №1 Станіслаў Антонавіч Савіцкі.
Дванаццаты год на пачатку лета Станіслаў Антонавіч, цяпер – настаўнік, а ў мінулым – ваенны афіцэр, на некалькі дзён ператвараецца ў камандзіра – і, як у маладосці, займаецца выхаваннем будучых салдатаў. І тады на памяць яму зноў і зноў прыходзяць вучоба ў ваенна-палітычным вучылішчы, служба ў Калінінградзе, у некалькіх дывізіях у Германіі, потым – у Асіповічах. Пасля выхаду на пенсію ён не застаўся без справы: калі прапанавалі работу настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі, згадзіўся – і ніколі аб гэтым не пашкадаваў.
– Авалодаць у кароткія тэрміны сучасным узбраеннем, стаць дастойным абаронцам радзімы – справа складаная, таму кожны юнак павінен заранней рыхтаваць сябе да ваеннай службы, – з нейкім асаблівым пачуццём гаворыць Станіслаў Антонавіч, і адразу становіцца зразумела: тое, чым ён займаецца, яму вельмі блізка і дорага. – Дзевяць дзён – гэта малы тэрмін, каб падрыхтаваць будучых салдат. Але за той час, што рабяты праводзяць у летніку, яны паспяваюць многае. І калі напачатку звычайныя каманды “направа”, “налева”, уменне звяртацца да старэйшых, дзеянні пры надзвычайных сітуацыях для некаторых – кітайская грамата, то праз дзень-другі яны маршыруюць, як сапраўдныя салдаты, амаль напамяць ведаюць статут і дакладна выконваюць усе каманды. А чым далей, тым больш спасцігаюць ваенную справу.
“Невясёлы адпачынак,” – падумалася мне. А што думаюць пра гэта самі хлопцы?
– Я з задавальненнем паехаў у абаронна-патрыятычны летнік. Па-першае, у хуткім часе збіраюся пайсці ў армію і хацеў бы служыць у элітных войсках. Напрыклад, у спецназе. А тое, што тут адбываецца, нейкім чынам нагадвае ваенную службу, – расказвае Дзіма Петрык з гімназіі №1. – А яшчэ гэта добры шанс пазнаёміцца з аднагодкамі з іншых школ раёна, пасябраваць, даведацца нешта новае.
– Мне ў летніку таксама спадабалася, – гаворыць Аляксей Сямашка, вучань Варнянскай школы. – Была б магчымасць – у наступным годзе абавязкова прыехаў бы сюды яшчэ раз. Цікава і пазнавальна. Я з задавальненнем сустрэўся з пагранічнікамі, пазнаёміўся з іх жыццём і задаў ім шмат цікавячых мяне пытанняў. А раптам пашчасціць служыць у пагранічных войсках?! Ды і ў любым выпадку – набытыя веды і навыкі яшчэ не раз спатрэбяцца ў жыцці!
Сіла, спрыт, вынослівасць – галоўны дэвіз абаронна-патрыятычнага летніка. І здаецца, за змену рабяты даказалі, што яны сапраўды гатовы стаць дастойнымі абаронцамі Айчыны.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.