В Вильнюсе состоялось совещание совместной консультативной комиссии Министерства образования Республики Беларусь и Министерства образования и науки Литовской Республики

На працягу двух дзён у Вільнюсе праходзіла пасяджэнне сумеснай кансультатыўнай камісіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі. У склад беларускай дэлегацыі, якая наведала суседнюю краіну, увайшла і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Іосіфаўна Станкевіч.


Пасяджэнні кансультатыўнай камісіі дзвюх краін праходзяць штогод. У мінулым годзе пытанні адукацыі ў Літве і Беларусі заслухоўваліся ў Астраўцы, а сёлета ўсіх зацікаўленых сустракалі ў Літоўскай Рэспубліцы.

Пачатак рабоце камісіі быў пакладзены сустрэчай прадстаўнікоў беларускага боку з паслом нашай краіны ў Літве. Падчас яе былі абмеркаваны асноўныя накірункі работы кансультатыўнай камісіі.

У першы дзень работы камісіі з  інфармацыяй  аб новаўвядзеннях у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь: аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, увядзенне профільнага навучання і незалежнай выніковай атэстацыі  – выступіла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Святлана Васільеўна  Уклейка.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Іосіфаўна  Станкевіч праінфармавала аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання і ў Рымдзюнскім дзіцячым садку.

Сістэму адукацыі суседняй краіны ахарактарызаваў  дырэктар Дэпартамента агульнай і прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі Саўлюс Зібартас. У Літве таксама праходзіць шэраг адукацыйных змяненняў. Так, вялікая ўвага надаецца павышэнню якасці дашкольнай адукацыі, рабоце з адоранымі вучнямі,  укараненню электронных сродкаў навучання і  развіццю сярэдняй прафесійнай адукацыі. І таму праблемы і новаўвядзенні, якія адбываюцца ў сістэмах адукацыі дзвюх краін, блізкія, а значыць,  шляхі іх вырашэння таксама можна шукаць разам.

Падчас перамоў дэлегацыі дзвюх краін  разгледзелі  актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі –  у планах стварэнне рабочай групы па перакладу беларускіх падручнікаў на літоўскую мову і стварэнне факультатыўных праграм на літоўскай мове.  Было таксама вырашана актывізаваць работу  па прыцягненні ВНУ дзвюх краін да сумеснага ўдзелу ў праектах Еўрапейскага Саюза  ў галіне адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі моладзі і спорту. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў пачатку 2015 года сустрэчы экспертаў па падрыхтоўцы да заключэння межурадавага Пагаднення аб прызнанні раўназначнасці дакументаў аб адукацыі.

Другая частка пасяджэння была прысвечана пытанням выканання пратакола сумеснай кансультатыўнай камісіі за мінулы год.

Работа кансультатыўнай камісіі закончылася наведваннем Вільнюскай  гімназіі імя Францыска Скарыны.  Тут прайшла сустрэча з педагагічным і вучнёўскім калектывамі –  беларуская дэлегацыя   пазнаёмілася з адукацыйна-выхаваўчым працэсам і запрасіла вучняў наведаць рэспубліканскае  навагодняе прадстаўленне  з удзелам Прэзідэнта нашай краіны.