В Территориальном центре социального обслуживания населения открылось отделение дневного нахождения для людей пожилого возраста

У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Астравецкага раёна (вуліца Ленінская, 79, тэл. 23-6-37) адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

– Падобныя аддзяленні створаны ва ўсіх раёнах нашай вобласці, – расказвае яго загадчыца Аксана Генрыхаўна Свірская. – Прызначана яно для арганізацыі вольнага часу, аказання сацыяльна-бытавых паслуг пажылым людзям, якія хочуць весці актыўны лад жыцця, мараць чамусьці навучыцца і могуць нечаму навучыць іншых.

Сёння ў аддзяленні працуюць тры чалавекі. Акрамя загадчыцы, якая, дарэчы, раней працавала ў аддзяленні адаптацыі і рэабілітацыі гэтага ж цэнтра, тут ёсць спецыяліст па сацыяльнай рабоце і кіраўнік гурткоў.

Першапачаткова спецыялісты цэнтра правялі анкетаванне пажылых грамадзян і вызначылі накірункі, у якіх хацелі б удзельнічаць пенсіянеры. Ужо сёння ў пажылых людзей, якія будуць залічаны ў аддзяленне, ёсць магчымасць навучыцца ствараць прыгожыя рэчы ў тэхніцы дэкупажу і канзашы, вышываць стужкамі, рабіць сувеніры з тканіны. Створаны таксама гурткі па тэатральнай творчасці і музыцы, фізкультурна-аздараўленчы і экскурсійна-турыстычны.

Але з часам, упэўнена загадчыца аддзялення, спіс гурткоў можна будзе павялічыць – было б жаданне наведвальнікаў. А жадаючых, калі меркаваць па статыстыцы, якая сведчыць, што ў Астравецкім раёне пражывае 6 787 пенсіянераў, павінна быць шмат.

– Многія пажылыя людзі не сядзяць дома склаўшы рукі – яны не толькі вяжуць і вышываюць, але і самастойна асвойваюць новыя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці: дэкупаж, квілінг і карвінг, пляценне з газет і многія іншыя, – расказвае Аксана Генрыхаўна. – Аднак многія хацелі б, каб на базе аддзялення былі адкрыты камп’ютарныя курсы, праводзіліся творчыя вечары і дыскатэкі для пажылых людзей. На жаль, пра камп’ютарныя курсы для вялікай групы жадаючых мы пакуль можам толькі марыць – у аддзяленні ўстаноўлены толькі адзін камп’ютар – але нават у гэтым выпадку мы можам арганізаваць індывідуальнае навучанне для тых, хто вельмі жадае асвоіць новую тэхніку. А вось дыскатэкі і творчыя мерапрыемствы можам арганізоўваць і праводзіць.

– Залічэнне ў наша аддзяленне адбываецца вельмі проста: на падставе заявы. Прычым абслугоўванне можа ажыццяўляцца на разавай, часовай ці пастаяннай асновах, – працягвае загадчыца аддзялення. – Да таго ж наведванне ўсіх гурткоў, у адрозненне ад многіх іншых раёнаў нашай вобласці, бясплатнае.

На днях спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання для маладых інвалідаў арганізавалі святочнае мерапрыемства да Дня жанчын. І ўсе, хто прысутнічаў на гэтай сустрэчы, упэўнены, што карысць ад такіх спраў і мерапрыемстваў вялікая.

– Вельмі хочацца, каб людзі прыйшлі да нас. А мы ў сваю чаргу зробім усё, каб ім было цікава. У нашым раёне жыве шмат таленавітых і творчых людзей, якія самі ствараюць прыгожыя рэчы і гатовы падзяліцца сваім майстэрствам з іншымі. Таму ў планах правядзенне майстар-класаў, дзе кожны зможа прадэманстраваць сваё майстэрства, – гаворыць загадчыца аддзялення.

Планаў у Аксаны Генрыхаўны і спецыялістаў аддзялення шмат – застаецца толькі ажыццявіць іх.

----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.