В Средней школе №1 г. Островца выбрали лучшего учителя

Школьны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” прайшоў у СШ №1 Астраўца.

Праявіць сябе і прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства ў спаборніцтве вырашылі не толькі вопытныя настаўнікі, але і маладыя педагогі. Заяўкі на ўдзел у школьным этапе падалі настаўніца пачатковых класаў Алена Іосіфаўна Бародка, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Вольга Рамуальдаўна Нікалайкава і Вольга Іванаўна Грынцэвіч, замежнай мовы Ірына Браніславаўна Праскіна і фізічнай культуры і здароўя Яўгеній Мікалаевіч Бандарэнка.
На ўсіх этапах конкурсу настаўнікаў чакалі няпростыя выпрабаванні: адкрыты ўрок і яго самааналіз, творчая самапрэзентацыя і публічнае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці.
Работа не толькі настаўнікаў, але і членаў журы пачалася на адкрытых уроках канкурсантаў.
Вольга Іванаўна Грынцэвіч разам са сваімі выхаванцамі адправілася ў Рэспубліку Кемлівых. Вучні Вольгі Рамуальдаўны Нікалайкавай пабывалі ў Краіне Сінтаксісу. Ірына Браніславаўна Праскіна зацікавіла і школьнікаў, і членаў журы тэмай “Мода”. Яўгеній Мікалаевіч Бандарэнка развіваў на сваім уроку фізічныя якасці школьнікаў. А ўрок Алены Іосіфаўны Бародка вучыў школьнікаў цаніць сямейныя каштоўнасці і з павагай адносіцца да сваіх блізкіх.
Наступны этап конкурсу праходзіў у актавай зале. Падчас яго неабходна было прадставіць творчую самапрэзентацыю: расказаць пра сябе і сваю работу. Усе канкурсанты з гэтай задачай справіліся вельмі добра. Члены журы і педагогі школы, што сабраліся ў той дзень у актавай зале, убачылі цікавы відэафільм, прэзентацыі з вершаванымі суправаджэннямі, якія дапамаглі даведацца, чым займаюцца і захапляюцца іх калегі-настаўнікі, і яшчэ раз упэўніцца ў тым, што іх любяць і паважаюць дзеці
Падчас публічнага прадстаўлення сістэмы педагагічнай дзейнасці “Навучаючы, я выхоўваю” ўсім канкурсантам давялося праявіць аратарскае майстэрства і падзяліцца вопытам сваёй педагагічнай работы.
Кожны конкурс журы ацэньвала па пяцібальнай сістэме. І да фіналу удзельнікі прыйшлі з багатым багажом адзнак.
Вынікі конкуру падвяла дырэктар СШ №1 Марына Мар’янаўна Кутовіч. Найбольшую колькасць балаў і адпаведна тытул пераможцы школьнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” быў прысуджаны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вользе Іванаўне Грынцэвіч, якая прыме ўдзел у раённым конкурсе.
Пераможца і ўсе ўдзельнікі школьнага этупу былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад спонсара мерапрыемства, індывідуальнага прадпрымальніка Аляксея Вацлававіча Багдзюна. Граматы і падарункі раённага выканаўчага камітэта ўручыла канкурсантам намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Леанідаўна Лянкевіч.
Школьны этап конкурсу завяршыўся, вызначаны лепшы настаўнік СШ №1. А наперадзе ў Вольгі Іванаўны Грынцэвіч сур’ёзная падрыхтоўка да наступнага этапу. Пажадаем ёй поспеху!


-------------------------
Інна СЕМЯНЧУК.