В шестой раз в Островце прошёл благотворительный концерт в поддержку людей с ограниченными возможностями (+видео)
Дабрачынны канцэрт у дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі прайшоў у Астраўцы ў мінулую пятніцу. Шосты год запар ён збірае нераўнадушных да чужой бяды, вучыць спагадзе, дабрыні і міласэрнасці.А вы чулі калі-небудзь, як крычаць нябёсы і асляпляльнай маланкай, грозным громам, шквалістым ветрам звяртаюцца да чалавецтва: “Пачуй мяне!”?
А вы бачылі хоць аднойчы, як крывавяць аблокі? І балючым патокам мільярдаў слёз навальнічнага дажджу просяць: “Спыніся! Азірніся навокал: ты не адзін!”
…А вы чулі калі-небудзь, як моляцца нябёсы? Мы думаем, што гэта мы – здаровыя, самадастатковыя, упэўненыя – дапамагаем людзям, магчымасці якіх крыху адрозніваюцца ад нашых. На самой жа справе ўсё наадварот – гэта яны дапамагаюць нам і вучаць дабрыні, спагадзе, аптымізму, магчымасці бачыць чужую бяду і працягнуць руку дапамогі. Вучаць нас быць людзьмі… І дзякуючы ім, спадзяюся, мы навучымся чуць нябёсы. І калі-небудзь абавязкова ўбачым, як яны ўсміхнуцца нам у адказ...
У пачатку снежня адзначаецца дзень людзей, магчымасці якіх адрозніваюцца ад іншых, – яны абмежаваны рознымі захворваннямі. І традыцыйна ў гэты дзень у Астраўцы праходзіць дабрачынны канцэрт, які наведваюць не толькі жыхары райцэнтра, але і госці з суседніх раёнаў.Сёлета гэтае мерапрыемства прайшло ў шосты раз дзякуючы сумесным намаганням аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Выручаныя падчас канцэрта грошы пойдуць на дапамогу дзецям і маладым людзям з захворваннямі аўтызм і сіндром Дауна, якіх на Астравеччыне пражывае дзесяць чалавек.
Амаль цалкам запоўненая кінаканцэртная зала “Астравец”: адны ўсаджваліся на свае месцы ў глядацкай зале, другія яшчэ знаходзіліся ў фае, дзе можна было набыць прыгожыя вырабы, якія сваімі рукамі зрабілі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра, палюбавацца на выставу Валянціны і Дзмітрыя Віннічкаў і нават паўдзельнічаць у галасаванні на выяўленне лепшага анёла, зробленага сваімі рукамі.
Штогод бываю на дабрачынным канцэрце – і з радасцю адзначаю, што людзей на ім не становіцца менш. Значыць, не змяншаецца колькасць неабыякавых да чужых праблем і бяды бліжняга.Сёлета дабрачынны канцэрт называўся “Неба крычыць!” – каб засяродзіць увагу на жыцці кожнага з нас і задумацца: а ці не за мае грахі будуць расплачвацца нявінныя дзеці? Падчас мерапрыемства неба звярталася да гледачоў пяшчотнымі і мілымі галасамі юных артыстаў, жыццярадаснымі танцамі дзетак і прыгожымі нумарамі дарослых выканаўцаў Астравеччыны. Іх выступленні нікога не пакінулі раўнадушнымі: то хацелася плакаць – і мароз катарсісу прабягаў дрыжыкамі па скуры, то, быццам праменьчык сонейка, песня сагравала душу – і хацелася ўсміхацца.
Неспадзяваным сюрпрызам для астраўчан стала выступленне падчас дабрачыннага канцэрта вядомага спевака Беларусі Сашы Нэма. Выканаўшы некалькі шчырых і вясёлых песень, артыст падараваў гледачам шмат пазітыўных эмоцый і добры настрой.Не менш шчырыя апладысменты і ўдзячныя ўсмешкі атрымалі і крэатыўныя артысты творчага калектыву “Смайл” аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, якія прадставілі гледачам сучасную версію вядомай казкі “Калабок”.
Больш дзвюх гадзін дабрачыннага канцэрта праляцелі непрыкметна, бо ў кожны нумар удзельнікі ўкладвалі шчырасць і цяпло душы. Напрыканцы мерапрыемства былі падведзены вынікі конкурсу на лепшага самаробнага анёла, якія былі выстаўлены ў фае. Больш за ўсё галасоў набралі анёл першакласніка Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы Данііла Агейчыка, калектыўная работа аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра і анёл Валянціны Віннічак. Пераможцы былі ўзнагароджаны падарункамі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.


Дабрачыннасць не бывае адзінокай – дзякуючы пералічэнням арганізацый, пакупцы білетаў, купонаў, асабістым ахвяраванням нераўнадушных людзей было сабрана больш за 37 мільёнаў рублёў. Больш таго, на працягу тыдня яшчэ можна ахвяраваць грошы пералічэннем на спецыяльны рахунак.https://youtu.be/v43DO8oh-CU
---------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.
