В Рытанском сельисполкоме судили тех, кто попал в зависимость от алкоголя

Law and justice conceptУ большасці людзей судовае пасяджэнне асацыіруецца са злачынствам: крадзеж, хуліганства, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, забойства… Аднак бывае, што судзяць за тое, што людзі свядома, з-за ўласнай слабасці губяць сваё жыццё. Менавіта такія справы разглядаліся на адным з выяздных пасяджэнняў, якое праходзіла ў Рытанскім сельвыканкаме.

У гэты дзень разглядаліся ажно чатыры справы – у кожнай на лаве падсуднага павінна была сядзець побач з абвінавачваемым “зладзейка з наклейкай”. І пакаранне ўсіх чакала аднолькавае – накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Абвінавачванні ва ўсіх былі аднолькавыя – неаднаразовае знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы ці на працы, ігнараванне папярэджванняў участковага інспектара. А вось людзі, якія сядзелі на лаве падсудных, былі розныя.

Вось мужчына моўчкі, схіліўшы галаву, слухае абвінавачванні… А калі яму далі слова, задаволіўся парай фраз: “Вінаваты. Хачу выправіцца. Дайце апошні шанс”. На мужчыну прадстаўлена станоўчая характарыстыка з месца, дзе ён падпрацоўвае, заступіўся за яго і стрыечны брат, які паабяцаў, што дапаможа родзічу закадзіравацца – сам ён з гэтай бядой, па ўсім відаць, не справіцца. Мужчыну было шкада – бачна: працавіты, але слабахарактарны, ён ніяк не можа выблытацца са стойкай алкагольнай багны.

Другі, наадварот, паводзіў сябе з выклікам, часам агрэсіўна, перабіваў выступаючых і спрабаваў даказаць сваю правату. Ён тлумачыў, што спіртное дапамагае пазбавіцца ад болю ў падстраўнікавай залозе – цікавы спосаб “лячэння”! Смех скрозь слёзы… Было зразумела, што мужчына не ўяўляе ўсёй сур’ёзнасці справы і не хоча нічога рабіць для свайго выратавання. На папярэджванні праваахоўных органаў адказвае з выклікам: “Адпраўляйце ў свой ЛТП – але як піў, так і буду піць!”

Наступнай на лаве падсудных сядзіць жанчына на знешні выгляд –гадоў пяцьдзясят, на самой справе – крыху за трыццаць. Можна доўга разважаць аб згубнасці і цяжкіх наступствах жаночага алкагалізму, але калі сутыкаешся з гэтым “твар у твар”, мароз прабягае па скуры. Як высветлілася падчас пасяджэння, – маладая жанчына жыве з сужыцелем і з ім жа выпівае; пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Яна нават не імкнецца спыніцца, наладзіць жыццё, паспрабаваць вярнуць сваіх дзяцей, а сэнс існавання бачыць на дне шклянкі? Аднак і яна просіць даць ёй апошні шанс, абяцае закадзіравацца. Толькі ў адрозненне ад першага мужчыны, гэтыя просьбы выклікаюць не шкадаванне, а недавер і абурэнне.

Апошняя падсудная, таксама жанчына, пакінула супярэчлівае ўражанне. Акуратная, ветлівая, прыемнай знешнасці, яна ніяк не падобная на чалавека, жыццё якога з-за злоўжывання спіртнымі напоямі, коціцца ў бездань. Працуе, гадуе сына-школьніка, трымае дом і гаспадарку ў чысціні і парадку. Канешне, знешнасць бывае падманлівай, ды і ўчастковы інспектар не будзе без прычыны біць трывогу. Канчатковы прысуд па гэтай справе вырашана перанесці на наступнае пасяджэнне.

Гэта не каментарыі спецыяліста, а ўражанні назіральніка, якому, на шчасце, не трэба, у адрозненне ад членаў суда, прымаць адказных рашэнняў і судзіць далейшыя лёсы людзей. Аднак нават ад убачанага становіцца ніякавата – да чаго можа прывесці “нявінны і бясшкодны” кілішак! Толькі апошняя кропля алкаголю на дне шклянкі можа стаць і апошнім момантам нармальнага жыцця.

Марына МАЦКЕВІЧ.