В районном отделе внутренних дел подвели итоги работы за полугодие
На сходзе прысутнічаў намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама – начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравым забеспячэнні Герман Генадзьевіч Алейнікаў.
З аналізам аператыўнай абстаноўкі па Астравецкаму раёну пазнаёміў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Іванавіч Квач. У цэлым крымінальная сітуацыя заставалася падкантрольнай, прынятыя меры дазволілі спыніць асобныя негатыўныя тэндэнцыі, якія назіраліся ў раёне ў другім паўгоддзі мінулага года. Аднак праблем і складаных момантаў хапае.
На жаль, у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам, сёлета адзначаецца рост агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў (+32,47%) і ўзроўню злачыннасці (+14,7%). Часткова гэта звязана з павелічэннем насельніцтва ў Астраўцы. Больш злачынстваў здзейснена групай асоб (+10), непаўналетнімі і пры іх саўдзеле (+5), у грамадскіх месцах (+3), у сельскай мясцовасці (+3). Павялічылася таксама і колькасць забойстваў ці замахаў на жыццё (+1), згвалтаванняў (+1), наўмысных нанясенняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў (+5), крадзяжоў (+12), у сферы высокіх тэхналогій (+7).
Назіраюцца ў рабоце праваахоўнікаў за першае паўгоддзе і станоўчыя тэндэнцыі: менш злачынстваў здзейснена грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення ці судзімымі. Не зарэгістравана вымагальніцтваў, ашуканства, крадзяжоў аўтамабіляў, раз-бояў. Больш выяўлена злачынстваў па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі (+1), а таксама па лініі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (+8). Выяўлена больш зладзеяў, які падазраваліся ў крадзяжах з кватэр і прыватных дамоў, павялічылася колькасць знятай з незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі (+13%).
У завяршэнні выступлення начальнік РАУС падкрэсліў, што супрацоўнікі аддзела будуць і далей працаваць на паляпшэнне крымінальнай абстаноўкі ў раёне і выказаў спадзяванне, што ў другім паўгоддзі паказчыкі зменяцца да лепшага.
Завяршылася падвядзенне вынікаў прыемнай цырымоніяй узнагароджвання. Пагоны і першае спецыяльнае званне лейтэнанта міліцыі атрымаў участковы інспектар Эдуард Янкойць. Нагрудным знакам “За адзнаку” быў узнагароджаны міліцыянер-вадзіцель ізалятара часовага ўтрымання Аляксандр Плаўскі. Грамата начальніка Упраўлення ўнутраных спраў была ўручана старшаму інспектару аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ірыне Віткевіч, а падзяка – супрацоўніку групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Валерыю Масальскаму. Юбілейнымі медалямі “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” ўзнагароджаны намеснік начальніка РАУС Валерый Супрановіч і ўчастковы інспектар Аляксандр Лукша.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.

