В помощь воспитателям - современные информационые технологии
У апошнія гады вялікая ўвага надаецца пытанням укаранення інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Сёння камп’ютары, мультымедыя, інтэрнэт ёсць ва ўсіх школах.Інфарматызацыя ў нашым раёне ўжо дайшла і да дзіцячых садкоў. І калі раней камп’ютарамі тут карысталіся толькі для вядзення асноўнай дзейнасці, то цяпер выхавальніцы з задавальненнем праводзяць заняткі з дзецьмі з дапамогай камп’ютара і мультымедыйнай устаноўкі.
Менавіта гэта і прадэманстравалі падчас семінара для загадчыкаў дзіцячых садкоў адміністрацыя і педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца. З верасня мінулага года гэтая дашкольная ўстанова стала раённым рэсурсным цэнтрам па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій. З таго часу іх выкарыстанне ў навучанні дзяцей тут стала адным з прыярытэтных накірункаў.
І таму арганізатары семінара паставілі сабе за мэту – упэўніць і іншых педагогаў, што без інфармацыйных тэхналогій сёння не абысціся. І гэтымі задачамі падчас мерапрыемства заняліся метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Трэйгіс і намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца Галіна Андрэеўна Восарава, якія падрабязна расказалі пра выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у дзіцячым садку.
Госці садка наведалі некалькі мерапрыемстваў. На першым з іх, якое правялі Жанна Адольфаўна Змітровіч і Таццяна Іванаўна Іваноўская, галоўным героем стаў казачны персанаж Кот Леапольд, які з дапамогай “разумнай” карты пазнаёміў рабят з гісторыяй стварэння веласіпеда. Перавага камп’ютара перад паперай відавочная – з дапамогай мультымедыя можна вывесці любую карцінку на вялікі экран, інтэрнэт дапаможа ажыццявіць падарожжа ў Мінск, ды і ўвогуле можна без праблем віртуальна падарожнічаць па ўсім свеце. Менавіта гэтым і заняліся дашкольнікі падчас занятку “Кручу педалі”.
Наведалі госці садка і карэкцыйна-развіваючы занятак настаўніка-дэфектолага Наталлі Нікіфараўны Такарчук, які яна таксама правяла з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.
– Сёння многія лічаць, што камп’ютар шкодны для здароўя дзіцяці, – заўважае намеснік загадчыцы дашкольнага цэнтра Галіна Андрэеўна. – Гэта так. Але роля інфармацыйных тэхналогій у навучанні дзяцей вялікая. Асабліва тады, калі выкарыстоўваць развіваючыя праграмы. Даступнасць, навізна і нагляднасць матэрыялу – гэта толькі невялікі пералік таго, што можа даць дашкольнікам камп’ютар, які, зразумела, трэба прымяняць без урону для здароўя. Педагогі дашкольнага цэнтра №1 ні ў якім разе не выцясняюць іншыя віды дзейнасці – наадварот, прапануюць іх у цеснай сувязі з камп’ютарным навучаннем.
Быў у педагогаў час і на абмен вопытам – кожны расказаў, як выкарыстоўвае камп’ютар у сваёй дзейнасці. Усе пагадзіліся з тым, што сёння з дапамогай камп’ютара і новых развіваючых праграм у выхаванні і навучанні дзяцей можна тварыць цуды.
Фота з сайта megatorrents.org.