В отделении дневного нахождения инвалидов собираются талантливые люди
Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў працуе на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з 1 снежня 2009 года. Сёння ў аддзяленне залічаны 21 чалавек. Праўда, не ўсе яны кожны дзень могуць наведваць заняткі, што праходзяць у аддзяленні.Пастаяннымі наведвальнікамі з’яўляюцца каля дзесяці чалавек. Многія з іх вельмі актыўныя і ўвесь час знаходзяцца на віду, іншыя, наадварот, больш спакойныя і стараюцца быць непрыметнымі. Але для кожнага з іх загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько знаходзіць добрае слова.
Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько ўзначальвае толькі з пачатку года. Але і гэтага хапіла, каб зразумець, што тут яна знайшла сябе. За час працы ў аддзеле культуры, а потым у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі яна пастаянна знаходзілася на віду, супрацоўнічала з дарослымі і з дзецьмі – у асноўным, канешне, здаровымі. Тут жа давялося сутыкнуцца з хворымі падлеткамі і дарослымі людзьмі, з якімі, тым не менш, яна хутка знайшла агульную мову.
– Свой выбар я зрабіла тады, калі вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць спецыялістам па сацыяльнай рабоце. І мэтанакіравана ішла да гэтага. Пераход на новае месца працы якраз супаў з атрыманнем дыплома Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, – расказвае Святлана Куцько. – Мне вельмі падабаецца тое, чым я цяпер займаюся. Кожны дзень я з нецярпеннем чакаю сустрэчы з маімі такімі непаўторнымі і незвычайнымі юнакамі і дзяўчатамі.
Аддзяленне могуць наведваць інваліды ва ўзросце ад 18 да 31 года, але сёння на базе аддзялення абслугоўваюцца і больш сталыя людзі. Словам, сюды прыходзяць тыя, хто зацікаўлены ў тым, каб чаму-небудзь навучыцца і даведацца пра нешта новае.
У аддзяленні, акрамя яго загадчыцы, працуюць яшчэ два чалавекі: спецыяліст па сацыяльнай рабоце Рэната Уладзіміраўна Янульчык і кіраўнік па гуртковай рабоце Таццяна Фёдараўна Ваховіч.
Сёння юнакі і дзяўчаты могуць наведваць заняткі гуртка “Фантазія”, каб развіваць свае творчыя здольнасці. Дыяпазон заняткаў даволі шырокі: засвойванне як новых форм дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: квілінгу, дэкупажу, мылаварэння – так і ўжо вядомых і пашыраных: вязанне, вышыванне, маляванне, пашыў лялек і цацак, бісерапляценне і шэраг іншых. А пра тое, што тут сабраліся творчыя і таленавітыя юнакі і дзяўчаты, сведчыць вялікая колькасць работ, якімі застаўлены паліцы і завешаны сцены ў пакоі, дзе займаюцца рабяты.
Кожны з наведвальнікаў аддзялення вызначаецца нечым асаблівым. Да прыкладу, Дзіма Віннічак вельмі любіць спяваць і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх сцэнках, якія ставяцца ў аддзяленні. А яшчэ ён захапляецца бісерапляценнем. І сёння многія дзяўчаты, якія таксама ходзяць на заняткі, з задавальненнем носяць пацеркі і бранзалеты, зробленыя Дзімам.
Міша Падарэцкі жыве ў Слабодцы, але стараецца кожны дзень прыехаць у Астравец, каб сустрэцца са сваімі педагогамі і сябрамі. Яго цікавіць многае, і ён з задавальненнем спасцігае ўсё, чаму вучаць у аддзяленні тэрытарыяльнага цэнтра. Міша – самы малодшы выхаванец аддзялення, але і самы актыўны.
З задавальненнем наведваюць аддзяленне дзяўчаты – Насця Курыла і Вольга Віткоўская.
Насця – акуратная і пазітыўная дзяўчына. Яна як сонейка, якое сваёй дабрынёй саграе ўсіх, хто знаходзіцца побач з ёю.
Вользе асабліва падабаюцца заняткі гуртка “Кухар”, дзе юнакоў і дзяўчат вучаць гатаваць ежу. Гэта стала магчымым дзякуючы спонсарам – раённаму аддзяленню фонда міру, якое ў нашым раёне ўзначальвае Альдона Станіславаўна Сухадольская, і сельгаспрадпрыемству “Варняны” (старшыня Юрый Аляксандравіч Адула). Фонд міру падарыў аддзяленню кухонны гарнітур, а праўленне СВК “Варняны” штомесяц выдзяляе па 300 тысяч рублёў, на якія рабяты закупляюць у магазіне сельгаспрадпрыемства неабходныя прадукты. Для калгаса – грошы невялікія, а рабятам – радасць і карысць. Было б добра, каб пра такую дабрачыннасць падумалі і астатнія арганізацыі!
З задавальненнем на святы і мерапрыемствы, якія арганізоўвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, прыходзяць і прыязджаюць Вольга Рукойць і Віталій Дамуць, Аляксей Гайдуль і Наталля Кавалеўская, Анжэла Сучко, Сяргей Тэйка і Павел Боўша. Астатніх людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія таксама знаходзяцца на ўліку ў аддзяленні, Святлана Казіміраўна наведвае дома, расказвае ім пра справы, праводзіць заняткі…
– Амаль усе яны – інваліды з дзяцінства. Але калі сустракаешся з імі, гутарыш, гэтага не заўважаеш, – расказвае Святлана Казіміраўна. – Яны актыўныя і вясёлыя, яны хочуць развівацца,падарожнічаць , быць звычайнымі людзьмі. У многіх гэта атрымліваецца. І наша асноўная задача – зрабіць так, каб яны не закрываліся ў чатырох сценах.
Для гэтага ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў робіцца многае. Акрамя таго, што рабяты могуць наведваць гурткі і мерапрыемствы, пастаянна арганізоўваюцца экскурсіі і паходы. Вось і падчас майго візіту ў аддзяленне дзённага знаходжання рабяты з педагогамі дамаўляліся наконт паходу на Янаўскае вадасховішча і экскурсіі ў дэльфінарый і на Лінію Сталіна.
А потым пачаліся заняткі працоўнай майстэрні “Мылавар”, калі рабяты рабілі бомбачкі для ваннай. У планах – стварэнне свечак сваімі рукамі і гіпсавых статуэтак.
У вольны час юнакі і дзяўчаты могуць таксама наведваць заняткі камп’ютарнай граматнасці і вакальна-танцавальны гурток “Кватра”.
Падчас правядзення гуртка “Скарбонка ведаў” рабяты вучацца весці сябе ў грамадстве, а заняткі ў Вольгі Клімчэні і Аксаны Свірскай дапамагаюць рабятам разгрузіцца псіхалагічна.
Сёння выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў – актыўныя арганізатары і ўдзельнікі многіх дабрачынных і прафілактычных акцый у горадзе. Яны – валанцёры і разам са сваімі старэйшымі калегамі і валанцёрамі-школьнікамі не раз выходзілі на вуліцы Астраўца і прапаноўвалі адмовіцца ад курэння ці адправіць паштоўку састарэлым людзям, дапамагчы дзецям-інвалідам і ахвярам СНІДу.
Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў з задавальненнем сустракаюцца са сваімі сябрамі з такіх жа аддзяленняў са Смаргоні і Ашмян, удзельнічаюць у конкурсах мастацкай самадзейнасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І з кожнай такой сустрэчы яны вяртаюцца не толькі з дыпломамі і памятнымі ўзнагародамі, але і з незабыўнымі ўражаннямі, якія дапамагаюць жыць, марыць і сябраваць, нягледзячы ні на што!
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
