В Островецкой больнице прошёл тренинг по обучению волонтёров

Са снежня мінулага года Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа рэалізуе праект, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам, па сістэме валанцёрскай дапамогі слабым катэгорыям насельніцтва ў Літве, Латвіі і Беларусі ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. Гэты праект накіраваны на рашэнне актульных праблем, задавальненне патрэб у сферы паслуг, догляду і аказанні сацыяльнай дапамогі састарэлым, інвалідам і ўсім слабым катэгорыям насельніцтва ў прыгранічным рэгіёне.

У красавіку на працягу двух дзён у Мінску на базе міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханеса Рау праходзіў трэнінг па валанцёрскай рабоце, удзел у якім прынялі рэгіянальныя каардынатары з трох суседніх краін. На трэнінгу прысутнічала і старшыня Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Руднік.
Адна з асноўных мэт трэнінгу – арганізацыя дарослых людзей у групы ўзаемадапамогі, якія базіруюцца на прынцыпах добраахвотнасці і актыўнасці. Падрыхтаваныя валанцёры будуць аказваць розныя віды дапамогі: індывідуальны догляд за хворымі, гаспадарча-бытавыя і сацыяльныя паслугі, дапамога маладым інвалідам і сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды.
Трэнінгу ў Мінску папярэднічаў семінар ў Вільнюсе, на якім супрацоўнікі Літоўскага Чырвонага Крыжа падзяліліся вопытам па пытаннях аказання псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі, сацыяльнай дапамогі састарэлым і інвалідам, а валанцёры прайшлі навучанне па асновах першай дапамогі.
Напачатку мая на базе Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы прайшоў трэнінг па навучанню валанцёраў асновам догляду падапечных, якія знаходзяцца дома.
Удзел у мерапрыемстве прынялі як валанцёры са стажам: удзельнікі валанцёрскага атраду Чырвонага Крыжа “Прамень”, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай бальніцы, маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і ўсе зацікаўленыя ў пытаннях аказання сацыяльнай дапамогі.
Занятак для ўдзельнікаў трэнінгу праводзіла міласэрная сястра Алена Гарбачэўская, якая пра пытанні аказання дапамогі ведае не толькі тэарэтычна – яна сама аказвае неабходныя паслугі ўсім, хто мае ў іх патрэбу. Дапамагала ёй каардынатар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Інэса Ларыёнава, якая пра бяду і догляд за хворымі таксама ведае не па чутках – пяць гадоў яна даглядала свайго паралізаванага мужа. Калі ў сям’ю прыходзіць гора, то для большасці людзей трагедыя заключаецца не столькі ў цяжкасцях догляду за хворым, колькі ў тым, што чалавек не ведае, як гэта зрабіць правільна. І, дапамагаючы блізкаму чалавеку – змяняючы яму бялізну, перасцілаючы пасцель, робячы гігіенічныя працэдуры, – здаровы чалавек можа “сарваць” спіну ці параніцца, ці нанесці хвораму шкоду. Менавіта для таго, каб пазбегнуць гэтага, і быў арганізаваны трэнінг.
Цэлы дзень удзельнікі мерапрыемства вучыліся асновам догляду за хворымі, якім патрэбна не толькі дапамога, важнымі з’яўляюцца стасункі з людзьмі, незалежнасць і інфекцыйная бяспека, таму ўвага на семінары ўдзялялася таксама псіхалагічным і сацыяльным аспектам догляду за цяжкімі хворымі.
У нашым раёне валанцёры Чырвонага Крыжа ўжо не першы год актыўна ўзаемадзейнічаюць з рознымі групамі насельніцтва, таму абмен вопытам паміж удзельнікамі трэнінгу стаў яшчэ адной цікавай часткай мерапрыемства.
Удзельнікі астравецкага трэнінгу не толькі пачэрпнулі цікавыя ідэі і набылі навыкі догляду за хворымі, але і распрацавалі паэтапны план навучання валанцёраў аказанню сацыяльнай дапамогі хворым.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара
.