В Островецком районном отделе внутренних дел подвели итоги работы добровольных дружин
1
У Астравецкім раённым аддзеле ўнутраных спраў адбылося пасяджэнне, на якім былі падведзены вынікі работы добраахвотных дружын за мінулы год, у якім прыняў удзел і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.Ахове грамадскага правапарадку ў Астраўцы надаецца вялікая ўвага. Аднак не ўсе ведаюць, што за спакой і бяспеку гараджан хвалююцца і адказваюць не толькі супрацоўнікі міліцыі, але і звычайныя грамадзяне, якія не могуць заставацца раўнадушнымі да агульных праблем, – члены добраахвотных дружын. Разам з міліцыянерамі яны патрулююць вуліцы горада, дапамагаюць затрымаць парушальнікаў, выязджаюць па розных маршрутах з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі.
Дзейнасць дружыннікаў не застаецца незаўважанай і адзначаецца на высокім узроўні мясцовымі ўладамі. І гэта падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Добрыя словы былі падмацаваны і ўзнагародамі – Падзячныя лісты старшыні райвыканкама атрымалі Сяргей Уладзіміравіч Чамерка з раёна электрычных сетак і Сяргей Станіслававіч Смольскі з ДЛГУ “Астравецкі лясгас”.
Падзякамі раённага аддзела ўнутраных спраў “За аказанне садзейнічання ў ахове грамадскага парадку” былі ўзнагароджаны камандзіры добраахвотных дружын – Эдуард Іосіфавіч Якубцэвіч (ДРБУ-159), Іван Іванавіч Чапукойць (ДЛГУ “Астравецкі лясгас”), Алег Эдвардавіч Безляповіч (Астравецкі раён газазабеспячэння) і Віктар Станіслававіч Карповіч (Гудагайскі сельвыканкам).
----------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
