В Островецком районе выбрали лучший кабинет психологической помощи
Першыя педагогі-псіхолагі з’явіліся ў школах больш чым дзесяць гадоў назад. Многім з іх даводзілася пачынаць “усляпую” – не хапала літаратуры, дыягнастычных матэрыялаў, вопыту і проста падтрымкі. Але цяпер мы выраслі, многаму навучыліся і многае ўмеем. У раёне працуе метадычнае аб’яднанне, дзе спецыялісты дзеляцца вопытам і праблемамі, сумесна шукаюць адказы на хвалюючыя іх пытанні.Аднак, якім бы прафесіяналам ні быў псіхолаг, але калі няма месца для яго спецыфічнай працы, то і вынік той работы будзе амаль не бачны ці ўвогуле ніякіх. Работа ў псіхолага спецыфічная – ён працуе з пачуццямі, эмоцыямі, адным словам – з душой чалавека. І толькі правільна арганізаваная работа, утульнасць у кабінеце, словы, якія гаворацца адзін на адзін без лішніх людзей, без шуму, які даносіцца з суседняга класса ці калідора, можа прывесці да прыняцця правільнага рашэння.
У сакавіку аддзел адукацыі правёў раённы этап абласнога агляду-конкурсу на лепшы кабінет псіхалагічнай дапамогі, які працуе ва ўстановах адукацыі. Ацэньваліся не толькі прадстаўленыя на конкурс прэзентацыйныя матэрыялы, але і ўменне псіхолага творча прадставіць членам журы сваё працоўнае месца.
Кожны пагодзіцца, што ў кабінеце псіхалагічнай дапамогі павінна быць камфортна не толькі педагогу, але і тым, хто прыходзіць сюды. Асяроддзе, у якое трапляюць дзеці і дарослыя, павінна настройваць на дыялог і даверлівыя стасункі. Мяккія крэслы са зручнымі спінкамі, кампазіцыі з пакаёвых раслін, колеравая гама, вытрыманая ў цёплых светлых танах, мяккія цацкі – усё гэта дапамагае раслабіцца і зняць эмацыянальнае напружанне. Такая ўтульнасць і забяспечыла першае месца кабінету псіхалагічнай дапамогі Варнянскага НПК, педагог-псіхолаг якога Вера Генадзьеўна Шпакоўская была ўзнагароджана дыпломам І ступені.
Пазіцыя “дзіця перш за ўсё!” вызначае акцэнты ў рабоце кабінета псіхалагічнай дапамогі СШ №1 Астраўца. Каб дапамагчы дзецям зразумець уласныя эмоцыі, эмацыйны стан іншых, авалодаць сродкамі эмацыянальнай самарэгуляцыі, тут створаны міні-куток настрою, ёсць “дыванок злосці”, “дрэва гневу”. І таму педагогу-псіхолагу СШ №1 Астраўца Вользе Станіславаўне Ляховіч за выкарыстанне новых ідэй у аснашчэнні, арганізацыі работы, праяўленне прафесійнай пазіцыі і арыгінальнасці ў афармленні кабінета аб’яўлена падзяка.
Кабінет псіхолага пры любым варыянце яго арганізацыі, незалежна ад памеру памяшкання і яго матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння, з’яўляецца “тварам” спецыяліста, які ў ім працуе. Хочацца пажадаць калегам-псіхолагам, якія яшчэ не паспелі ўкараніць свае ідэі ў жыццё, не саромецца, а адміністрацыям ўстаноў, дзе кабінет псіхолага патрабуе матэрыяльнай дапамогі, дапамагчы ім.
Наперадзе пераможцу раённага конкурсу чакае яшчэ абласны этап – хочацца пажадаць Веры Генадзьеўне Шпакоўскай новай перамогі!
---------------------------------
Юлія РАЖКО,
псіхолаг аддзела адукацыі.