В Островецком районе выбрали депутата в Молодёжный парламент
Напачатку кастрычніка ў маладзёжным цэнтры Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пры падтрымцы старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук прайшоў адзіны дзень галасавання ў Астравецкай выбарчай акрузе Гродзенскай вобласці.Здзіўлены? Нічога дзіўнага няма. На гэты раз “дэпутатаў” выбіралі школьнікі. Старшакласнікі гімназіі №1 і СШ №1 маглі аддаць голас толькі за аднаго кандытата з чатырох: Алег Андралойць і Ангеліна Пятровіч з гімназіі №1 і Маргарыта Шаўчэнка і Ігар Пясляк з СШ №1 вырашылі вылучыць свае кандыдатуры.
Напярэдадні кожны з кандыдатаў прадставіў сваю выбарчую праграму. Напрыклад, Ангеліна Пятровіч упэўнена, што будучыня Астраўца і ў цэлым Беларусі залежыць ад саміх людзей. У сваёй праграме дзяўчына вялікую ўвагу ўдзяліла праблемам здаровага ладу жыцця, развіццю турызму і спорту, валанцёрскаму руху і экалогіі.
Ангеліна прапаноўвала, каб дапамагчы моладзі вызначыцца з будучай прафесіяй, арганізоўваць экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі, а таксама сцвярджала, што школьнікі могуць дапамагчы дарослым у правядзенні экскурсій па раёне, у тым ліку і на замежнай мове. Маргарыта Шаўчэнка ўпэўнена, што неабходна стымуляваць школьнікаў, якія паказваюць добрыя вынікі ў вучобе, алімпіядах і конкурсах. А таксама прапаноўвала актывізаваць дзейнасць савета старшакласнікаў.
Ігар Пясляк у сваёй праграме асноўны ўхіл зрабіў на тое, каб не толькі настаўнікі, але і школьнікі імкнуліся змяніць школьнае жыццё, і разам рабілі яго больш цікавым і насычаным. А для гэтага неабходна даць вучням магчымасць удзельнічаць у кіраванні.
Алег Андралойць упэўнены, што сённяшняя моладзь – перспектыўная, талерантная і ініцыятыўная, і ад яе залежыць будучыня. Ён прапанаваў стварыць у раёне маладзёжную біржу працы, якая стане альтэрнатывай афіцыйнай службе занятасці і будзе дапамагаць школьнікам з падпрацоўкай у вольны для іх час, а таксама арганізоўваць маладзёжныя форумы, дыскусіі, спаборніцтвы.
– Напярэдадні выбараў у гарадскіх школах прайшлі інфармацыйныя гадзіны, на якіх вучняў пазнаёмілі з выбарчым заканадаўствам нашай краіны, – расказвае дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вераніка Малышка. – Таму на выбары старшакласнікі прыйшлі падрыхтаваныя: кожны быў знаёмы з праграмамі кандыдатаў, заставалася толькі аддаць свой голас за выбраную кандыдатуру.Выбары доўжыліся на працягу дня. Пасля быў праведзены падлік галасоў. Па выніках галасавання абсалютным пераможцам і, адпаведна, дэпутатам Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў стала дзесяцікласніца гімназіі №1 Ангеліна Пятровіч.
А нядаўна Ангеліна прыняла ўдзел у рабоце першай сесіі Маладзёжнага парламента другога склікання. Дзяўчына прадставіла праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Прычым у сесіі прымалі ўдзел не толькі новавыбраныя дэпутаты-школьнікі, але і дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў, прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама і ўпраўлення адукацыі, якія выслухоўвалі ініцыятывы і прапановы моладзі, а затым разам іх абмяркоўвалі.
Плануецца, што ў рамках работы Маладзёжнага парламента пройдзе шэраг цікавых мерапрыемстваў. Першае з іх – антынаркатычная акцыя “Місія – жыць!”, якая стартавала ў Гродзенскай вобласці.
