В Островецком районе выбирали самого лучшего классного руководителя
1
Напэўна, кожны педагог скажа, што быць класным кіраўніком – задача няпростая, адказная, а часам і зусім няўдзячная. А праз секунду з усмешкай дабавіць, што разам з тым гэта здорава, цікава і непараўнальна.Якім павінен быць сапраўдны класны? Безумоўна, самым “класным”. Менавіта пад такім дэвізам – “Наш класны – самы класны!” – у гімназіі №1 Астраўца прайшоў конкурс Класны кіраўнік года 2015”.
Спачатку прайшоў адборачны тур, па выніках якога журы выбрала пяць работ, аўтары якіх і сустрэліся ў фінале. Такім чынам, на званне лепшага класнага кіраўніка прэтэндавалі Яніна Іванаўна Куцько з Альхоўскай СШ, Аляксандр Яўгенавіч Кухарчык з Рытанскага НПК, Наталля Валянцінаўна Ярмак з Міхалішкаўскай СШ, Валянціна Іосіфаўна Місевіч з Варнянскага НПК і Святлана Станіславаўна Пілецкая з Гудагайскай СШ.
Як цікава і нестандартна расказаць пра сябе і сваю дзейнасць за некалькі адведзеных рэгламентам хвілін падчас самапрадстаўлення “Прывітанне, гэта я!”? Задача няпростая! Фантазія, творчасць і арыгінальнасць знайшлі сваё месца ў кожным з выступленняў. Канкурсанты жыва расказвалі пра сябе і сваю прафесію. А іх расповеды дапаўнялі змястоўныя мультымедыйныя прэзентацыі. Менавіта з самапрадстаўлення гледачы даведаліся, што Аляксандр Яўгенавіч Кухарчык захапляецца філатэліяй, рамонтам камп’ютараў, любіць спорт, збіраць грыбы і займацца сваёй сядзібай – нездарма ж сям’я Кухарчык стала пераможцам у конкурсе “Лепшае сельскае падвор’е 2011”.
Пра жвавую і няўрымслівую, шостую ў сям’і вясеннюю дзяўчынку Наталлю, якая, нягледзячы на перасцярогі і папярэджванні, упэўнена і мэтанакіравана ішла да сваёй мары – стаць настаўніцай, расказала сама Наталля Валянцінаўна Ярмак.Класны кіраўнік – гэта артыст, майстар слова і пераўвасаблення. І ад таго, наколькі адказна ён падыдзе да выканання сваёй ролі, знойдзе падыход да дзіцяці і данясе да сваёй публікі асновы і вартасці жыцця, залежыць не проста аўтарытэт яго як спецыяліста, а погляды і перакананні яго вучняў – у гэтым упэўнена Яніна Іванаўна Куцько.
Малады педагог Святлана Станіславаўна Пілецкая з дзяцінства хацела стаць настаўніцай. Мара збылася: зараз яна – не проста педагог, а класны кіраўнік прававога класа. І разам са сваімі вучнямі вучыцца дабрыні, справядлівасці, узаемадапамозе і сяброўству.
Свой шлях да настаўніцтва ўзгадала і Валянціна Іосіфаўна Місевіч. Першы ўрок, адказнасць перад цэлым класам і боязь падвесці, жаданне апраўдаць спадзяванні даверлівых і цікаўных вучняў… А яшчэ жанчына са шчырымі словамі падзякі ўспомніла свайго класнага кіраўніка, якая заўсёды дапамагала парадай і словам падтрымкі.
Калі ў першым конкурсе педагогі “трымалі ўдар” у адзіночку, то ў другім увагу журы штурмавалі арыгінальнасцю і крэатывам цэлыя каманды – на дапамогу сваім класным прыйшлі вучні. Такому выступленню поўнасцю адпавядала і назва конкурсу – “Разам дружная сям’я”.
Ці трэба казаць, што гледачоў чакалі цэлыя тэатралізаваныя прадстаўленні? Выступленне гудагайскіх курсантаў прававога класа вызначалася дысцыплінаванасцю, зладжанасцю і адказнасцю. Уменне выхаваць у юных курсантаў пачуццё патрыятызму, павагу да старэйшых і жаданне дапамагаць бліжнім – найлепшы паказчык работы іх класнага кіраўніка.
А вось Аляксандр Яўгенавіч Кухарчык у жартаўлівай форме перацягвання каната прадэманстраваў, як паступова заваёўваў аўтарытэт і павагу сваіх вучняў. А затым падзяліўся сваім рэцэптам выхавання…
Шчыра і пранікнёна, спалучаючы беларускія традыцыі і настаўніцкі вопыт, прадэманстравалі духоўную еднасць і ўзаемаразуменне Валянціна Іосіфаўна Місевіч і яе клас.
Сумесны нумар Наталлі Валянцінаўны Ярмак і яе вучняў у чарговы раз даказаў, што класны кіраўнік павінен быць “у тэме” захапленняў і прыярытэтаў сваіх падапечных і што для сапраўднага педагога няма нічога немагчымага. Настаўніца справілася з гэтым на “дзясятку” з плюсам. Вучні не проста расказалі пра класнага кіраўніка і іх сумесныя справы – валанцёрства, канферэнцыі, спартыўныя дасягненні, акцыі БРСМ і шмат чаго яшчэ, – а прачыталі ўсё гэта рэпам на беларускай мове. Годна сярод іх глядзелася і Наталля Валянцінаўна, якая выконвала рэп не горш за дзяцей.А вось у Альхоўку завітаў спецыяльны карэспандэнт газеты, каб знайсці героя будучага нарыса. А хто лепш за мясцовых бабулек ведае сваіх аднавяскоўцаў? Менавіта яны і расказалі пра сапраўдную настаўніцу Яніну Іванаўну Куцько, якая разам са сваім класам робіць шмат добрых спраў. Экалагічныя акцыі, прафілактыка шкодных звычак, арганізацыя разнапланавых мерапрыемстваў і канцэртаў – усюды паспяваюць настаўніца і яе выхаванцы. І не толькі вучні Яніне Іванаўне дапамагаюць, але і іх бацькі. Хочацца адзначыць артыстызм і арыгінальнасць альхоўскай каманды – усё выступленне суправаджалася цікавымі музычнымі нумарамі.
Думаецца, у той дзень школьнікі яшчэ раз упэўніліся, што іх класны кіраўнік – самы лепшы і самы класны. Аднак конкурс патрабуе вызначыць пераможцу. Так, трэцяе месца заняла Валянціна Іосіфаўна Місевіч, на другім апынулася Наталля Валянцінаўна Ярмак. Пераможцам конкурсу “Класны кіраўнік года 2015” стала Яніна Іванаўна Куцько. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы адзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
