В Островецком районе проводится благотворительная акция "Ёлка желаний"

6
Навагоднія святы – гэта час марыць, спадзявацца і верыць у тое, што нічога немагчымага ў гэтым свеце не існуе. Менавіта ў навагоднюю ноч павінны спраўджвацца самыя таемныя жаданні… Асабліва дзіцячыя.

Для таго, каб мары і жаданні дзетак, якія сустракаюць святы без бацькоў, сталі рэчаіснасцю, Астравецкае раённае аддзяленне “Беларускі дзіцячы фонд” сумесна з раённай арганізацыяй “Беларускі саюз жанчын” і рэдакцыяй газеты “Астравецкая праўда” праводзіць дабрачынную акцыю “Ёлка жаданняў”. Прыняць удзел у ёй можа кожны жадаючы.
Выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку Астравецкага раёна па збегу абставін вымушаны сустракаць святы ў казённых сценах. Але яны таксама мараць і таксама чакаюць, што Дзядуля Мароз пачуе іх просьбы і прачытае іх ліставанні.
Не ведаю, як астатнім, а мне ў дзяцінстве вельмі хацелася стаць Снягуркай, апранутай у блакітна-белую, быццам першы снег, шубку, мець доўгую залатую касу і разам з Дзядулем Марозам развозіць дзеткам у розныя куточкі зямнога шару падарункі. Я захаплялася Студзенем і Сакавіком з казкі Самуіла Маршака “Дванаццаць месяцаў”, якія разам са сваімі братамі дапамагалі дзяўчынцы-сіраце.
Няўжо гэтая казка не можа матэрыялізавацца ў нашых рэаліях? Вядома, ніводзін чалавек не можа кіраваць прыродай і зрабіць так, каб пасярод зімы з’явіліся падснежнікі. Але мы можам стаць добрым Дзедам Марозам, Снягуркай або адным з дванаццаці месяцаў – і зрабіць маленькага чалавека хоць на адно імгненне шчаслівым.
І для гэтага многа не трэба. Можна паўдзельнічаць у акцыі “Ёлка жаданняў” – набыць цацку або ахвяраваць грошы на падарункі для дзяцей з прытулку.
Дзіцячы сацыяльны прытулак зараз з’яўляецца домам для 4 дзяўчынак і 11 хлопчыкаў. Пад адным дахам сабраліся пятнаццаць дзетак, розных па ўзросту і характару, і ў кожнага з іх сваё жаданне. А менавіта дзякуючы дабрачыннай акцыі “Ёлка жаданняў” тут з’явілася традыцыя: за некалькі тыдняў да Новага года дзеці пішуць пісьмы Дзеду Марозу. Вядома, ёсць і тыя, хто адмаўляецца звяртацца да белабародага чараўніка. Аднак упрыгожваюць ёлку ў прытулку ўсе дзеткі разам! Пры гэтым кожны выхаванец павінен выканаць адно правіла: перш чым павесіць на зялёную калючую галінку свой шарык, трэба ўголас прамовіць жаданне – і яно абавязкова збудзецца.
Верыцца, што ўсе жаданні гэтых дзяўчынак і хлопчыкаў абавязкова збудуцца дзякуючы тым дарослым, якія не перасталі яшчэ верыць у казкі.


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.




Алеся Білега






Анастасія і Алеся Білега, 13 і 5 гадоў (пісала Насця):
“Дзядуля Мароз, піша табе Насця. Зараз я жыву ў прытулку разам з малодшай сястрой Алесяй. Для сябе я хачу папрасіць вышывальны набор і анкету для дзяўчынак, а для Алеські – ляльку, якая ўмее і танцаваць, і спяваць, і вершы чытаць. Хоць сястрычка цябе ніводнага разу ў жыцці не бачыла, але ўсёй душой верыць у тваё існаванне”.

Вялікай машынай “жыве” трохгадовы Мацвей Штура – нават сябрам у садку хлопчык ужо расказаў пра сваю мару.







Ангеліна Вайцяховіч (12 гадоў) таксама марыць пра набор для вышывання, анкету для дзяўчынак і, як сапраўдная лэдзі, набор касметыкі. Дзяўчынка верыць, што, пакуль яе равесніцы крадком бяруць памады ў мамаў, дзякуючы Дзеду Марозу ў яе з’явяцца свая памада, туш і духі.
А сямігадовы брацік Ангеліны Ярык Вайцяховіч марыць пра канструктар і машынку на пульце.






Дзіма Шэйбак, 8 гадоў:
“Дарагі Дзядуля Мароз! Мяне завуць Дзіма. Зараз я жыву ў прытулку. Я вельмі люблю чытаць і нядрэнна вучуся ў школе. Я ведаю, што на працягу года паводзіў сябе не лепшым чынам. Аднак веру, што і я атрымаю ад цябе падарунак. Вельмі хачу мець кнігу “Волшебник изумрудного города” і лятаючы шар.


Сямнаццацігадовы Артур Шафран лічыць, што лепшым падарункам для яго могуць стаць зімовыя чаравікі 40-га памеру або скураны рэмень.





Аліна і Мікіта Андрыеўскія пасля дзіцячага садка вяртаюцца ў прытулак. Хлопчык хоча знайсці пад ёлкай вялікі самалёт з аўтаматычным кіраваннем і салдаціка. Напэўна, малыш марыць быць такім жа моцным, смелым і дужым, як алавяны салдацік, каб ноччу, калі ў цемры дзіцячае ўяўленне малюе страшныя карціны з кожнага шоргату і гуку, абараняць старэйшую сястрычку.
Хоць дзяўчынка не з баязлівых, але, як любая прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва, у першую чаргу хоча быць прыгожай. Справіцца з гэтай задачай, лічыць Аліна, ёй дапамогуць ружовыя акуляры. А яшчэ яна марыць пра вялікага, у свой рост, мяккага зайца, – такога ж, як у кабінеце псіхолага, але свайго, не агульнага. Брат і сястра вераць, што Дзед Мароз абавязкова прынясе падарункі яшчэ і таму, што напярэдадні Каляд з розніцай у адзін дзень малышы сустракаюць свой чацвёрты і шосты дзень нараджэння.






Вадзім і Уладзіслаў Смалякі, 6 і 12 гадоў:
“Мяне завуць Вадзім. Дзядуля Мароз, я хаджу ў 1 клас, пагэтаму яшчэ не ўмею добра пісаць. Мне вельмі хочацца, каб ты мне падарыў вялікага карычневага мішку, які ўмее спяваць, і гоначную машынку.
Уладзік не захацеў табе пісаць, таму што ўжо вялікі. Але я ведаю, што ён вельмі хоча атрымаць мабільны тэлефон, а таксама яму патрэбна падзараднае ўстройства для ноўтбука.”


Дзмітрый Емяльянаў і Даша Грымус ходзяць у адзін клас і сядзяць за адной партай. Дзяўчына і хлопец, ім зараз па 13 гадоў, сябравалі яшчэ да прытулку. Далікатная і чуллівая Даша, першая памочніца выхавальнікаў у стварэнні насценных газет і плакатаў, вельмі прыгожа малюе. Для развіцця мастацкіх здольнасцяў ёй не хапае мальберта і набора для малявання. А непаседлівы Дзіма-стыляга хоча стаць уладальнікам белых красовак 39 памеру вышэй костачак – канверсаў, як яны гучаць на маладзёжным слэнгу.













Аляксей і Ігар Шчучка, 8 і 6 гадоў (пісаў Лёша):
“Дзядуля Мароз! Я разам з брацікамі ўжо даўно знаходжуся ў прытулку, пагэтаму мы, можна сказаць, з’яўляемся тут доўгажыхарамі.
Нам вельмі хочацца жыць дома… А яшчэ я вельмі хачу МРЗ-плэер, а мой брацік марыць пра машынку на пульце і веласіпед”.


А для дзіцячага сацыяльнага прытулку вельмі патрэбна машынка для стрыжкі валасоў.

Калі вы хочаце падарыць хлопчыкам і дзяўчынкам сапраўднае свята, то прыносьце цацкі і пасільныя для вас ахвяраванні ў раённае аддзяленне “Беларускі дзіцячы фонд”, які знаходзіцца па адрасе: г. Астравец, вул. Піянерская, 7 “А”, тэл. 21-2-55 (старшыня раённага аддзялення – Вольга Анатольеўна Альфер), або ў рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда”, дзе размяшчаецца раённая арганізацыя “Беларускі саюз жанчын”.
Юрыдычныя асобы могуць пералічыць грашовую дапамогу на разліковы рахунак “Беларускага дзіцячага фонду”: 3015575032013 в Дирекции ОАО «Белинвестбанк» по Гродненской области, код 153001739, УНН фонда 500176223.