В Островецком районе провели кардиологическую акцию для детей
Падобнае мерапрыемства праводзіцца ў нашай краіне ў другі раз. Як сведчаць медыцынскія работнікі, вытокі многіх захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы дарослых ідуць менавіта з дзяцінства. Менавіта па гэтай прычыне праводзіць асветніцкую работу па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў неабходна са школьнага ўзросту.
У нашым раёне, па дадзеных прафілактычных медыцынскіх аглядаў, 7,6 працэнтаў дзяцей школьнага ўзросту і 4,5 працэнты выхаванцаў дашкольных устаноў маюць лішак масы цела, у 36 дзяцей выяўлены прыроджаныя парокі сэрца. З 870 дзяцей у 22 выяўлена вегетатыўная дысфункцыя, у 6 школьнікаў – артэрыяльная гіпертэнзія, у 10 – атлушчэнне.
– У апошнія гады ўзрастае колькасць дзяцей з вегетатыўнай дысфункцыяй і з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, – расказвае раённы ўрач-педыятр Галіна Мікалаеўна Зубель. – Усё гэта звязана з нерацыянальным харчаваннем, нізкім узроўнем фізічнай культуры ў сям'і, камп'ютарызацыяй і невыкананнем распарадку дня. Прычым часцей за ўсё павышэнне артэрыяльнага ціску адзначаецца ў дзяцей і падлеткаў, якія пакутуюць ад лішку масы цела і атлушчэння, якія з'яўляюцца фактарамі развіцця цукровага дыябету другога тыпу і ранніх формаў атэрасклярозу.
Раённы ўрач-педыятр Г.М. Зубель і падлеткавы ўрач-педыятр А.В. Хаменка адправіліся ва ўстановы адукацыі, каб расказаць школьнікам пра здаровы лад жыцця і тое, як пазбегнуць захворванняў сэрца.
Школьнікі з Гудагайскай сярэдняй школы і СШ №1 Астраўца прайшлі абследаванне на апараце «Аналізатар цела Таніта», які дазваляе вызначыць вагу, індэкс масы цела, агульнае ўтрыманне вады ў арганізме, утрыманне цялеснага тлушчу ў працэнтах і масу цела без тлушчу.
Спецыялісты памералі артэрыяльны ціск у школьнікаў і правялі практычныя заняткі з адпрацоўкай навыкаў па правядзенні сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Жадаючых рэанімаваць «Максіма» – менавіта такую назву носіць трэнажор для правядзення лёгачна-сардэчнай рэанімацыі – было шмат. Школьнікі з задавальненнем адпрацоўвалі веды, якія атрымалі падчас лекцыі і падчас заняткаў па асновах бяспекі жыццядзейнасці.
Алена ЯРАШЭВІЧ.

