В Островецком районе прошла исследовательская конференция среди дошкольников

Даследчая канферэнцыя сярод дашкольнікаў прайшла ў Астравецкім раёне. Яе ўдзельнікамі сталі выхаванцы старэйшых груп дзіцячых садкоў.

З кожным годам усё больш і ўсё часцей дзеці здзіўляюць нас сваімі мудрагелістымі пытаннямі і гэткімі ж незвычайнымі адказамі, якія яны часам даюць на свае ж пытанні.
Таму цікава было паглядзець, якой даследчай дзейнасцю займаюцца дашкольнікі.
15 дзетак пры падтрымцы сваіх педагогаў і бацькоў – дашкольнікі яшчэ не ўмеюць пісаць – падалі заяўкі на раённы конкурс. А вось абаранялі свае работы самі маленькія навукоўцы, прычым рабілі гэта з веданнем справы.
Было вырашана не везці юных “чамучкаў” у Астравец – члены журы самі паехалі да іх у госці.
Аказалася, што дзеці – прыроджаныя даследчыкі, і падчас конкурсу яны гэта яскрава прадэманстравалі.
Зразумела, што асновай большасці даследаванняў дашкольнікаў сталі з’явы прыроды, падзеі, сюжэты з казак, якія нечым іх зацікавілі. Дзеці з задавальненнем расказвалі пра свае адкрыцці, ставілі пытанні, прапаноўвалі гіпотэзы і самастойна іх вырашалі.
У выніку Дыпломамі І ступені былі ўзнагароджаны Віка Дэнюш з Рытанскага НПК за работу “Назіранне за паводзінамі залатой рыбкі ў штучным вадаёме” і Расціслаў Коўшык (яслі-сад №2 г. Астраўца), які даследаваў любімы напітак многіх дзяцей – кока-колу. Дыпломы ІІ ступені атрымалі Насця Лаўрэцкая (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1), якая расказала ўсю праўду пра “шыпучую” ваду, Ксенія Кусойць (Альхоўскі дзіцячы сад) расказала членам журы пра лялькі з бабулінага куфэрка і нават навучыла дарослых рабіць цацкі, з якімі гулялі нашы прабабулі, і Каця Іванцэвіч (Кямелішкаўскі НПК), якая сваё даследаванне правяла з дапамогай хатняга любімца – хамяка Шустрыка.
Радзівон Ігнатовіч з Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы расказваў пра экалогію, Эвеліна Навашынская і Ягор Карчэўскі з Варнянскага НПК падзяліліся вопытам размнажэння “шчупаковага хваста” – яны з веданнем справы адказвалі на пытанні і давалі парады дарослым. А Паліна Гудойць і Віця Валанцэвіч з Гервяцкага дзіцячага садка запрасілі дарослых у падарожжа па краіне Пластыліну – усе яны былі адзначаны Дыпломамі ІІІ ступені.
Астатнія канкурсанты – Саша Гамоля з Варонскага НПК, Фёдар Якубцэвіч, Вераніка Сакалоўская і Вераніка Раткевіч з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 атрымалі Падзячныя лісты.
Акрамя Дыпломаў, усе ўдзельнікі раённай канферэнцыі дашкольнікаў атрымалі падарункі. Спонсарамі выступілі індывідуальныя прадпрымальнікі Тамара Янчэўская, Таццяна Дзіканчук і Аляксей Багдзюн.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.