В Островецком районе подведены итоги олимпиады по школьным предметам
Напрыканцы месяца ў Астраўцы прайшлі раённыя алімпіяды па школьных прадметах, удзел у якіх прымалі вучні 3-8 класаў.– У школьным этапе гэтай алімпіяды ўдзельнічалі ажно 1422 вучні, 653 з іх сталі лепшымі ў сваіх школах – і былі ўзнагароджаны Дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступеняў. Пазмагацца за права стаць лепшымі на раённы этап прыехалі 270 вучняў – і 168 з іх атрымалі дыпломы пераможцаў, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч. – Прыемна, што з кожным годам жадаючых стаць удзельнікамі прадметных алімпіяд становіцца ўсё больш. Яшчэ больш задавальняе тое, што вучні дэманструюць добрыя веды і якасную падрыхтоўку.
Найбольшую колькасць балаў на алімпіядзе па англійскай мове набралі дзевяцікласніца СШ №1 Маргарыта Шаўчэнка, сямікласнік СШ №1 Дзмітрый Краўцоў і гімназісты-шасцікласнікі Паліна Вальчук, Юля Станкевіч і Даша Юцкевіч. Лепшыя веды па рускай мове паказалі шасцікласніцы гімназіі №1 Каця Ражко і СШ №1 Яна Урбановіч.
Высокія балы па хіміі набралі васьмікласнікі гімназіі №1 Ангеліна Пятровіч і Ілля Карповіч – гэтыя школьнікі выконвалі абласныя алімпіядныя заданні і паказалі трывалыя веды. На алімпіядзе па нямецкай мове найбольш балаў набрала гімназістка Вераніка Анімуцкая. Цудоўныя веды па гісторыі прадэманстравалі гімназісты Ангеліна Мажэйка і Ганна Мядэкша. Лепшымі на алімпіядзе па беларускай мове сталі пяцікласніца СШ №1 Паліна Вайцяковіч, шасцікласніцы Міхалішкаўскай школы Васіліса Сяргей і Гудагайскай школы Арына Лаўрэцкая.
Добрыя веды па школьных прадметах прадэманстравалі і “пачаткоўцы” – найбольшую колькасць балаў па рускай мове набралі гімназісты Уладзіслаў Тумко і Вера Сівец. Лепшымі на алімпіядзе па матэматыцы сталі вучні СШ №1 Саша Старцава і Расціслаў Гудойць (хлопчык усе заданні алімпіяды выканаў правільна – і набраў 100 балаў – рэкорд!). А гімназіст Мікіта Васільчык набраў найбольшую колькасць балаў па прадмеце “Чалавек і свет”.
Усе прызёры і пераможцы – а іх ажно 168 – будуць узнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі. А лепшыя з лепшых прымуць удзел у абласных прадметных спаборніцтвах, якія восенню адбудуцца ў Гродне.
------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.
Фота з сайта dagmol.ru.