В Островецком районе фиксируется IV класс пожарной опасности
Гарачыя дзянькі цвёрда прапісаліся на тэрыторыі нашай краіны: слупок тэрмометра, здаецца, расплавіўся на адзнацы вышэй за 30 градусаў. Па інфармацыі Рэспубліканскага гідраметэарагалічнага цэнтра, на выхадных гарачыня не спадзе. У сувязі з гэтым на большай частцы Гродзенскай вобласці, у тым ліку і ў Астравецкім раёне, фіксуецца IV клас пажарнай небяспекі. Як адзначыў галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса Аляксандр Пятровіч Шостак, калі гарачыня не спадзе, то ўпершыню за некалькі апошніх гадоў будзе класіфікаваны V клас пажарнай небяспекі (надзвычайнай гарымасці). З ляснымі пажарамі ў такіх умовах справіцца вельмі цяжка, таму што агонь перамяшчаецца вельмі хутка і паглынае ўсё на сваім шляху. Пагэтаму прафілактычныя меры з’яўляюцца самымі дзейснымі сродкамі ў папярэджванні лясных пажараў.
Спецыялістамі лесапажарнай службы пакуль зафіксавана толькі адна ўспышка ляснога ўзгарання на тэрыторыі нашага раёна.
– Па вопыту суседзяў (многія з нас добра памятаюць аб лясных пажарах у Расіі ў 2010 годзе) мы ведаем, што такой сітуацыі нельга дапускаць, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Пётр Зянонавіч Крупеньчык. – У сувязі з гэтым у нашым раёне прымаюцца ўсе неабходныя меры па ахове лясоў ад пажараў, асабліва ў выхадныя дні. Таксама максімальна ўзмоцнена патруляванне ляснога фонду не толькі на ўчастках лясных работ, але і ў месцах, якія наведвае насельніцтва.
Адным з новаўвядзенняў у барацьбе з пажарамі і забруджваннем лясных масіваў бытавым смеццем сталі партатыўныя відэакамеры, якія ўстаноўлены ў месцах з’яўлення несанкцыянаваных смеццевых звалак. Аб тым, што вядзецца відэаназіранне, насельніцтва папярэджваюць спецыяльна ўстаноўленыя знакі і табліцы. Варта адзначыць, што зроблены партатыўнай камерай відэазапіс з’яўляецца афіцыйным і законным доказам віны ў судзе. І такая практыка, калі парушальнікаў правілаў пажарнай бяспекі ў лесе “ловяць” з дапамогай відэакамер, распаўсюджваецца па тэрыторыі ўсёй краіны.
Спецыялісты лясной гаспадаркі заклікаюць усіх жыхароў і гасцей Астравеччыны часова абмежаваць наведванне лясоў і быць пільнымі ў лесе і на прылеглых да яго тэрыторыях, не разводзіць у спякотнае надвор’е вогнішчы і не выкідваць недакуркі праз вокны аўтамабіляў. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лесе можна атрымаць папярэджванне або штраф да 25 базавых велічынь. Калі такія парушэнні прывялі да знішчэння або пашкоджання ляснога фонду, давядзецца заплаціць не толькі штраф (ад 25 да 50 базавых велічынь), але і цалкам пакрыць нанесены ўрон, які ў большасці выпадкаў складае нават не мільёны, а мільярды рублёў.
----------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.