В Островецком лесхозе прошли соревнования вальщиков леса
У ДЛГУ «Астравецкі лясгас» прайшлі спаборніцтвы вальшчыкаў леса, дзе прадэманстравалі сваё майстэрства не толькі астравецкія прадстаўнікі лясной гаспадаркі, але і работнікі Смаргонскага і Навагрудскага лясгасаў.Яны дзейнічаюць у тандэме – чалавек і піла… Хвілінная падрыхтоўка, імгненны старт, бліскучы востразубы ланцужок упіваецца ў драўніну – і разлятаюцца пырскі апілак. Цікава, відовішчна і прафесійна ў ДЛГУ “Астравецкі лясгас” прайшлі спаборніцтвы вальшчыкаў леса.
Прадэманстраваць майстэрства распілоўкі і ўменне дасканала абыходзіцца з пілой сабраліся не толькі лепшыя вальшчыкі Астравеччыны, але і госці з іншых лясгасаў – Смаргонскага і Навагрудскага. Праўда, у спаборніцтвах яны ўдзельнічалі па-за конкурсам.
...Здавалася б, ну што тут цяжкага – дрэва спілаваць? Тым больш, што ўжо даўно на змену прадзедаўскай двухручнай піле прыйшлі хуткія і манеўраныя “Шцілі” і “Хускварны”.

Аднак так можа разважаць толькі дылетант. Як падрыхтаваць тэрыторыю вакол дрэва, правільна выбраць бяспечную траекторыю падзення, зрабіць усё як мага хутчэй і галоўнае – выканаць беспамылкова. Усё гэта можна было назіраць падчас першага конкурсу “Валка лесу”. Па відовішчнасці ён можа паспаборнічаць з тэатрам аднаго акцёра: вальшчык “кружыць” вакол дрэва з пілой, выбіраючы найбольш удалы ракурс, урэшце падае перад ім на калені і робіць падпілы, усхопліваецца і заходзіць з розных бакоў, пачынае пілаваць па-сур’ёзнаму. Праходзіць некалькі хвілін – і дрэва паслухмянна падае ў вызначаным накірунку. Брава!Найлепшы вынік у гэтым конкурсе прадэманстраваў прадстаўнік Падольскага лясніцтва Я.В. Малаховіч, другое месца заняў А.Л. Мазура з Варнянскай лясной гаспадаркі, а трэцяе – Ю.І. Часнойць з Міхалішкаўскага лясніцтва.
Калі валка дрэў адбывалася ў лесе, то для далейшых спаборніцтваў удзельнікі пе-рамясціліся на спецыяльна падрыхтаваную пляцоўку ў Рымдзюнах. Наперадзе кан-курсантаў чакалі іспыты па якаснай і хуткай абрэзцы галін. Тут першае месца заняў удзельнік з Варнянскага лясніцтва А.Ф. Байкоўскі, на другім – узгаданы Ю.І. Часнойць з Міхалішак, на трэцім месцы – А.Л. Мазура з Варнян.
А вось чарговы конкурс прапаноўваў прадэманстраваць веданне нязменнай напарніцы вальшчыкаў – востразубай пілы. Адкруціць патрэбныя гайкі, зняць ланцуг, зноў паставіць яго на месца і сабраць усё як было – адным словам, зрабіць “Мантаж ланцуга”. Хутчэй за ўсіх з гэтым заданнем справіўся М.К. Масевіч з Астравецкага лясніцтва, другое месца заняў варнянец А.Ф. Байкоўскі, на трэцім – Ю.І. Часнойць з Міхалішак.




Сапраўдны майстар-клас з дакладнасцю да сантыметра дэманстравалі лясгасаўцы падчас конкурса, які называўся “Дакладнае пілаванне”. Умовы задання простыя: як мага больш распілаваць бервяно, – але пры гэтым не зачапіць дошку, на якой яно ляжыць. І як няпроста было гэта выканаць – удзельнікі зноў падалі на калені і, здаецца, зліваліся з пілой у адно цэлае. А суддзі пасля замяралі недапілы, вугал распілоўкі – і выносілі свой прысуд. Самым дакладным і хуткім у выніку стаў С.В. Кавалеўскі са Спондаўскага лясніцтва, другое месца заняў М.К. Масевіч з Астравецкага лясніцтва, а трэцім стаў А.Ф. Байкоўскі з Варнянскага лясніцтва.Назіраць за апошнім конкурсам “Камбінаваны рэз”, дзе трэба было на вісу распілаваць два бервяны, таксама было адным задавальненнем. Віртуознасць пілавання, хуткасць рэакцыі, канцэнтрацыя раўнавагі, дакладнасць перастройвання – і тонкія кругляшы коцяцца па зямлі... Найлепшы вынік прадэманстраваў варнянец А.Ф. Байкоўскі, на другім месцы астраўчанін М.К. Масевіч, на трэцім – варнянец А.Л. Мазура.
Па выніках усіх спаборніцтваў першае месца сярод вальшчыкаў лесу заняў ляснік Варнянскага лясніцтва А.Ф. Байкоўскі, на другім – яго калега А.Л. Мазура, трэцім стаў вальшчык Міхалішкаўскага лясніцтва Ю.І. Часнойць.Што тычыцца агульнакаманднага заліку, то найлепшы вынік прадэманстраваў дуэт Варнянскага лясніцтва ў складзе ўжо названых А.Ф. Байкоўскага і А.Л. Мазура. Другое месца заняла каманда Спондаўскага лясніцтва, дзе выступалі С.В. Кавалеўскі і У.З. Салавей. А Міхалішкаўскае лясніцтва стала трэцім – яго гонар абаранялі Ю.І. Часнойць і П.Л. Іванцэвіч.
Усе пераможцы і прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны грашовымі прэміямі.
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
