В Островецком лесхозе подвели итоги конкурса на лучшую кормушку для птиц

лучшая кормушка конкурсНа працягу месяца працягваўся конкурс на лепшую кармушку, арганізатарамі якога выступіў Астравецкі лясгас сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму. За гэты час з розных навучальных устаноў паступіла 46 работ – індывідуальных і групавых.
На мінулым тыдні былі падведзены вынікі конкурсу, хоць кампетэнтнаму журы няпроста было вызначыцца з пераможцамі.

Кожная кармушка заслугоўвала ўвагі. Школьнікі і дашкаляты выкарыстоўвалі для стварэння іх не толькі прывычную драўніну і цэльныя кускі дрэва, але і пластыкавыя бутэлькі, непатрэбныя фламастары, лён, мох, цеста і нават… чаравікі і чайнікі з бабулінага серванта. Уражвала і аздабленне птушыных “сталоў”: распісаныя “пад гжэль”, аплеценыя лазой, упрыгожаныя пацеркамі бліскучых, бы толькі сарваных з дрэва, ягад, “парослыя” сапраўдным імхом…
Я, недасведчаны ў біялогіі птушак чалавек, напэўна, кожнаму другому аўтару аддала б перамогу. Чаго вартая кармушка, якая нагадвае чароўны пернікавы домік! Ці двухпавярховы птушыны “пентхаўз” з ганачкам і балконам.
лучшая кормушка конкурс1Аднак не ўсё так проста. Як патлумачылі спецыялісты, у першым выпадку дах з салёнага цеста будзе намакаць і можа стаць прычынай атручвання птушак, калі яны яго пакаштуюць. У другім выпадку, заяўленая работа не адпавядае тэме конкурсу і ўяўляе сабой не кармушку, а гняздоўе. Так я ўпэўнілася ў аб’ектыўнасці і прафесійнасці журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты Астравецкага лясгаса і аддзела адукацыі, спорту і турызму.
У выніку галасавання першае месца атрымала калектыўная работа вучняў 5-8 класаў, якія наведваюць гурток “Рымдзюнскія майстры”, Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання. Другое месца заняла кармушка Эміліі Мальдзіс з Палушскага садка, у тройцы прызёраў апынулася таксама работа вучня 8 “Б” класа СШ №1 г. Астравец Максіма Сініцы. Дарэчы, ад сям’і Сініца на конкурс паступіла ажно тры работы.
У намінацыі “Самая наведваемая кармушка” перамагла вучаніца 1 “А” класа Варнянскага НПК Аляксандра Гануліч, а прыз за арыгінальнасць атрымалі домік-чайнік са шматзначнай назвай “Пакуль усе дома” Вікі Абуховіч з ясляў-сада №1 г. Астравец і “чаравічак” Міланы Садоўскай з дзіцячага сада “Дубок”.
лучшая кормушка конкурс2За экалагічны падыход і выкарыстанне другасных рэсурсаў была адзначана зробленая з пластыкавых бутэлек сумесная работа вучняў 5 класа Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання. Заахвочвальныя прызы атрымаюць вучаніца 1 класа гімназіі №1 г.Астравец Ганна Бразевіч і Прохар Мальдзіс з ясляў-сада №1 г. Астравец.
У намінацыі “Самы юны ўдзельнік” вырашана было адзначыць кармушку вучня 2 класа Міхалішкаўскай СШ Яўгена Трафімчыка, якую хлопчык, хутчэй за ўсё, рабіў сам – а не бацькі.
Як адзначыў старшыня журы, галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса Віктар Георгіевіч Лях, пры выбары пераможцаў камісія звяртала ўвагу ў першую чаргу на веданне біялагічных асаблівасцей птушак пры канструяванні кармушкі і яе функцыянальнасць, і толькі потым – на ўпрыгожанне і дызайнерскае рашэнне.
Варта адзначыць, што ўсе пераможцы і намінанты атрымаюць грашовыя прэміі, а ўдзельнікі – памятныя дыпломы.

-----------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара.