В Островецком центре творчества начали работу новые кружки
У пачатку новага навучальнага года, акрамя асноўных школьных заняткаў, многія з рабят задумваюцца: чым бы яшчэ дадаткова заняцца, каб было і цікава, і карысна, і падабалася па-сапраўднаму? Каб дапамагчы школьнікам вызначыцца, а заадно весела і пазнавальна правесці час, традыцыйна ў пачатку верасня Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі правёў рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З 2 па 8 верасня супрацоўнікі ЦТДіМ праводзілі розныя мерапрыемствы, каб зацікавіць дзяцей і на справе прадэманстраваць ім, як працуюць гурткі.
Напрыклад, для вучняў пачатковых класаў гімназіі і СШ №1 была арганізавана экскурсія па цэнтру, дзе яны наведалі выставу малюнкаў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, пабывалі на групавых і індывідуальных кансультацыях педагогаў па розных накірунках дзейнасці і паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю.
А для рабят сярэдніх і старэйшых класаў спецыялісты ЦТДіМ правялі цікавыя рэкламныя акцыі пра гурткі цэнтра непасрэдна ў навучальных установах Астраўца.
І работа педагогаў не прайшла бясследна. Асабліва дзяцей зацікавілі новыя гурткі, якія адкрыліся ў гэтым годзе: “Настольны тэніс” на базе ФАКа “Старт” (В. Перка), “Фотаграфіка” (А. Захарыч), інтэлектуальныя гульні “Крэда” (А. Букель), “Танцавальны” (А. Власенка), “Мадэліраванне адзення” (Г. Лук’янава), “Пэчворк” (шыццё са шматкоў) (В. Віннічак), “Нон-стоп” (Н. Янкоўская), “Сольныя спевы” (Г. Кацуба) – і будуць дзейнічаць на базе ЦТДіМ.
Падчас тыдня дадатковай адукацыі таксама была арганізавана экскурсія ў раённы аддзел па надзвычайных справах, дзе кіраўнік гуртка “Юны выратавальнік-пажарны” А. Шыць не толькі расказаў пра дзейнасць гуртка, але і наглядна прадэманстраваў, наколькі важная прафесія выратавальніка.
Таксама ў цэнтры прайшоў тэматычны круглы стол “Выбар ёсць заўсёды”, арганізаваны для дзяцей, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаў-налетніх і якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным стано-вішчы. Галоўная мэта гэтага мерапрыемства – зацікавіць рабят і паказаць ім, што ёсць шмат карысных і добрых заняткаў – яны памогуць пазбегнуць няправільных учынкаў, якія ў далейшым могуць сапсаваць усё жыццё. Сустрэча аказалася прадуктыўнай – большая частка прысутных захацелі наведваць заняткі ў цэнтры.
Аднак не толькі прапагандай сваёй дзейнасці займаліся спецыялісты ЦТДіМ. 7 верасня для дзяцей і моладзі была арганізавана цікавая і пазнавальная экскурсія. Рабяты наведалі гісторыка-краязнаўчы музей у Смаргоні, а таксама сядзібу Агінскага і Крэўскі замак.
А яшчэ ў гэты ж дзень у танцавальнай зале “Галактыка” прайшла вясёлая раённая піянерская дыскатэка, дзе школьнікі маглі не толькі патанцаваць, але і прадэманстраваць свае навыкі ў камп’ютарных гульнях.
Такім чынам, рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў насычана і плённа. І гурткі ЦТДіМ знайшлі сваіх выхаванцаў.
Увогуле дзверы Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі заўсёды адчыненыя для жадаючых.
--------------------------
Наталля СЯНЮЦЬ,
дырэктар Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
