В Островце строят дом семейного типа
Для даведкі:Діцячы дом сямейнага тыпу – гэта сям’я, якая прыняла на выхаванне ад 5 да 10 дзяцей-сірот ці дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Абавязкі па выхаванні дзяцей на аснове дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей і працоўнага даговора выконваюць муж і жонка, якія становяцца для дзяцей бацькамі. Яны ж з’яўляюцца педагагічнымі работнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму: на дзіцячы дом сямейнага тыпу ўстанаўліваецца 1,5 штатныя адзінкі бацькоў-выхавацеляў, стаць якімі могуць дзеяздольныя грамадзяне ва ўзросце ад 25 гадоў і старэйшыя, якія маюць станоўчы вопыт выхавання дзяцей.
Іншымі словамі дзіцячы дом сямейнага тыпу – гэта вялікая шматдзетная сям’я, дзе дзеці могуць атрымаць любоў і ласку бацькоў і вучацца жыць, працаваць, дапамагаць адзін аднаму і сваім бацькам.
У апошні час у нашай краіне дамам сямейнага тыпу надаецца вялікая ўвага. Прынамсі, плануецца, што да канца бягучага года ў Гродзенскай вобласці адкрыецца яшчэ два такія дамы. Адзін з іх будуецца ў Гродне, а другі ўзводзіцца ў нашым раёне.Падрыхтоўчыя работы ў Астраўцы пачаліся яшчэ летам – тады была падабрана пляцоўка пад будаўніцтва, а праект будучага двухпавярховага дома для дзяцей і іх бацькоў прайшоў экспертызу.
А з пачаткам восені на будаўнічай пляцоўцы пачаліся будаўнічыя работы. Дарэчы, на ўзвядзенне дома сямейнага тыпу адведзена не так і шмат часу і, як абяцаюць будаўнікі будаўніча-мантажнага трэста №41 г. Смаргонь – менавіта гэтая арганізацыя адказвае за ўзвядзенне жылога дома для сям’і, якая выхоўвае дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, – аб’ект будзе здадзены ў тэрмін.
Дарэчы, гэта не першы ў нашым раёне аб’ект, які будуюць смаргонцы. У пачатку гэтага года ў першым мікрараёне нашага горада ў эксплуатацыю была здадзена гімназія №1, якую ўзводзіла гэтая ж арганізацыя, ды і многія дамы ў першым мікрараёне таксама плён працы рук смаргонскага трэста.
Сёння будаўнікі працуюць на новай пляцоўцы і добра спраўляюцца са сваёй работай.
Штодзень на працу ў Астравец прыязджаюць каля 40 работнікаў трэста. Ужо сёння на пляцоўцы ўзвышаецца так званая “каробка” – дом узведзены і ідуць работы па ўсталяванні даху. Адначасова будаўнікі праводзяць аддзелачныя работы: тынкуюць сцены ўнутры і звонку дома, а таксама ўстанаўліваюць агароджу.– Наша арганізацыя ўжо ўзводзіла падобныя сацыяльныя дамы – толькі ў Смаргоні, – расказвае брыгадзір тынкоўшчыкаў Галіна Аляксандраўна Ані-хоўская. – На маю думку, дзяржава робіць вельмі карысную справу.
У брыгадзе Галіны Аляксандраўны працуюць 12 рабочых – у асноўным жанчыны, хаця нельга сказаць, што работа тынкоўшчыкаў – простая. І тым не менш жанчыны не сумуюць.
– Зробім усё, як трэба, – спадзяёмся, што сям’і, якая будзе тут жыць, спадабаецца, – у адзін голас гавораць яны.
Заказчык будаўніцтва жылога дома для прыёмнай сям’і – Упраўленне капітальнага будаўніцтва Астравецкага раёна, і таму яго спецыяліст Іосіф Іосіфавіч Грамбоўскі прымае непасрэдны ўдзел у будаўнічым працэсе.
– Дом атрымаецца дабротным і прыгожым, – упэўнены ён. – Акрамя таго, на падворку размесціцца дзіцячая пляцоўка, тут будуць узведзены склеп і гаспадарчая пабудова. Словам, можна будзе жыць і радавацца.
Зацікаўлены ва ўсім, што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы, і аддзел адукацыі, спорту і турызму.– Сёння мы рыхтуем спецыфікацыю па мэблі, – расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч. – Дом сямейнага тыпу будзе абсталяваны ўсім неабходным для камфортнага жылля.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму праводзіць і конкурс сярод сем’яў-прэтэндэнтаў на пасады бацькоў-выхавацеляў. Пакуль што ўзначаліць сямейны дом жадаюць дзве сям’і. Пра адну з іх – сям’ю Сінкевічаў з Астраўца наша газета ўжо расказвала, другая сям’я – Валянціны Плеско, таксама добра вядома ў нашым горадзе. Гэтая жанчына, маючы сваё ўласнае дзіця, узяла на выхаванне яшчэ некалькі абяздоленых дзетак.
Як растлумачылі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму сем’і ўжо падрыхтавалі неабходныя дакументы – і ў бліжэйшы час яны будуць разгледжаны спецыяльна створанай для гэтага камісіяй.
А пакуль што на будаўнічай пляцоўцы ідуць работы, але хутка новы дом напоўніцца неабходнай мэбляй і шчаслівымі дзіцячымі галасамі, якіх аб’яднае дом і сям’я.
------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
